ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайАсноўныя бітвы, баі, ваенныя аперацыіКрэўская аперацыя
Крэўская аперацыя

Крэўская аперацыя

Апошняя буйная аперацыя Заходняга фронту – Крэўская – была арганізавана ў чэрвені 1917 г., ужо ў зусім іншых палітычных абставінах – пасля лютаўскага перавароту і падзення манархіі ўлада ў краіне перайшла да Часовага ўрада, войска была “дэмакратызавана” (у кожнай часці ствараўся камітэт, які мог адмяніць загад камандзіра). План гэтай аперацыі быў дакладнай калькай няздзейсненага наступлення лета 1916-га ў напрамку Ашмяны – Вільня. Асноўны ўдар пры гэтым павінна была наносіць 10-я армія. Аднак па меры палітызацыі арміі станавілася зразумела, што наступленне можа пацярпець няўдачу ўжо не па прычыне нязломнай абарончай лініі саперніка або недахопу цяжкіх снарадаў, а з-за стану ўласных войскаў.

Пра тое, што рабілася ў арміі, красамоўна ўспамінаў А.І. Дзянікін: “Глядзеў войскі ў страі. Бачыў часці, праўда, як выключэнне, якія захавалі амаль нармальны, дарэвалюцыйны выгляд як па знешніх формах, так і па ўнутраным ладзе – у корпусе суровага Доўбар-Мусніцкага, які непахісна адстойваў старую дысцыпліну; бачыў большасць часцей, якія хоць і захавалі падабенства ладу і некаторае паслухмянства, але ва ўнутраным жыцці сваім падобных да разварушанага мурашніку: пасля агляду, абыходзячы шэрагі і размаўляючы з салдатамі, я быў літаральна падаўлены новым для мяне настроем, што ахапіў іх, – бясконцымі скаргамі, падазронасцю, недаверам, крыўдамі на ўсіх і на ўсё: на асобнага начальніка і карпуснога камандзіра, на сачавіцу і на доўгае стаянне на фронце, на суседні полк і на Часовы ўрад, за яго непрымірымае стаўленне да немцаў. Бачыў, нарэшце, і такія сцэны, якіх не забуду да канца сваіх дзён... У адным з карпусоў загадаў паказаць мне горшую часць. Павезлі ў 703-ці Сурамскі полк. Мы пад’ехалі да велізарнага натоўпу бяззбройных людзей, якія стаялі, сядзелі, бадзяліся на паляне, за вёскай. Апранутыя ў рванае рыззё (адзенне было прададзена і прапіта), босыя, аброслыя, нячэсаныя, нямытыя, – яны, здавалася, дайшлі да апошняй ступені фізічнага агрубення”.

Наступленне Заходняга фронту пастаянна адкладвалася – на канец красавіка, затым на 15 чэрвеня, 22 чэрвеня, 3 ліпеня і, нарэшце, 9 ліпеня 1917 г. Да пачатку наступлення змяніўся склад сіл Заходняга фронту.

Каб зразумець, у якім становішчы рыхтавалася наступленне, дастаткова згадаць, што 8 чэрвеня з’езд франтавых камітэтаў выказаўся супраць правядзення аперацыі, 18 чэрвеня – за і 20 чэрвеня – зноў супраць. Адначасова сваё меркаванне выказвалі таксама іншыя камітэты, напрыклад, Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў (пастанавіў не наступаць), дывізіённыя (у 169-й дывізіі – пастанавіў лічыць наступленне здрадай рэвалюцыі) і да т.п. Праца па падрыхтоўцы аперацыі фактычна лягла на плечы афіцэраў, якія павінны былі адначасова займацца сваімі прамымі службовымі абавязкамі і літаральна ўпрошваць салдат ісці ў наступленне… Гэта былі будні расійскай рэвалюцыйнай арміі – “арміі свабоднай Расіі”, як любілі яе тады называць.

Для прарыву магутнай лініі абароны саперніка на ўчастку галоўнага ўдару была засяроджана велізарная колькасць артылерыі: 788 гармат, з якіх 356 буйнакаліберных. Найбольш насычаны артылерыяй быў 38-мы вайсковы корпус. Усе гарматы, за выключэннем 12-дзюймовых гаўбіц, мелі поўныя боекамплекты. Карэкціроўку стральбы павінны былі ажыццяўляць 15-ты, 35-ты корпусныя і 11-ты вайсковы паветраплавальны, Грэнадзёрскі, 1-шы Сібірскі і 34-ты корпусны авіяцыйныя атрады. Варта згадаць, што спецыяльныя часці расійскай арміі – артылерыя, авіяцыя, бронеатраднікі, інжынерныя войскі – былі значна менш закрануты рэвалюцыйным разлажэннем, чым пяхота, і таму ў іх поўнасцю можна было быць упэўненым.

Аперацыя пачалася магутнай артпадрыхтоўкай, якая доўжылася з 6 па 9 ліпеня 1917 г. Яе вынікі, без сумнення, былі самымі бліскучымі за ўсю гісторыю Заходняга фронту. Драцяныя загароды саперніка месцамі былі знішчаны поўнасцю, акопы 1-й, а часткова 2-й і 3-й ліній проста перасталі існаваць. Бліндажы і кулямётныя гнёзды былі разбураны; жалезабетонныя бункеры амаль не пацярпелі, але ўваходы ў іх былі шчыльна завалены абломкамі бярвёнаў і зямлёй. Але сама Крэўская аперацыя, якая ўклалася ў адзін дзень – 9 ліпеня, скончылася поўным правалам. З 14 расійскіх дывізій, якія рыхтаваліся да нападзення, пайшлі ў наступленне 7, з іх цалкам баяздольнымі аказаліся 4. Салдаты папросту не жадалі выконваць загады афіцэраў, масава сыходзілі ў тыл, ішлі на “самастрэлы” – што заўгодна, абы не ваяваць.

Ну а самае галоўнае – нельга не адзначыць той факт, што адна з мэт Крэўскай аперацыі была дасягнута. Маецца на ўвазе тое, што войскам 10-й арміі ўпершыню за ўсю гісторыю пазіцыйнай вайны на Заходнім фронце ўдалося часткова знішчыць і прарваць добра ўмацаваную паласу абароны саперніка ў раёне Крэва. З горкіх урокаў Нарачы і Баранавіч у рэшце рэшт былі зроблены правільныя высновы…

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты