ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайАсноўныя бітвы, баі, ваенныя аперацыіВіленская аперацыя. Свянцянскі прарыў
Віленская аперацыя. Свянцянскі прарыў

Віленская аперацыя. Свянцянскі прарыў

Віленская аперацыя 1915 года – абарончая аперацыя 10-й і 5-й армій расійскага Заходняга фронту, была праведзена 9 (22) жніўня – 19 верасня (2 кастрычніка) у раёне г. Вільня (Вільнюс).

Пасля ўзяцця 9 (22) жніўня крэпасці Коўна (Каўнас) 10-я германская армія (камандуючы генерал Г. Эйхгорн) наступала паміж рэкамі Вілія і Нёман, імкнучыся абысці Вільню з поўначы і акружыць сабраныя ў шчыльнай групоўцы на паўночным захадзе ад Вільні галоўныя сілы 10-й рускай арміі (камандуючы генерал Я.А. Радкевіч). Націск германскіх войскаў прымусіў расійскае камандаванне ўзмацніць гэты ўчастак фронту трыма карпусамі. Абараняючы Вільню, расійскія войскі ў сустрэчных баях, якія працягваліся да пачатку верасня, нанеслі саперніку вялікія страты. Паколькі нямецкія войскі не змаглі прарваць нашу абарону, германскае камандаванне, узмацніўшы сваю 10-ю армію рэзервамі, пачало 27 жніўня (8 верасня) наступленне на Свянцяны, у стык 5-й (камандуючы генерал П.А. Плеве) і 10-й армій. Гэтыя дзеянні атрымалі назву Свянцянскага прарыву. З поўначы і поўдня 10-ю германскую армію падтрымлівалі Нёманская і 8-я армія.

28 жніўня (9 верасня) германскім войскам удалося прарваць нашу абарону на поўнач ад Вількаміра. У прарыў было ўведзена 6 кавалерыйскіх дывізій, якія адкінулі нешматлікую расійскую конніцу і накіраваліся ў раён Вілейкі, Маладзечна.

1(14) верасня германскія войскі занялі Вілейку і падышлі да Маладзечна, перадавыя атрады дасягнулі чыгункі на усход ад Мінска. Аднак да гэтага часу націск германскай кавалерыі, пазбаўленай падтрымкі пяхоты і артылерыі, стаў слабейшым, і 2–3 (15–16) верасня яна была спынена часткамі зноў сфарміраванай 2-й рускай арміі.

У далейшым расійскія войскі ажыццявілі контрудар па групоўцы саперніка, якой удалося прарвацца, разграмілі германскую кавалерыю і адкінулі яе з раёна Маладзечна да возера Нарач. Да 19 верасня (2 кастрычніка) Свянцянскі прарыў быў лакалізаваны рускімі войскамі на лініі возера Дрысвяты – возера Нарач – Смаргонь.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты