Бауфал Уладзіслаў Францавіч
Уладзіслаў Францавіч Бауфал (1853–1914), генерал-маёр. Паходзіў з аднадворцаў Гродзенскай губерніі. Скончыў Пецярбургскае пяхотнае юнкерскае вучылішча.
Службу пачаў прапаршчыкам (1875) у 16-м стралковым батальёне. Удзельнік руска-турэцкай вайны (1877–1878), на якой вызначыўся пры абароне Шыпкінскага перавала. Паступова рос у чынах: падпаручнік (1877), паручнік (1878), штабс-капітан (1880), капітан (1888), падпалкоўнік (1894), палкоўнік (1898), генерал-маёр (1906).
У пачатку Першай сусветнай вайны Бауфал узначальваў 4-ю стралковую брыгаду і разам з ёю прыняў удзел у пачатковых бітвах. Брыгада зарэкамендавала сябе з найлепшага боку: станавілася наперадзе падчас наступлення, была “шчытом” свайго войска падчас абароны, атрымала ганаровае найменне "Жалезнай".
Пазней быў прызначаны камандуючым 3-й грэнадзёрскай дывізіяй (1914). З верасня 1914 г. па хваробе знаходзіўся ў рэзерве чыноў пры штабе Кіеўскай ваеннай акругі.
Пасмяротна яго заслугі былі адзначаны ўзвядзеннем у чын генерал-лейтэнанта (1915) і Георгіеўскай зброяй (1915).