Кайгародаў Міхаіл Нічыпаравіч
Міхаіл Нічыпаравіч Кайгародаў (1853–1918), генерал ад інфантэрыі, першы камендант Гродзенскай крэпасці (1915–1916). Паходзіў з полацкага ваеннага роду Кайгародавых.
Скончыў 2-ю ваенную гімназію, Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча (1970) і Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба.
Атрымаў пасаду каменданта Гродзенскай крэпасці (1913), пазней быў узведзены ў чын генерала ад інфантэрыі.
На пачатковым этапе Першай сусветнай вайны крэпасць у Гродне знаходзілася ў тыле, аднак ужо ў 1915 г. яе гарнізон прыняў удзел у баявых дзеяннях. 21 жніўня 1915 г., у ходзе Вялікага адступлення, рускія войскі пакінулі крэпасць. Аператыўнае аддзяленне генерал-кватэрмайстара пры галоўнакамандуючым войскамі Заходняга фронту пачало следства з нагоды пакідання крэпасці: справа называлася “Справа матэрыялаў па расследаванні абстаноўкі, пры якой былі пакінутыя Гарадзенскія ўмацаванні”. У ходзе следства Кайгародаў абвінавачваўся ў тым, што няправільна ацаніў сітуацыю і не ўзмацніў гарнізон 4-га форта крэпасці рэзервовымі часткамі, не надаў належнага значэння слабым, у артылерыйскім стаўленні, Рагачоўскім пазіцыям. У выніку Гродзенская крэпасць перайшла ў рукі праціўніка на суткі раней, чым трэба было, што адмоўна адбілася на агульнай аператыўнай абстаноўцы ўсяго Заходняга фронту.
Нават пасля таго, як у Гродзенскай крэпасці замацаваўся праціўнік, яшчэ каля года Міхаіл Кайгародаў лічыўся на пасадзе яе каменданта. Пазней ён быў пераведзены ў рэзерв пры штабе Мінскай ваеннай акругі (1916). М.Н. Кайгародаў сумесна з Я. Пражанцовым з’яўляецца аўтарам “Сборника тактических задач к Планам западного пограничного пространства”.
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:
ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені (1915);
ордэнам Белага Арла з мячамі (1915).
Преженцов, Я. Сборник тактических задач к Планам западного пограничного пространства (одобрены цирк. Главн. штаба 1884 г. № 204) со справочными сведениями и примерными решениями / Сост. Ген. штаба: полк. Я. Преженцов и подполк. М. Кайгородов. – 3-е изд. – СПб. : тип. Штаба войск Гвардии и Петерб. воен. окр., 1890 – 391 с.
Кніга ўяўляе сабой рэпрынтнае выданне 1890 г. (выдавецтва друкарні Штаба войскаў Гвардыі і Пецярбургскай ваеннай акругі). Нягледзячы на тое, што была праведзеная сур’ёзная праца па аднаўленні першапачатковай якасці выдання, на некаторых старонках могуць выявіцца невялікія агрэхі: памылкі, кляксы і г. д. Выдавецтва: “Книга по требованию”.