Кісялеўскі Мікалай Міхайлавіч
Мікалай Міхайлавіч Кісялеўскі (1866–1939), генерал, герой Першай сусветнай вайны, грамадскі дзеяч Белай эміграцыі. Нарадзіўся ў г. Гродна.
Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1883), Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча (1886), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба (1892).
Паступова рос у чынах: паручнік (1888), штабс-капітан (1892), капітан (1894), падпалкоўнік (1899), палкоўнік (1903), генерал-маёр (1908), генерал-маёр Світы (1909), генерал-лейтэнант (1915). Быў прыкамандзіраваны да Маскоўскага ваеннага вучылішча для выкладання ваенных навук (1898–1899). У снежні 1913 г. быў прызначаны камандзірам 1-й брыгады 2-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі, з якой уступіў у Першую сусветную вайну. Пасля камандаваў 3-й грэнадзёрскай дывізіяй (1914–1916), якая ўдзельнічала ў Баранавіцкай бітве. Пасля бітвы быў прызначаны камандзірам 9-га армейскага корпуса (1916–1917). Быў зняты з пасады і лічыўся ў рэзерве чыноў пры штабе Мінскай ваеннай акругі.
У 1928 г. М.М. Кісялеўскі пераехаў у Францыю. Быў арганізатарам і першым старшынёй аб’яднання лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палка, таксама з 1931 г. з’яўляўся старшынёй Камітэта дапамогі рускім беспрацоўным, ганаровым членам Таварыства рускіх грэнадзёраў, быў супрацоўнікам часопіса “Часовой”, заснаваў рукапісны часопіс “Измайловская старина”.
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:
ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені з мячамі (1914);
ордэнам Святой Ганны 1-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Белага Арла з мячамі (1915);
ордэнам Святога Георгія 4-й ступені (1915).
Часопіс "Часовой" (1929–1988) быў заснаваны ў Парыжы афіцэрамі-белаэмігрантамі – Васілём Васільевічам Арэхавым і Яўгенам Тарускім. “Часовой” можна назваць летапісам рускага войска ў эміграцыі, энцыклапедыяй ваеннай думкі за мяжой. Часопіс падзелены быў на наступныя аддзелы: ваенны, ваенна-марскі, палітычны, гістарычны, рубрыка пра Чырвоную армію. У часопісе асвятлялася жыццё рускіх ваенных ад генералаў і афіцэраў да радавых салдат, весці з “гарачых кропак”, дзе ў баях удзельнічалі атрады рускіх байцоў, артыкулы па гісторыі рускай арміі і г.д.