Лечыцкі Платон Аляксеевіч
Платон Аляксеевіч Лечыцкі (1856–1923), генерал. Нарадзіўся ў Гарадзенскай губерніі ў сям'і святара. Вучыўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі, але яго прызваннем аказалася армія.
Пасля заканчэння Варшаўскага юнкерскага вучылішча быў узведзены ў прапаршчыкі ў 39-ы рэзервовы кадравы батальён (1879).
У пачатку Першай сусветнай вайны Лечыцкі камандаваў групай войскаў, накіраванай на дапамогу 4-й арміі пасля яе няўдачы ў Красніка. Быў прызначаны камандуючым 9-й арміяй (1914), якая дзейнічала на правым флангу Паўднёва-Заходняга фронту. Камандаваў арміяй у Галіцыйскай бітве, Варшаўска-Івангародскай аперацыі, Брусілаўскім прарыве. Генерал стаў адным з паўнапраўных арганізатараў легендарнага Брусілаўскага прарыву.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пакінуў камандаванне арміяй, з 1917 г. у адстаўцы.
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:
Георгіеўскай зброяй з дыяментамі (1914);
ордэнам Святога Георгія 3-й ступені (1914);
ордэнам Белага Арла з мячамі (1915);
ордэнам Святога Аляксандра Неўскага з мячамі (1916).
Ордэн Святога Георгія 3-й ступені – гэта рэдкі ордэн, якім за гады вайны ганаравалі толькі 60 чалавек, Лечыцкі быў сёмы па ліку кавалер гэтай узнагароды. Георгіеўская зброя з дыяментамі прысуджалася толькі за самыя выбітныя перамогі, яна была ўручана толькі васьмі генералам, у тым ліку і Лечыцкаму.