Рагоза Аляксандр Францавіч
Аляксандр Францавіч Рагоза (1858–1919), генерал ад інфантэрыі, ваенны міністр Украінскай Дзяржавы. Нарадзіўся ў Віцебску.
Скончыў Полацкую ваенную гімназію (1874), Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча, Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба (1883).
Начальнік 19-й пяхотнай дывізіі (1909), з якой уступіў у вайну. Пазней Рагоза быў прызначаны камандзірам 25-га армейскага корпуса (1914), узведзены ў генералы ад інфантэрыі, генерал-лейтэнант (1914). На чале корпуса генерал вызначыўся падчас бітваў пры Вількалазе і Уржандове (1915), разграміўшы 4-е аўстра-венгерскае войска. Пасля цяжкага адступлення рускай арміі з Польшчы ў Беларусь увосень 1915 г. i стварэння Заходняга фронту са штабам у Мінску атрымаў прызначэнне на пасаду камандуючага 4-й арміяй, якая ўваходзіла ў склад гэтага фронту. Пад яго камандаваннем 4-я армія “намертва” зачапілася за Баранавічы, і фронт тут “закамянеў” на два гады. Адначасова ўзначальваў і войскі 2-й арміі (1916).
На войскі, якія знаходзіліся пад камандаваннем Рагозы, ускладалі галоўны ўдар у запланаваным Стаўкай наступленні 1916 г., яму была даручана складаная наступальная аперацыя ў раёне возера Нарач. Вынікам бітвы было вызваленне горада Паставы і тэрыторыі Беларусі, загінула 20 тысяч чалавек. У чэрвені 1916 г. узначальваў наступальную аперацыю ў раёне Баранавічаў, а ў лістападзе 1916 г. 4-я армія была пераведзена з Беларусі на Румынскі фронт, дзе ў снежні вяла цяжкія абарончыя баі на рацэ Рымнік.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі А.Ф. Рагоза быў адным з нямногіх старэйшых военачальнікаў рускай арміі, хто захаваў пасаду камандарма. На працягу сакавіка – красавіка 1917 г. ён часова камандаваў Румынскім фронтам, прычым нейкі час яму былі падпарадкаваны і саюзныя 1-я і 2-я румынскія арміі. У лістападзе 1917 г. адхілены ад камандавання арміяй Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам.
Ва ўрадзе Украінскай Дзяржавы П.П. Скарападскага займаў пасаду ваеннага міністра (30.04–13.12.1918).
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Белага Арла з мячамі (1915);
ордэнам Святога Георгія 4-й ступені (1915);
ордэнам Святога Аляксандра Неўскага з мячамі (1915).