Станкевіч Антон Уладзіміравіч
Антон Уладзіміравіч Станкевіч (1862–1919), расійскі і савецкі ваенны дзеяч, удзельнік Грамадзянскай вайны, генерал-маёр (1917). Ураджэнец маёнтка Губіна (Пастаўскі раён).
Скончыў Віленскае пяхотнае юнкерскае вучылішча (1880). Паступова рос у чынах: падпаручнік (1884), паручнік (1888), штабс-капітан (1896), капітан (1898), падпалкоўнік (1905 г.), палкоўнік (1910), генерал-маёр (1917).
Удзельнік Першай сусветнай вайны. Камандаваў 329-м пяхотным Бузулукскім палком (1914–1917). З 1917 г. камандуючы брыгадай 62-й пяхотнай дывізіі, пазней камандаваў дывізіяй.
Уступіў у Рабоча-сялянскую Чырвоную армію (1918). Падчас баёў пад Арлом быў схоплены белагвардзейцамі ў ходзе Арлоўска-Кромскай аперацыі (1919). Заставаўся верным Савецкай уладзе, адмовіўся перайсці на бок белагвардзейцаў і быў імі павешаны. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамам Чырвонага Сцяга. Па пастанове Рэўваенсавета РСФСР пасля разгрому дзянікінскіх войскаў пад Арлом (1919) яго цела было перавезена ў Маскву і з вайсковымі ўшанаваннямі пахавана на Чырвонай плошчы ў брацкай магіле ля Крамлёўскай сцяны.
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:
мячамі і бантам да ордэна Святога Уладзіміра 4-й ступені (1915);
ордэнам Святога Уладзіміра 3-й ступені з мячамі (1915);
Георгіеўскай зброяй (1915);
мячамі да ордэна Святой Ганны 2-й ступені (1916).