Вайцяхоўскі Сяргей Мікалаевіч
Сяргей Мікалаевіч Вайцяхоўскі (1883–1951), расійскі і чэхаславацкі военачальнік. Нарадзіўся ў Віцебску, з сям’і польска-літоўскай шляхты.
Удзельнік Першай сусветнай вайны, адзін з кіраўнікоў Белага руху ў Сібіры. Генерал-маёр рускай службы, генерал войска Чэхаславакіі. Скончыў Канстанцінаўскае артылерыйскае вучылішча (1904), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба (1912), авіяцыйную школу Імператарскага Маскоўскага таварыства паветраплавання (1913). На пачатку Першай сусветнай вайны – старшы ад’ютант штаба 69-й пяхотнай дывізіі на Паўднёва-Заходнім фронце, выконваў абавязкі начальніка штаба дывізіі (1914–1915), займаў пасаду начальніка штаба 126-й пяхотнай дывізіі на Румынскім фронце (1917), пазней атрымаў пасаду начальніка штаба 1-й Чэхаславацкай дывізіі ў складзе Рускага войска. Браў удзел у баявых дзеяннях у Карпатах і Дняпроўскай катлавіне.
Старшы воінскі начальнік чэхаславацкіх легіянераў у раёне Чалябінска, уваходзіў у склад Вайсковай калегіі часовага выканаўчага камітэта чэхаславацкіх войскаў у Расіі – органа, што кіраваў чэхаславацкімі ўзброенымі сіламі, якія выступілі супраць бальшавікоў.
У перыяд нарастання супярэчнасцей паміж камандаваннем чэхаславацкімі войскамі і Вярхоўным кіраўніком Аляксандрам Калчаком падтрымаў апошняга. У 1919 г. вярнуўся на рускую службу (у войскі А.В. Калчака) з чынам генерал-маёра, быў камандуючым 2-м Уфімскім корпусам, на чале якога браў удзел у вясновым наступленні белых 1919 г. у баях пад Уфой, Залатавустам і Чалябінскам.
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:ордэнам Святой Ганны 4-й ступені з надпісам “За адвагу” (1915);
ордэнам Святой Ганны 3-й ступені з мячамі і бантам (1915);
ордэнам Святога Станіслава 2-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Святой Ганны 2-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам (1916);
мячамі і бантам да ордэна Святога Станіслава 3-й ступені (1916).