ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыКузьма Чорны
Кузьма Чорны

Кузьма Чорны

Вялікая гісторыя рэдка калі песціла беларусаў як нацыю. У Першую сусветную вайну беларуская зямля зноў стала арэнай супрацьборства дзяржаў, нацый, імперыялістычных груповак. Зноў на поўны рост паўстала пытанне аб самім нацыянальным існаванні народа. Даследчыкі называюць лічбу ад двух да трох мільёнаў беларусаў-бежанцаў, змушаных ратавацца ад ваеннай навалы на Усходзе. Многія не вытрымалі цяжкай дарогі, загінулі, многія прыжыліся ў новых мясцінах і не вярнуліся на радзіму. Так бяднеў, бэсціўся, распадаўся, гінуў нацыянальны генафонд. Вядомая ў народзе Варшаўка стала шляхам усенароднага гора: уздоўж яе скрозь стаялі самаробныя схіленыя на ветры крыжы, горбіліся спехам насыпаныя магілкі. Адбываліся незваротныя працэсы, у выніку якіх, па назіраннях маладога семінарыста Раманоўскага, беларускі чалавек набываў “некаторыя рысы пакутніка-бежанца, які зносіў сваё нацыянальнае гора”. Сам Мікалай, разам з іншымі семінарыстамі, апынуўся ў Расіі: калі фронт наблізіўся да Нясвіжа, настаўніцкую семінарыю перавялі ў Вязьму. Трагічны вопыт народа, набыты ў гэтыя часіны, наклаў моцны адбітак на душу будучага празаіка, які ўжо тады рабіў першыя спробы выказацца на паперы, пра што сведчаць успаміны сяброў яго юнацтва. Нацыянальны характар, адносіны беларусаў да падзей, змест якіх глыбока і драматычна выявіўся пад час вайны, імперыялістычнай і грамадзянскай, Чорны пазней асэнсоўваў і адлюстроўваў у многіх сваіх эпічных творах: вельмі часта сюжэтнай завязкай дзеяння з’яўляецца менавіта гэты гістарычны перыяд.

Раман “Бацькаўшчына”, у якім пададзена карціна магутнага народнага шэсця беларусаў з мінулага ў будучыню – “ад прыгоннага ладу да бяскласавага грамадства”, быў напісаны К. Чорным у 1931 г. Але не менш, чым прыгон, беларусаў на працягу вякоў хвалявала пытанне аб уласнай бацькаўшчыне. Пошукі Радзімы – гэта пошукі сваёй зямлі. Чорны стварае эпічны малюнак, у цэнтры якога магутная постаць Лявона Гушкі, селяніна-волата, здольнага, як казачны герой, сошку вырваць з раллі і закінуць за куст лазняку, узняць цаліну, пракарміць, як у вершах Багушэвіча і Купалы, “цэлы свет”. У постаці героя спачатку прыкметныя трапятлівасць, якая выдае яго паднявольнае становішча, цярплівасць, выхаваная гістарычнымі акалічнасцямі, якія ў адносінах да гэтага чалавека цяжка назваць спрыяльнымі. Ён яшчэ і сам не верыць у свае вялікія магчымасці, шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то ў прыстава, ажно пакуль не пераконваецца, што кожны з іх дбае найперш пра свае ўласныя інтарэсы. Яго вера ў магчымасць нармальнага існавання ва ўмовах беззямелля пад уздзеяннем выпадковага і невыпадковага збегу абставін ператвараецца ў такой жа сілы расчараванне.

У пачатку 30-х гг. К. Чорны прыходзіць да гістарычна-канкрэтнага разумення новай рэчаіснасці. Яго ўвагу прыцягвае жыццё народа на вялікім адрэзку часу. У рамане “Бацькаўшчына” пісьменнік імкнуўся асэнсаваць і абагульніць змены ў жыцці грамадства, выкліканыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Падзеі, апісаныя ў творы, ахопліваюць некалькі дзясяткаў гадоў.

Галоўным героем рамана з’яўляецца селянін Леапольд Гушка – чалавек без зямлі і бацькаўшчыны. Адвечная беднасць і нястача не заглушылі ў ім пачуцця чалавечай годнасці. Чалавек сумленны і цярплівы, надзелены незвычайнай сілай волі, ён не палохаецца жыццёвых цяжкасцей, “стаіць на нагах моцна”. Герой твора марыць пра набыццё кавалка ўласнай зямлі, на якой ён быў бы гаспадаром. Леапольд, як і Міхал з “Новай зямлі”, верыць, што на сваёй зямлі ён стане незалежным і шчаслівым, зажыве па-людску. Рэвалюцыя быццам бы здзейсніла мару Гушкі. Ён атрымаў некалькі дзесяцін камяністай няўдобіцы, на якой працаваў як закляты. Але змяніўся час. І герой твора становіцца змагаром за новы лад, новую бацькаўшчыну. Ён аддае ў камуну набыты з неймавернай цяжкасцю надзел зямлі і гэтым самым нібыта вызваляецца ад пакутаў уласніцтва. Логіка развіцця характару Леапольда відавочна парушаецца. Гэтым учынкам герой твора як бы перакрэслівае сваю ранейшую жыццёвую праграму. На апошніх старонках твора, даволі публіцыстычных і схематычных, мы бачым Леапольда старшынёй пагранічнага калгаса, кіраўніком пасяджэння раённага з’езда саветаў. Тут адчуваецца ўступка аўтара ідэям таго часу, калі неабходна было паказаць, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці былы батрак ператвараецца ў дзяржаўнага дзеяча, як селянін вызваляецца ад сляпой наіўнай веры ў сваё вызваленне шляхам набыцця ўласнай зямлі.

Раман “Бацькаўшчына” К. Чорны бачыў у сістэме іншых сваіх буйных твораў пра гісторыю беларусаў у ХХ ст. Падзеі сучаснасці празаік асэнсоўваў на фоне Вялікага Часу, прагрэсу чалавецтва, якое на працягу стагоддзяў выпрабоўвала, сцвярджала і абвяргала мноства розных ідэй грамадскага ўладкавання.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты