Аповесць "Ціхая плынь"
У аповесці “Ціхая плынь” (1917–1930) грунтоўна раскрываецца тэма ўплыву Першай сусветнай вайны на розныя сферы жыцця беларускага этнасу. Кожная нацыянальная літаратура спалучае агульначалавечае з нацыянальным, непаўторнасць светаўспрымання асобнага народа паказваецца вачыма яго прадстаўнікоў. У аповесці М. Гарэцкага “Ціхая плынь” узнята адна з самых актуальных агульначалавечых праблем – праблема існавання чалавека на зямлі. Праз жыццё і развіццё галоўнага героя твора – хлопчыка Хомку – выяўлена праблема выжывання цэлага народа.
Калі прасачыць лёс галоўнага героя Хомкі, пакутны шлях якога пачаўся ў вясковай школе, дзе слабым і не вельмі дасціпным вучнем грэбаваў і настаўнік, і сялянскія дзеці, то як гэта не парадаксальна, выпадковая смерць у першы дзень на фронце пазбаўляе яго ад далейшага спасціжэння горычы жыцця. Крывавая бойня пачынае выконваць гуманістычную функцыю ў дачыненні да асуджанага з часу нараджэння летуценніка, чужога ў сваім асяродку. Сэнсам жыцця хлопчыка становяцца млявыя, але поўныя паэзіі і гармоніі трызненні пра найлепшыя, хаця і рэдкія, моманты кароткага самотнага жыцця. Стан сну пачынае ўспрымацца як своеасаблівы пратэст дзеючай асобы супраць жорсткасці свету. Адлюстраванне даваенных сноў Хомкі ў творы дазваляюць падрабязней пазнаёміцца з маленствам персанажа, яго думкамі і перажываннямі пра прыгожую, аднак недаступную кніжку, забітую бацькам кабылу, вясковае свята і г.д. Нечаканы надыход Першай сусветнай вайны змяняе сацыяльны статус Хомкі. Цяжкая работа на чужым двары, потым, па волі выпадку, што толькі падкрэслівае абсурднаць рэчаіснасці, у якой існуе персанаж, яго на два наборы раней памылкова накіроўваюць на вайсковую службу. Нацыянальнае ўспрыманне агульначалавечай праблемы адлюстравана праз веру ў прадвызначальнасць лёсу, немагчымасць што-небудзь змяніць у ім. Вайна з’явілася той самай мяжой, якая выявіла бездапаможнасць народа перад уладамі, калі ў войска забіралі нават малых дзяцей і нічога нельга было зрабіць.
У аповесці М. Гарэцкага “Ціхая плынь” агульначалавечыя праблемы жыцця і смерці, пераемнасці пакаленняў раскрываюцца праз выяўленне нацыянальнага светаўспрымання, на якое наклала значны адбітак сацыяльнае становішча беларускага народа (“безвыходнасць страшная і пакора лёсу апошняя”).