ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыМіхась Лынькоў
Міхась Лынькоў

Міхась Лынькоў

Аповесць “На чырвоных лядах” (1933) стала першым буйным творам М. Лынькова (часта яе даследчыкі вызначаюць як раман) і прысвечана падзеям, якія адбываюцца ў беларускай вёсцы напярэдадні і ў час Першай сусветнай вайны. Да гэтага часу прыкаваны жыццё і думкі герояў М. Лынькова.

Жанрава-стылявая будова аповесці – мазаічная. Кожны яе раздзел нібы асобная навела. Такая форма не дазваляе развіць дзеянне ў хуткіх тэмпах бягучага часу. Але гэта і не патрэбна пісьменніку, бо жыццё ў глухой правінцыі цячэ марудна і шмат у чым стыхійна. Тут літаратурная форма якраз адэкватная самой плыні жыцця. Затое ў кожным мазаічным раздзеле-малюнку – асобная, глыбока раскрытая падрабязная побытава-сацыяльная сітуацыя, непаўторныя, каларытныя характары местачковых людзей з іх жывой наддняпроўскай гаворкай (прататыпам адлюстраванага мястэчка стала добра знаёмае аўтару мястэчка Свержань).

У творы “На чырвоных лядах” Першая сусветная вайна істотна ўплывае на жыццё людзей невялікага мястэчка, што згубілася сярод лясоў на дняпроўскіх прасторах. Лынькоў акцэнтуе сацыяльную няроўнасць, якую вайна толькі ўзмацніла, заняпад сельскай гаспадаркі, што пазбавілася рабочай сілы, несправядлівасць з боку уладаў адносна салдацкіх сем’яў. Пастаянна пагаршалася становішча мірных жыхароў. Самым вострым пытаннем пад час вайны заставалася зямельнае пытанне, якое часта абмяркоўвалася ў лістах да сваякоў у тыле. Простым людзям вайна не патрэбна, але прычын вайны многія не разумеюць, таму некаторыя лічаць, што ва ўсім вінаваты салдаты праціўніка. Тыя, хто пабываў на вайне, перш за ўсё дэзерціры і інваліды, перакананы: “Не можа быць, каб усё ды па-старому засталося. Дужа ўжо жызня пайшла цяжкая, ні спакою табе, ні палёгкі. Тры гады на фронце вошай корміш, а сказаць, каб на дабро гэта пайшло – не скажаш. Дапякаюць цябе там, а тут матцы тваёй свет зводзяць, бацькоў тваіх у разор пускаюць. На ўсё йдзе звод. Калі й добра каму, дык хіба багацеям нашым”.

На першы погляд, усё ў гэтым творы з’яўляецца празрыста адкрытым, аднак такое ўяўленне падманлівае. Глыбокі падтэкст хаваюць мастацкія дэталі, дыялогі, пейзажы, партрэтныя характарыстыкі, і нават вялікая колькасць персанажаў (звыш 70) з’яўляецца досыць паказальным, вызначальным, якасна змястоўным мастацкім момантам. Персанажы прадстаўляюць амаль усе пласты і сацыяльна-класавыя катэгорыі сельскага насельніцтва тагачаснай Беларусі.

Аповесць, у якой адлюстраваны тылавы побыт у глыбі Беларусі, засталася няскончанай. Выйшла толькі яе першая частка “Ціхія сялібы”.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты