ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыМіхась Зарэцкі
Міхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер", "Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны раман "Крывічы".

Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору. Дзве згаданыя акалічнасці не маглі, безумоўна ж, не паўплываць на тэматыку і дух яго твораў.

Адным з самых цікавых твораў М. Зарэцкага з’яўляецца раман "Сцежкі-дарожкі". Раман пачаў друкавацца ў першым нумары часопіса "Полымя" за 1927 г. і стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця. Гэты твор закладваў плённыя традыцыі праўдзівага мастацкага асваення тэмы рэвалюцыі. Храналагічна ён ахоплівае Лютаўскую рэвалюцыю, грамадзянскую вайну і барацьбу з бандытызмам. Аўтарам рамана прынцыпова не прымалася ўстаноўка на прыхарошванне гістарычных падзей, на ідэалізацыю рабочага класа і спрошчаны, тэндэнцыйны паказ "варожага" лагера. Заслугай М. Зарэцкага было тое, што складаны працэс барацьбы і драматызм шляхоў, якімі ў рэвалюцыю ішла інтэлігенцыя, раскрыты па-мастацку пераканальна, праз лёс канкрэтных герояў – Васіля Лясніцкага, Нікадзіма Славіна, Халімы, Ніны, Матруніна.

У адлюстраванні падзей М. Зарэцкі ішоў ад непасрэдных уражанняў, ад асабіста ўбачанага і перажытага. Светапоглядная сталасць, памножаная на талент і вопыт папярэдняй працы над апавяданнямі, якраз і паспрыяла ўдаламу вырашэнню тэмы. Што ж датычыць ідэалагічных установак адносна таго, як трэба паказваць рэвалюцыйнае змаганне, рабочы клас і працоўнае сялянства і ў якіх суадносінах павінны знаходзіцца ў творы сцвярджальна-аптымістычны і крытычны пафас, – гэтыя ўстаноўкі ў 20-я гады яшчэ не мелі дырэктыўнага характару. Зарэцкі-мастак быў адносна свабодны ад згубных дагматычных прадпісанняў, ён яшчэ меў права выбару, што і адбілася дабратворна на вобразным увасабленні жыццёвых назіранняў.

Галоўную ўвагу чытача прыцягвае група выдуманых персанажаў – Васіль Лясніцкі, яго сябра Андрэй, анархіст Халіма, Андрэева сястра Ніна і панская дачка-прыгажуня Раіса. Многія з герояў твора моцна рамантызаваныя, вызначаюцца ўнутранай супярэчлівасцю. Свой твор М. Зарэцкі ствараў у той час, калі з’яўляўся шчырым прыхільнікам афіцыйнай ідэалогіі. І таму не дзіўна, што ў выніку сваіх пакутлівых пошукаў галоўны герой твора Васіль Лясніцкі прыходзіць да высновы пра неабходнасць падпарадкавання "дружнай грамадзе, вялікаму калектыву". Яшчэ больш заканамерным у рэчышчы тагачаснай афіцыйнай прапаганды выглядае аўтарскае вырашэнне ўзаемаадносін паміж Васілём і паненкай Раісай: аўтар усімі магчымымі сродкамі аддаляе іх збліжэнне (Раіса палае страсцю да ўласнага дзядзькі, і яна мае венерычную хваробу), каб абгрунтаваць тэзіс пра выраджэнне паноў як класа. Раман пабудаваны так, што ўсе сюжэтныя лініі завязваюцца вакол вобраза Лясніцкага, праз узаемадзеянне з іншымі героямі твора высвечваюцца розныя аспекты яго характару. Сваёй стылёвай адметнасцю, канфліктнасцю і дынамізмам дзеяння раман выгадна адрозніваецца ад многіх твораў тае эпохі. Амаль ва ўсіх творах яму ўдалося пазбегнуць заангажаванасці і палітыканства, праўдзіва адлюстраваць складаны і супярэчлівы твар часу.

З-за палітычных рэпрэсій М. Зарэцкі не змог завяршыць шэраг сваіх цікавых задумак. Сведчаннем таму з’яўляецца незавершаны раман "Крывічы", які меўся быць вытрыманы ў здаровым нацыянальным духу. Але творчым планам пісьменніка не суджана было збыцца…

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты