Пятрусь Броўка
У паэме “1914” адбываецца выспяванне рэвалюцыйнай свядомасці працоўнага селяніна, якога цар паслаў на вайну і які вярнуўся з вайны інвалідам. Прайшоўшы праз гора і пакуты, ён зразумеў, як яго жорстка ашукалі, і стаў заклятым ворагам царызму.
П. Броўка, які ў аўтабіяграфіі падкрэсліваў, што ў яго дзіцячай памяці моцна адбіліся вайна і перажыванні салдатак, за якіх ён пісаў пісьмы на фронт, у паэме “1914” пераканальна паказаў антычалавечую сутнасць сусветнай бойні, яе жахлівасць і несправядлівасць. Галоўны герой, селянін Сымон Перагуд, напачатку шчыра верыць цару, самаахвярна ваюе, даслужыўшыся да чына унтэр-афіцэра і шматлікіх медалёў і крыжоў. Застаўшыся без ног і рук, ён цешыць сябе ілюзіямі і марыць пра абяцаны яму ўласны хутар. Аднак сцэна вяртання Перагуда дадому паказвае трагізм яго лёсу: акрамя гучных слоў, герой не атрымлівае нічога:
Кругом валодала мана,
Яе дарогі былі просты –
Падаткі сыпаў старшыня,
Не ўспамінаючы геройства…
Ён аскабалкамі біў рук:
Далоў вайну!
Далоў цара!
(“1914”)