Якуб Колас
Пад час Першай сусветнай вайны ў 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту Якуб Колас разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, дзе быў мабілізаваны на вайсковую службу. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква, 1916 г.) служыў у запасным палку ў г. Пярмі. Летам 1917 г. у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але ў хуткім часе ў сувязі з хваробай атрымаў адпачынак і паехаў да сям’і ў горад Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). Як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў выкладчыкам, школьным інструктарам у г. Абаяні і яго наваколлі.
У вершах гэтага перыяду гучаць антываенныя матывы, трывога паэта за лёс Беларусі ў новых гістарычных акалічнасцях, якія склаліся ў выніку вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., і адначасова заклік да стваральнай працы на карысць роднага краю (зборнік вершаў “Водгулле”, выдадзены ў Мінску ў 1922 г.). У вершах 1914–1916 гг. (“Думкі салдата”, “Вецер”, “Ворагам”) паэт асуджаў імперыялістычную вайну, выкрываў яе захопніцкі характар, антынародную скіраванасць, праўдзіва адлюстроўваў селяніна, удзельніка вайны, яго псіхалогію.
Якуб Колас малюе карціны Першай сусветнай у рэалістычнай манеры, узнаўляючы ў лірычным маналогу “Думкі салдата” голас звычайнага салдата-селяніна, які імкнецца выкрыць вінаватых. Матыў пошуку тых, хто вінаваты ў народнай трагедыі, выразна гучыць у вершы “Ворагам”. Якуб Колас, як і Янка Купала, шырока ўжывае ў вершах пра Першую сусветную вайну (“Новаму 1915 году”, “Поле”) фальклорныя вобразы сяўбы, буры, жніва, пераасэнсоўваючы іх:
Замест снопікаў шчаслівых
Густа косці паляглі…
Замест зернятак – гранаты
Шчодра сеялі ў той год…
Вершы:
“Вецер”
“Ворагам”
“Думкі салдата”
“На рэчцы”
“Новаму году”
“Новаму 1915 году”
“Поле”
Сярод празаічных твораў 20-х гадоў апавяданні Я. Коласа вылучаліся рэалістычнай праўдзівасцю малюнкаў тагачаснага жыцця, гістарычнай вернасцю характарыстык мастацкіх вобразаў. Адным з такіх апавяданняў з’яўляецца “Крывавы вір” (1923), надрукаванае ў 7–8 нумарах часопіса “Полымя”. У аснову апавядання пакладзена трагічнае здарэнне з унукам пана Самбурскага – студэнтам Пецем Клачковым. Аўтар не проста пераказаў рэальнае здарэнне, а напісаў мастацкі твор, змяніўшы імёны галоўнага героя – студэнта і панскай служанкі.
Студэнт Харкаўскага ўніверсітэта, унук пані, што жыла на Куршчыне, Грыша Заплацінскі спачуваў рэвалюцыі і нават вёў сярод сялян адпаведную працу, а калі пачалася рэвалюцыя, то ў віры яе падзей не змог знайсці пэўнае месца.
Сяляне хацелі, каб паніч пайшоў разам з імі і на справе даказаў праўдзівасць ранейшых слоў аб рэвалюцыі, забралі яго ў свой чырвонагвардзейскі атрад, які адпраўляўся адбіваць наступленне нямецкіх войск.
Па дарозе Грыша адстаў з намерам хутчэй уцячы куды-небудзь ад крывавых падзей. Злоўлены раз’ездам чырвонагвардзейцаў і западозраны ў шпіянажы, ён просіць сялян пацвердзіць яго мясцовае паходжанне, а тыя рашуча адмаўляюцца прызнаць яго сваім. Старэйшы ў натоўпе дзед Патап катэгарычна заявіў: “Не, не наш! Наш з мужчынамі на немца пайшоў”. І колькі юнак ні прасіў старога не браць на душу грэх, сказаць праўду, той упарта сцвярджаў: “Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць”.
Калізія сапраўды надзвычай трагічная. Ад таго, што скажуць сяляне, залежала жыццё юнака. Дзед Патап не прызнаў яго сваім і тым самым асудзіў на смерць. Што гэта: сялянская чэрствасць ці сацыяльная помста? Не чэрствасць і не помста, а асуджэнне здрады. Усе мужчыны, здольныя трымаць у руках зброю, пайшлі абараняць Радзіму, свабоду, заваёвы рэвалюцыі, бо прыход немцаў да іх асацыіраваўся вяртаннем паноў і аднаўленнем ранейшых парадкаў. Здрада агульным інтарэсам заўсёды і ва ўсіх народаў рашуча асуджаецца незалежна ад таго, хто ў гэтым вінаваты. Супрацьпастаўленнем дзеда Патапа Грышу Заплацінскаму вырашаецца перш за ўсё маральная праблема. Калектыў асуджае асобу, што кінула яму выклік, здрадзіла яго жыццёвым інтарэсам.
У апавяданні “Крывавы вір” рэвалюцыя – гэта стыхія, яна выклікае буру пачуццяў, уносіць сумятню ў настрой, разводзіць у супрацьлеглыя бакі людзей, дзейнічае дэструктыўна. Калі для дзеда Патапа рэвалюцыя – акт справядлівасці, доўгачаканая адплата панству за ўсе мінулыя здзекі, то для пані – гэта смерць і жах, бо яна не адчувае асабістай віны за мінулае. У паніча, студэнта Грышкі, які наогул не мае ніякага дачынення да мінулых трагедый і нават хоча стаць чырвонаармейцам, у душы пакуль што толькі сумненне: “Гэта вайна, гэтая кроў – навошта ўсё гэта?”. Сам жа аўтар як гуманіст прытрымліваецца думкі, выказанай студэнтам Грышкам: “Ніхто не вінаваты і ўсе вінаваты”.
У 1926 г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму “На шляхах волі” пра цяжкія ўмовы існавання пад час Першай сусветнай вайны, іх уплыў на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 г. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гг., але так і не завяршыў.
У паэме Якуб Колас здолеў паказаць увесь драматызм вайны, яе знішчальны характар адносна мірнага насельніцтва, супярэчлівасць рэвалюцыйных падзей, адсутнасць такой з’явы, як сацыялістычная рэвалюцыя ў Беларусі, паколькі беларусы ўвесь час змагаліся супраць знешняй акупацыі, за ўласную дзяржаўную незалежнасць.
Драматычныя падзеі Першай сусветнай вайны, “салдацкую праўду” Якуб Колас адлюстраваў у п’есе “Вайна вайне” (1927–1931 гг., апошняя рэдакцыя 1938 г.).