ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыЗмітрок Бядуля
Змітрок Бядуля

Змітрок Бядуля

Віленскія гады пісьменніка (1912–1915) былі вельмі важнымі для станаўлення 3. Бядулі – інтэлігента, пісьменніка. У 1913 г. з Пецярбурга ў Вільню вярнуўся Янка Купала, адбылося іх асабістае знаёмства, якое перайшло ў зычлівае сяброўства. Яны разам працавалі ў газеце і бавілі вольны час. 3 1913 г. Янка Купала стаў рэдактарам “Нашай нівы”, а 3. Бядуля – сакратаром рэдакцыі.

У газеце друкаваліся апавяданні 3. Бядулі аб беспатольным горы селяніна-бедака, аб драматычным лёсе жыхароў беларускай вёскі, у тым ліку і дзяцей (“Без споведзі”, “Пяць лыжак заціркі”, “Малыя дрывасекі”, “Велікодныя яйкі”, “Тулягі”, “На каляды к сыну”). Змяшчаліся яго заклікавыя публіцыстычныя артыкулы ў абарону правоў беларускага народа, вершы, абразкі, імпрэсіі. Вялікай падзеяй для ўсіх інтэлігентаў-беларусаў стаў выхад кнігі 3. Бядулі “Абразкі” ў 1913 г.

У 1915 г. газета “Наша ніва” была закрыта, бо да Вільні набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны. 3. Бядуля спачатку вярнуўся да родных у Пасадзец, а потым пераехаў у Мінск. Тут у 1916 г. адбылася першая сустрэча і пачалося сяброўства 3. Бядулі з М. Багдановічам. Мінск таксама быў на ваенным становішчы.

У горадзе было многа бежанцаў з-пад Гародні, Ваўкавыска, Вільні. 3. Бядуля працаваў у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны, клапаціўся аб прытулку і харчах для бежанцаў. Вечарамі сталовая Камітэта ператваралася ў клуб, які называлі “Беларускай хаткай”. Тут збіраліся тагачасныя пісьменнікі, чыталіся новыя творы, абмяркоўваліся бягучыя падзеі. Усе марылі пра заканчэнне вайны, дзяржаўнае і культурнае адраджэнне Беларусі.

З. Бядуля імкнуўся стаяць убаку ад палітычных падзей і аддаваў перавагу літаратурна-асветніцкай дзейнасці. Але размежаваць адно з другім было, бадай, немагчыма. Пра гэта сведчаць нарысы 3. Бядулі “Прыфрантавы рубеж на Беларусі”, “Абразкі з правінцыі”, “Штрыхі аб беларускай культуры” і мастацкія творы гэтага часу:

“Вайна” (1914)

“Ад крыві чырвонай” (1914)

“Мяцежнік” (1914)

“Не мы” (1914)

“… І сотнямі тысяч…” (1915)

“То не хаты, а курганы…” (1916)

“Сухавеі” (1917)

“Ты слязямі і крыжамі…” (1917)

У 1935 г. была апублікавана аповесць Змітрака Бядулі "Набліжэнне", дзе аўтар расказвае пра беды і пакуты людзей, якія прынесла на беларускую зямлю Першая сусветная вайна.

 

 

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты