ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы"Медны коннік" А. Пушкіна

"Медны коннік" А. Пушкіна

У 1937 г., у сотую гадавіну з дня смерці А. Пушкіна, Янка Купала пераклаў знакамітую пецярбургскую аповесць “Медны коннік” (PDF). Авалодаўшы моваю палітычнага інакшамоўлення яшчэ ў дарэвалюцыйны час, Янка Купала выкарыстаў яе і ў трагічныя для савецкага народа 30-я гг. мінулага стагоддзя, а менавіта ў сотую гадавіну ўшанавання памяці А. Пушкіна. За “грозным царем”, “кумиром”, “державцем полумира”, “горделивым истуканом”, “мощным властителем судьбы” выразна праглядваўся васпаваты твар самога Сталіна, чыёй “волей роковой” і здзяйсняліся ў той час розныя нядобрыя справы. У пушкінскай паэме “горделивый истукан” растоптвае лёс асобнага “маленькага” чалавека, пачынаючы ад ягонага спакою, кахання, шчасця, розуму і канчаючы яго фізічным існаваннем. Тое ж рабілі Сталін і яго апрычнікі з сучаснікамі Янкі Купалы.

Нельга не згадзіцца з думкай літаратуразнаўца Цімафея Ліякумовіча: “Переводя пушкинскую поэму в душной атмосфере сталинских преследований, Купала не мог не думать о трагических судьбах современников, не лелеять потаенной мысли о восстановлении исторической справедливости и попранных человеческих прав”.

У тым жа 1937 г., калі на старонках “Полымя рэвалюцыі” (№ 6), а пазней і асобным выданнем выйшаў “Медны коннік” у перакладзе Янкі Купалы, з’явіўся і юбілейны водгук песняра пра Пушкіна “Любімы паэт”. За што ж урэшце палюбіў беларускі пясняр аўтара “Меднага конніка”?

“Люблю я Пушкіна за яго прыгожы, чароўны верш. Люблю за яго багацце думак, за сюжэтнасць, за зразумеласць яго мовы для ўсіх – ад малога да вялікага. Люблю я Пушкіна за яго гордасць, за свядомасць чалавечай дастойнасці, Пушкіна, акружанага прыдворнай камарылляй. Ён смела бічаваў вершамі і эпіграмамі ўладальнікаў таго часу. Ён не баяўся цароў і генералаў. Ён пісаў супраць імператара і яго прыслужнікаў, і пісаў шчыра-бунтарскі, не баючыся за сваё жыццё. Люблю я Пушкіна за тое, што ў дэспатычным жандармскім акружэнні ён, адзінокі, быў страшным для царскіх сатрапаў. Імператар быў бяссільны са сваёй ахранай, прыдворнай гвардыяй і казематамі перад Пушкіным – паэтам. Вальнадумства Пушкіна было не толькі ў вершах і эпіграмах. Яго вальнадумства ішло ў нагу з дзекабрыстамі. Імператар, які загнаў на вечную катаргу – у Сібір лепшых барацьбітоў за свабоду – дзекабрыстаў, не пасмеў крануць безабароннага паэта. У цара хапіла храбрасці толькі спадцішка забіць вялікага песняра”.

Ці не адчуваецца ў гэтых выказваннях выразная пераклічка з тагачаснай савецкай рэальнасцю? Адчуваецца, і яшчэ як. І адчуваецца не толькі намі, сённяшнімі, але адчувалася і жыхарамі ўжо далёкіх 30-х гг. XX ст., спрактыкаванымі ў эзопавай мове дарэвалюцыйных і савецкіх літаратараў.

І ў канцы гэтага купалаўскага выказвання – як падагульненне выказанага, як асучасненне, своеасаблівае ажыўленне Пушкіна, з’яўляецца фраза, якая ўсё ставіць на сваё месца:

“Я люблю Пушкіна за тое, што ён у дні вялікай сталінскай эпохі паўстаў як жывы барацьбіт за свабоду, за шчасце чалавецтва... мне хацелася б так пісаць, як пісаў любімы мною А. С. Пушкін”.

Купалаўскае праслаўленне – з дапамогай Пушкіна – такіх чалавечых якасцей, як свабодалюбства, гордасць, нязломнасць, пачуццё чалавечай годнасці, дзеля якіх можна было пайсці на смерць, былі адэкватна ўспрыняты 10 лютага 1937 г. чытачамі “Звязды”, “Советской Белоруссии”, “Рабочего”. Гаворачы пра Пушкіна, Янка Купала выказваў і свае запаветныя думкі, якія іншым чынам у тагачасным падцэнзурным друку выказаць было нельга. Ён, як і раней, “зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла...”.

Крыніца інфармацыі:

Рагойша, В.П. Мой Трыглаў: кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча / Вячаслаў Пятровіч Рагойша. – Мінск: Кнігазбор, 2012. – 340 с.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты