ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Янкі КупалыПераклады з А. Міцкевіча
Пераклады з А. Міцкевіча

Пераклады з А. Міцкевіча

Творчасць Адама Міцкевіча ёсць з’ява найперш беларуска-польскага моўна-фальклорна-літаратурнага і культурнага ўзаемадзеяння, скіраваная на адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. Беларускамоўнае асваенне паэтычнай спадчыны Міцкевіча, падрыхтаванае шырокім распаўсюджваннем у Беларусі яго твораў на мове арыгінала, было распачата ў сярэдзіне XIX ст.

Сярод іншых твораў польскай літаратуры паэзія А. Міцкевіча з’яўляецца самай вядомай беларускаму чытачу. Нягледзячы на ўплыў беларускай вуснай народнай творчасці і беларускай мовы на Міцкевіча, яго творы – польскамоўныя і, каб дайсці да беларускіх чытачоў, павінны апынуцца ў перакладчыцкай майстэрні. Адзінкі мовы, выкарыстаныя Купалам для найбольш поўнага выражэння інфармацыі польскамоўных вершаваных твораў, з’явіліся ідэнтыфікатарамі патэнцыяльных творчых здольнасцей паэта-перакладчыка і магчымасці беларускай мовы ўвасобіць геніяльную паэтычную спадчыну Адама Міцкевіча.

Пераклады Янкі Купалы, стаўшыя наступным этапам асваення паэтычнай спадчыны А. Міцкевіча ў беларускай літаратуры, былі звязаны з творчай вучобай і маштабным разгортваннем на пачатку XX ст. магутнага таленту прарока нацыянальнага адраджэння беларусаў. Янка Купала, які пачынаў з польскамоўнай творчасці, перакладаючы ў 1905–1913 гг. вершы вялікага наваградца на беларускую мову, сталеў як майстар і, сталеючы, удасканальваўся ў майстэрстве, не толькі перакладчыцкім. Таму жанравы выбар Міцкевіча для беларускамоўнага ўзнаўлення быў у Купалы свядома вызначаны і нават рэгламентаваны яго мастакоўскай патрэбаю (балады “Тры Будрысы” і “Ваявода”, баладны жарцік “Пані Твардоўская”, байка “Мужык і вужака”, два фрагменты з “Конрада Валенрода”). Усе свае пераклады Купала арыентаваў на эквілінеарнае ўзнаўленне іншамоўных тэкстаў. Выключэннем сталася байка “Мужык і вужака” – адно з ранніх купалаўскіх перастварэнняў Міцкевічавай спадчыны. Перадаўшы ў асобных рысах сюжэт байкі, беларускі паэт пакінуў без увагі асобныя дэталі і падрабязнасці арыгінала, што значна скараціла перакладны твор (20 дзесяціскладовых радкоў замест 34, пераважна трынаццаціскладовых). Купалаўскі варыянт байкі “Мужык і вужака”, класічна ўрэгуляваны пяццю катрэнамі і трохстопным амфібрахіем з дакладнымі перакрыжаванымі мужчынскімі рыфмамі, пісаўся ў іншым, чым арыгінал, інтанацыйна-стылёвым ключы. Зразумела, што ў дадзеным выпадку Купала не вырашаў перакладчыцкіх праблем, а ствараў свой беларускі варыянт Міцкевічавай байкі “Мужык і вужака” – праз яе адаптацыйную інтэрпрэтацыю. Гэта было (хутчэй, мімавольнае) ўстанаўленне лучнасці з адраджэнскімі тэндэнцыямі беларускай літаратуры канца XX стагоддзя, часткова выяўленымі ў наследаваннях Янкі Лучыны. Зрэшты, да свабоднага асваення байкі Купалу магло падштурхнуць тое, што гэта не арыгінальны верш Міцкевіча, а яго перастварэнне байкі Лафантэна.

У астатніх перакладах Міцкевіча Купала выявіў надзвычай беражлівае стаўленне да лексіка-семантычнага поля арыгінала. Прытрымліваючыся адэкватнага ўзнаўлення паэтычнага першаўзору, ён пакідаў, транслітэруючы, толькі агульназразумелыя польскія словы, ужываў лексічныя эквіваленты, суадносныя з сэнсам зыходнага тэксту Міцкевічавага твора. Так, з аднаго боку, у баладзе “Тры Будрысы” “laszka” заменена “полькай”, бо ў час Купалы лексема “ляшка” была перагружана негатыўным сэнсам, і русізму “dziengi” знойдзены раўназначны эквівалент “чырвонцы”, а з другога боку, не было дастатковых падстаў ужываць паняцце Расія замест Rusi: паходы Альгерда на Маскву ажыццяўляліся задоўга да ўтварэння Расійскай імперыі.

Захоплены рысамі вабнасці ляшскіх дзяўчат, Купала пакінуў без увагі ў “Трох Будрысах” вобраз “Weseletkie jak mlode koteczki”, прысвечаны апісанню бесклапотнай маладосці прыгажунь, і ўвёў на яго месца дадатковую характарыстыку іх прыгажосці: “Так панадны мне стан іх дзявочы”. Гэта, вядома, не разбурыла пераклад, аднак пазбавіла яго вельмі характэрнай для Міцкевіча вобразнай дэталі.

У баладзе “Ваявода” Купала абмінуў вобраз “sive wlosy” і “stary leb”, укладзеныя Міцкевічам у вусны каханага жонкі ваяводы, чым не толькі відочна змякчыў кантрасты мезальянсу, але і крыху павысіў этычнасць гаворкі маладога суперніка ваяводы.

Да гэтых балад, як і да іншых сваіх перакладаў з Міцкевічавай паэзіі, Купала яшчэ раз звярнуўся з выпадку 85-й гадавіны памяці Міцкевіча. Праца беларускага паэта над удасканаленнем ранніх узнаўленняў твораў вялікага папярэдніка, несумненна, стымулявала перачытванне яго спадчыны і, зрэшты, абумовіла зварот да крымскіх санетаў. Паводле сведчанняў, Купала перакладаў іх у 1940–1941 гадах. Аднак у друку яны не з’явіліся, а рукапісы разам з усім архівам паэта загінулі на пачатку вайны.

Новую рэдакцыю ранейшых перакладаў з Міцкевіча Купала змясціў у 1940 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва” (№ 38) і ў часопісе “Полымя рэвалюцыі” (№ 11). Перакладны тэкст “Пані Твардоўскай” быў перапрацаваны такім чынам, што ўяўляў сабой, хутчэй, другі купалаўскі варыянт гэтага баладнага жарціка. А ў баладах “Тры Будрысы” і “Ваявода”, акрамя асобных кантэкстуальна-зместавых змен у лексіцы, была чамусьці перайначана будова страфы: зарыфмаваныя паўвершы першага і трэцяга рытмарадоў былі пераўтвораны ў самастойныя радкі, у выніку чаго кожная страфа павялічылася на два радкі, хоць агульная колькасць складоў засталася такой жа, як і ў зыходным тэксце.

Перакладам Купалы ўласціва не толькі лексічна набліжанае (часам праз ужыванне паланізмаў) і сэнсава адпаведнае ўзнаўленне зместу арыгінала, але і раўнавартаснае першаўзору напаўненне мастацкай атмасферы перакладнога тэксту за кошт захавання рамантычных міцкевічаўскіх мікравобразаў ці ўвядзення структурна аднолькавых з імі вобразаў, вакол якіх утвараюцца асацыятыўныя зоны эмацыянальнага ўплыву на чытача.

Янка Купала асэнсаваў высокае майстэрства слова і паэтычную дасканаласць твораў Міцкевіча. Беларускі паэт нібы пераўвасобіўся ў Міцкевіча, засвоіў яго тэмперамент, паэтычнае адчуванне. Перакладзеныя польскія творы сталі беларускімі, бо перакладчык унёс у іх штосьці новае, нацыянальна-беларускае. Багатыя выяўленчыя магчымасці беларускай мовы дазволілі стварыць перакладныя тэксты з дакладнай перадачай у іх тонкіх сэнсава-эмацыянальных нюансаў мовы арыгінала. Шчырасць і праўдзівасць, пераканальнасць і абагуленасць, прастата і адначасова ўзвышанасць, а таксама мастацкая завершанасць – вось уласцівасці паэзіі Міцкевіча, у поўнай меры адлюстраваныя ў купалаўскіх перакладах.

Пераклады твораў А. Міцкевіча

Крыніцы інфармацыі:

  1. Мархель, У. Янка Купала – перакладчык Адама Міцкевіча / Уладзімір Мархель // Нараджэнне класіка: VII Міжнар. Купалаўскія чытанні – навук. канф., Мінск, 17–18 чэрв. 2004 г. / уклад. А. У. Бурбоўская; рэдкал. В. П. Рагойша (рэд.), С. У. Вечар, Ж. К. Дапкюнас. – Мінск, 2005. – С. 139–142.
  2. Хазанава, К. Л. Пераклад як творчасць / К.Л. Хазанава // Христианский гуманизм и его традиции в славянской культуре: сб. науч. ст. Вып. 2 / редкол.: Т. Н. Усольцева (гл. ред.) И. Н. Афанасьев, Н. В. Суслова. – Гомель, 2010. – С. 149–152.
Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты