ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Янкі КупалыПераклады з Т. Шаўчэнкі
Пераклады з Т. Шаўчэнкі

Пераклады з Т. Шаўчэнкі

З творчасцю вялікага ўкраінскага Кабзара Янка Купала ўпершыню пазнаёміўся праз вуснае бытаванне яе ў асяроддзі сваіх суайчыннікаў. “Не пераўвялічваючы, скажу, што Украіна была для Янкі Купалы як другой радзімай”, – пісаў у артыкуле “Янка Купала” ў 1947 г. Максім Рыльскі.

У пачатку XX ст. Я. Купала пераклаў усяго тры вершы з шаўчэнкаўскай паэзіі: “Пажоўкнуў ліст... Прыгаслі вочы”, “Думка” (“Нашто чорныя мне бровы”), “За думаю дума роем вылятае”. Першы быў апублікаваны ў “Полымі” толькі ў 1930 г., пазней уключаўся ва ўсе выданні, стаў друкавацца ў пасляваенных зборах твораў Янкі Купалы. Два ж апошнія згаданыя пераклады ўпершыню былі апублікаваны ў “Жалейцы”.

Купалаўскія пераклады з Шаўчэнкі былі першымі ў Беларусі, яны праклалі своеасаблівы шлях творчасці Кабзара да беларускага чытача. Верш “Пажоўкнуў ліст... Прыгаслі вочы” з’яўляецца перакладам шаўчэнкаўскага твора “Минають дні, минають ночі”, напісанага 21 снежня 1845 г. У ім украінскі паэт рэзка выступаў супраць санлівай пакорнасці, змірэння чалавека з паднявольным станам, даводзіў, што страшней за ўсё жыць у кандалах, у няволі, заклікаў да дзеяння. Сэнс жыцця чалавека Кабзар бачыў у барацьбе, у змаганні, а не ў пакорлівасці лёсу.

Думаецца, нездарма абраў Янка Купала менавіта гэты верш Т. Шаўчэнкі для перакладу ў пачатку свайго творчага шляху, бо ўжо самім духам і напрамкам шаўчэнкаўскі твор быў своеасаблівым узорам лірыкі высокага гуманістычнага гучання, што адпавядала павевам часу, сацыяльнай накіраванасці паэзіі беларускага песняра: “Дзе ты, доля? Дзе ты, доля? Няма ніякай! Калі добрай шкода, божа, То дай хоць благой! А дай жыць душою, сэрцам І цябе хваліць, І той свет нерукатворны , І людзей любіць...".

Пры параўнальным аналізе бачны пэўныя адхіленні ў выкарыстанні лексічных эквівалентаў, але асноўны змест ніколі не парушаны. Так, замест лексемы “злой” Я. Купала ўжыў беларускае слова "благі" (“дрэнны”), замяніўшы тым самым сталы эпітэт “злая доля” на індывідуальна-аўтарскае “благая доля”. Украінскаму вершу таленавіта нададзена беларускамоўная інтанацыя. Дасканалае валоданне выяўленчымі сродкамі беларускай мовы дазволіла Купалу хораша перадаць тонкія адценні арыгінала. Ён здолеў захаваць шчырасць і прастату шаўчэнкаўскага верша, яго глыбокую пераканальнасць і значную абагуленасць.

Творча ўзноўлены Купалам і верш “Думка” (“Нащо мені чорні брови”) – адзін з лепшых узораў жаночай лірыкі, у якім праз маналог гераіні ўвасабляецца тэма трагічнага сіроцтва дзяўчыны, пакінутай “здрадлівым каханым”. У перакладзе добра ўзноўлены шаўчэнкаўскія паўторы, унутраная рыфма. Я. Купала ашчадна ставіўся да арыгінала, па-майстэрску перадаў змест і яго фармальныя асаблівасці. Ён глыбока ўсвядоміў і старанна пераўвасобіў вобразную сістэму першакрыніцы, захаваў сталыя эпітэты (“ветры буйныя; сіняе мора; лютае гора”), старажытнарускія інфінітыўныя суфіксы дзеяслова (жыці, гаварыці, распытаці), лексемы “знае”, “леты” (у значэнні “гады”) і тым самым выявіў сваю грунтоўную кампетэнтнасць і высокае майстэрства як перакладчык. Украінскаму вершу Шаўчэнкі нададзена чыста беларускамоўнае гучанне.

Калі пераклад “Думкі” сведчыў аб ашчаднасці і нават ледзь не даслоўнай перадачы першатвора, то ўзнаўленне верша “За думаю дума роем вылятае” адлюстроўвае і магчымасці Янкі Купалы як інтэрпрэтатара. Даволі цікавы лёс гэтага шаўчэнкаўскага верша. Напісаны ён 30 снежня 1844 г. у Пецярбургу, аўтограф змешчаны ў альбоме “Три літа”, а загаловак быў пазней дапісаны алоўкам: “Гоголю”. Гэта характэрны ўзор рэвалюцыйнай лірыкі Т. Шаўчэнкі перыяду “Трох літ”, у якім украінскі паэт сцвярджае рэвалюцыйнае значэнне творчасці вялікага рускага пісьменніка, атаясамліваючы яго грамадскую пазіцыю са сваёй уласнай. Ва ўмовах жорсткіх палітычных рэпрэсій, выжывання, пераследу беларускі пясняр праз пераклады ўкраінскага класіка гаварыў тое, чаго ад свайго імя сказаць ужо не мог. На 1930-я гг. з 26 перакладзеных Купалам твораў Кабзара прыпадае аж 21 твор! Сярод іх – творы вострай палітычнай сатыры, такія як “Сон”, “Каўказ” і інш.

У цэлым жа зварот Я. Купалы да паэзіі Т. Шаўчэнкі, да яго твораў рэвалюцыйнага характару засведчыў добрае веданне беларускім паэтам лірыкі ўкраінскага пісьменніка, вялікую адказнасць Купалы-перакладчыка за яе якаснае прачытанне, за высокае майстэрства перастварэння арыгінала на беларускую мову. Мову, літаратуру, гісторыю ўкраінскага народа ён ведаў на высокім узроўні, што дазволіла наблізіць пераклады ў рытма-інтанацыйных, вобразных і сэнсавых адносінах да арыгіналаў.

Пераклады твораў Т. Шаўчэнкі

Крыніцы інфармацыі:

  1. Воінава, А. М. Асаблівасці перакладу твораў Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову Янкам Купалам / А. М. Воінава, А. М. Палуян // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы. – Гродна, 2010. – С. 190–195.
  2. Рагойша, У. В. Доўгі шлях да Шаўчэнкі і Купалы – шлях да спазнання Украіны і Беларусі / У. В. Рагойша // Творчасць Янкі Купалы – духоўны і эстэтычны феномен: IX Міжнар. Купалаўскія чытанні – навук. канф., Мінск, 14 кастр. 2009 г. / уклад. А. Р. Мацевасян; рэдкал. В. П. Рагойша (гал. рэд.), А. Р. Мацевасян, А. С. Дражына. – Мінск, 2011. – С. 130–135.
Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты