ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПершыя творы
Першыя творы

Першыя творы

Першыя вершы Янкі Купалы былі напісаны па-польску ў 1902 г. Але ў хуткім часе паэт усвядоміў, што толькі родная беларуская мова – тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб’ёме свае думкі. Дапамагло гэтаму асэнсаванню і знаёмства з кнігамі беларускіх літаратараў ХІХ ст. Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча. Рашэнне пісаць па-беларуску ў той час было смелым крокам, беларуская мова ў царскай Расіі знаходзілася пад забаронаю.

Найбольш ранні з вядомых твораў маладога паэта, напісаных па-беларуску, – верш “Мая доля”, датаваны 15 ліпеня 1904 г., перадае псіхалагічнае самаадчуванне чалавека з народа, яго прыгнечанасць. 15 мая 1905 г. у мінскай газеце “Северо-Западный край” быў надрукаваны верш “Мужык” – першы апублікаваны па-беларуску твор паэта. 11 мая 1907 г. у газеце “Наша Ніва” быў змешчаны верш “Касцу”, які стаў першым выступленнем Купалы ў беларускамоўным друку.

У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбургу выйшаў першы зборнік Янкі Купалы “Жалейка”, дзе былі надрукаваны вершы 1905–1907 гг. і паэма “Адплата кахання”. У зборніку ўпершыню апублікаваны знакаміты верш “А хто там ідзе?”, які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. Да 1913 г. Янка Купала пераклаў на беларускую мову з рускай асобныя творы І. Крылова, А. Кальцова, М. Някрасава, з украінскай – Т. Шаўчэнкі, з польскай – А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі.

Бібліятэкарам