ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамВялікая Айчынная вайна ў творчасці Янкі Купалы і Якуба КоласаВобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг.Паэма "Адплата"
Паэма

Паэма "Адплата"

У красавіку 1943 г. Якуб Колас распачаў працу над вялікай паэмай "Адплата"(PDF). Над гэтым творам ён працаваў доўга, бо быў заняты грамадскімі справамі. Толькі ў лістападзе 1944 г. праца была скончана. Паэма "Адплата" – сапраўдная эпапея партызанскай барацьбы беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі. Па шырыні ахопу рэчаіснасці, праўдзівасці адлюстравання жыцця, ідэйнай насычанасці, па глыбіні пранікнення паэта ў сутнасць, зместу падзей і сітуацый, паўнаце стварэння вобразаў паэма займае адно з першых месцаў сярод беларускай паэзіі ваеннага часу. Яна з’явілася мастацкім абагульненнем сусветна-гістарычнага значэння вопыту барацьбы беларускага народа з ворагам. Паэт здолеў адлюстраваць разнастайныя формы партызанскай барацьбы, намаляваць непаўторныя карціны жыцця і быту партызан.

Адной з асаблівасцей паэмы з’яўляецца глыбока праўдзівы паказ характару партызанскага руху. У многіх творах, прысвечаных партызанскай вайне, ён адлюстроўваецца як стыхійная з’ява. У апісанні ж Якуба Коласа партызанскі рух мае характар арганізаванай народнай помсты.

Паказваючы гераічную барацьбу беларускага народа, яе цяжкасці і поспехі, Якуб Колас не мог абысці і штодзённага побыту партызан, таго спецыфічнага побыту, які склаўся ва ўмовах, калі "злучыла нячуткае гора народ наш пачуццем адным". Паказу быту партызан у паэме прысвечана некалькі эпізодаў. Якуб Колас падрабязна апісвае партызанскае жыццё, знешні выгляд лагера, дзе ўсё "было зроблена з густам на ўцеху ваякам сваім". Як дэталь партызанскага быту паэт вылучае тое, што нават і жанчыны "ўсе жылі ў згодзе, без сваркі, парушыўшы звычай старэчы".

Праўдзівы паказ партызанскага руху, вытокаў сілы і перамогі абумовілі і праўдзівы паказ вобразаў партызан, як радавых, так і кіраўніцтва. У апісанні Якуба Коласа радавыя партызаны не толькі простыя выканаўцы волі камандзіра, але і сур’ёзныя, удумлівыя і разважлівыя воіны. Кожны з іх, "распалены помстай гарачай", прыкідвае, як "немца спрытней акалпачыць". Яны з’яднаны адной думкай, адным пачуццём, служаць адной справе, але кожны вобраз глыбока індывідуальны, дыферэнцыраваны. Мастак-рэаліст здолеў убачыць у кожным чалавеку своеасаблівыя рысы характару і знайшоў адпаведныя факты, эмоцыі і інтанацыі, каб выявіць гэты характар. Усе вобразы паэмы рэалістычныя па метадзе іх стварэння і ў высокай ступені абагульненыя.

Галоўны героем твора з’яўляецца Кандрат Белавус – камандзір партызанскага атрада. Гэта самы цікавы вобраз паэмы. Першая і галоўная яго рыса – паўнакроўнасць, жыццёвасць, праўдзівасць. Перад чытачом не схема, не рупар ідэй і не рэзанёр, а па-мастацку закончаны, а таму быццам жывы вобраз партызанскага важака.

У ім паэту ўдалося па-мастацку абагульніць і адлюстраваць лепшыя рысы , уласцівыя ўсяму народу: беззапаветную адданасць сваёй радзіме, прынцыповасць і вытрымку, гераізм і бясстрашша, бязмежную любоў да чалавека і нянавісць да ворага. Гэта не знешнія атрыбуты вобраза, і выяўлены яны не толькі праз аўтарскія рэмаркі і характарыстыкі – яны выяўлены ў дынаміцы, паводзінах, думках і пачуццях героя.

У паэме паказаны мужчыны і жанчыны розных узростаў, старыя і маладыя. Мікіта, Купрыян і Сёмка прадстаўляюць старэйшае пакаленне. Кожная рыса таго ці іншага вобраза выяўляе якую-небудзь тыповую народную рысу.

Дзядзька Мікіта – вынаходзец, чалавек вялікай ініцыятывы і руплівасці. Ён не губляецца ў самых цяжкіх абставінах і выпрабаваннях, горача любіць жыццё і пры любой магчымасці імкнецца ўпрыгожыць яго. Вось ён зрабіў сабе зямлянку: абклаў яе мохам, паставіў падпоры, аддушыны вывеў у поле, сам злажыў печ, лучнік на блясе падвесіў да столі

А колькі ж ён вырабіў ходаў,
Каморак і розных пячур!
Дух творчасці ім авалодаў:
То – дзот яго, крэпасці мур.

Больш падрабязна ў паэме пададзены вобраз дзеда Сёмкі – "мудраца-самародка", якому ўласцівы характэрныя народныя рысы – назіральнасць, кемлівасць, разважлівасць. Усю сваю энергію, усю мудрасць дзед Сёмка аддаў справе барацьбы з ворагам. Вобраз дзеда супрацьпастаўлены вобразу фон Крапа. Сутыкнуўшы простага селяніна з ":чыстакроўны арыйцам", паэт дэманстратыўна падкрэсліў маральную і фізічную перавагу простага беларуса над немцамі.

Вобраз дзеда Сёмкі кантрастуе не толькі з вобразам фон Крапа, але і з вобразам здрадніка Цімоха, яму ўласцівы найтанчэйшыя нюансы складанай чалавечай псіхікі. Ён не толькі саркастычна-з’едлівы, надзелены тонкім і дасціпным розумам. Вось дзед Сёмка вядзе да партызанскага штаба Прыблуду-Жыгуна. Ён яшчэ не ведае дакладна, каго вядзе, але пачуццё, здаровы інстынкт не падводзяць, ён адчувае, што гэта вораг. Асаблівую насцярожанасць – гэтую ўнутраную якасць дзеда Сёмкі – паэт падкрэслівае і ў знешніх рысах, у знешнім абліччы дзеда: "І выгляд у дзеда такі, што іх партызанскаму стану нямецкія грозяць ваўкі".

Не менш рэльефна вылучаецца характар дзеда Сёмкі ў сцэне допыту Прыблуды-Жыгуна. Дзед Сёмка прыкмячае ўсе дробязі і кожную з іх бярэ пад увагу, узважвае, ставіць у сувязь з іншымі з’явамі. Калі Жыгун высакапарнымі словамі праклінае немцаў, дзед Сёмка паралізуе яго сваёй скептычнай заўвагай: "Аднак жа ёсць тут і загадка".

Герой пaэмы належыць да людзей, якія не могуць супакоіцца да таго часу, пакуль не дакапаюцца да "карэння рэчаў", пакуль не разблытаюць клубок сумненняў. Ён увесь час у руху, у дзеянні:

Натура ўжо ў Сёмкі такая:
На месцы не ўседзіць хвіліны.
Ён тупае, ходзіць, шукае
Яшчэ непачутай навіны.

Усё, што ні стрэнецца дзеду,
Уведаць яму так цікава,
Каб тут жа па свежаму следу
Была разгадана праява.

Значнае месца ў паэме "Адплата" адведзена маладому пакаленню. У суровых выпрабаваннях Вялікай Айчыннай вайны моладзь паказала сябе дастойнай сваіх бацькоў, апраўдала надзеі, якія ўсклаў на яе наш народ. З бацькоўскай цеплынёю і любоўю падае паэт гэтыя вобразы. На зварот камандзіра партызанскага атрада Кандрата Белавуса: "Ну, як: паваюем, Пятрок?" – юнак з упэўненасцю адказвае: "Чаму ж не? Абы загадалі" – "І вочы яго заблішчалі, як дзве незабудкі ў траве". Тое ж можна сказаць і пра Максіма Патароку, ляснога салаўя, які да "песень вялікі ахвотнік".

Да вышэй згаданых вобразаў далучаюцца вобразы партызан Косціка і Кліма. Юныя мсціўцы "распалены помстай гарачай".

Аднойчы хлопцы атрымалі баявое заданне – знішчыць чыгуначны мост. Аперацыя была складанай, яны нават падумвалі, што ў атрад "пойдуць ні з чым", і вельмі "уніклі перад цяжкай задачай". Але ж яны павінны выказаць загад камандзіра, інакш "лепш і не жыць тады ім". Агульнымі намаганнямі маладыя партызаны знайшлі падыход да моста і ўзарвалі яго. Якуб Колас падрабязна апісвае складаную баявую аперацыю, мужнасць юных мсціўцаў, іх высокае ўсведамленне свайго абавязку перад народам.

Якуб Колас па-майстэрску намаляваў у паэме і вобразы здраднікаў народа: баязлівага і слабахарактарнага Цімоха, які раней "быў у калгасе гультай", "калгасу заўжды чужаніца", а таксама нямецкага прыслужніка Жыгуна – у мінулым кулака. Абодва яны марылі аб уласных гаспадарках, служылі гітлераўскім забойцам. Але ўсяму прыходзіць канец. Здраднікі выдаюць самі сябе. Цімох выкрывае ў партызанскім атрадзе Жыгуна, на галаву якога абрушваецца грозны партызанскі меч. Потым сам жа прызнаецца, раскайваецца ў сваіх злачынствах перад партызанамі. Яны даруюць "прадажнай душы" яго злачынствы перад народам. Людзі даравалі, але сумленне на даравала: ён вар’яцее і таксама гіне.

Паэма Якуба Коласа "Адплата" – высокамастацкі твор беларускай паэзіі, твор вялікай сілы ўздзеяння, адухоўлены высокай ідэяй. У час вайны яна натхняла наш народ, узмацняла яго сілы ў святой барацьбе з ворагам, услаўляла высакародныя пачуцці патрыятызму і гераізму. Паэма іграла мабілізуючую ролю і ва ўмовах пасляваеннага будаўніцтва. Дзейсная сіла твора не зменшылася ад таго, што чалавецтва ўсё далей і далей адыходзіць ад жудаснай вайны.

Паэма "Адплата"

Крыніцы інфармацыі:

  1. Колас, Я. Збор твораў : у 12 т. / Якуб Колас ; рэдкал. : В. Барысенка [і інш.]. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1961–1964.
  2. Жыгоцкі, М. Сіла праўды: слова пра ваенную публіцыстыку Якуба Коласа / Мікола Жыгоцкі // Беларуская думка. – 2008. – № 5. – С. 78–81.
  3. Жыгоцкі, М. У суровыя гады ваеннага ліхалецця / Мікола Жыгоцкі // Полымя. – 2009. – № 12. – С. 148–163.
  4. Мушынскі, М.І. Вобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг. / М.І. Мушынскі // Вялікая Айчынная вайна ў мастацкай літаратуры : матэрыялы рэсп. навук. канф., Мінск, 27 крас. 2005 г. / [рэдкал.: І. С. Роўда (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2007. – С. 9–22.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты