9 лютага 2018 г. на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка паведаміў, што 2018 год у Беларусі абвешчаны Годам малой радзімы.
20 чэрвеня 2018 г. Прэзідэнт падпісаў Указ № 247 аб правядзенні 2018–2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы ў мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў насельніцтва, захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Кажучы пра тое, што малая радзіма мае асаблівае значэнне ў лёсе кожнага чалавека, беларускі лідар падкрэсліў: “Беларусь – наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным. Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі!”.У апошні час цікавасць да краязнаўчай інфармацыі, вывучэння рэгіёнаў і асобных мясцовасцей у іх гістарычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці значна павялічылася. Дзякуючы краязнаўству мы знаходзім магчымасць праявіць сваю любоў да таго адзінага месца Зямлі, якое лічым родным, – няхай гэта будзе буйны мегаполіс або маленькая вёсачка.
Бібліятэкі розных узроўняў традыцыйна выступаюць цэнтральным звяном пры зборы краязнаўчай інфармацыі і фарміраванні краязнаўчых рэсурсаў, вывучэнні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Абвяшчэнне Года малой радзімы надасць новы імпульс дзейнасці бібліятэчных устаноў (у першую чаргу рэгіянальных) і павысіць цікавасць да іх.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі як каардынуючы і навукова-метадычны цэнтр, у тым ліку ў галіне бібліятэчна-бібліяграфічнага краязнаўства, вядзе пастаянны маніторынг дзейнасці і краязнаўчай інфармацыйнай прадукцыі рэгіянальных бібліятэк Беларусі, на яго аснове складаюцца і публікуюцца аналітычныя агляды і рэкамендацыі. Краязнаўчай тэматыцы прысвечаны шэраг метадычных распрацовак, публікацый і дакладаў супрацоўнікаў, розныя навукова-даследчыя і выдавецкія праекты, навукова-практычныя і сацыякультурныя мерапрыемствы.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі – адзін з ініцыятараў і асноўных арганізатараў штогадовага рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка ? асяродак нацыянальнай культуры”, які праводзіцца з мэтай актывізацыі навукова-даследчай работы публічных бібліятэк, павышэння іх ролі ў папулярызацыі нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, традыцый, народнай культуры.
Бібліятэка фарміруе разгалінаваную сістэму інфармацыйных рэсурсаў, у якіх карыстальнік можа знайсці разнастайныя матэрыялы беларусазнаўчай тэматыкі, у тым ліку звязаныя з пэўнымі мясцовасцямі і населенымі пунктамі нашай краіны.
З мэтай пашырэння доступу да інфармацыі аб мясцовых выданнях і краязнаўчых дакументах вяліся актыўныя работы па распрацоўцы рэгіянальных зводных электронных каталогаў. Такія зводныя рэсурсы ўжо створаны для ўсіх абласцей Рэспублікі Беларусь.
У апошнія гады цікавыя навукова-выдавецкія праекты – плён сумесных намаганняў бібліятэчных, навуковых, адукацыйных, музейных, архіўных устаноў краіны і краязнаўцаў-аматараў па ўзнаўленні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Пры іх рэалізацыі выкарыстоўваецца комплексны падыход: збіраецца бібліяграфічная інфармацыя і алічбоўваюцца выданні, рыхтуюцца разнастайныя суправаджальныя матэрыялы (навуковыя артыкулы, біяграфічныя даведкі, хронікі падзей і г.д.) і падбіраецца адпаведнае ілюстрацыйнае і гукавое апраўленне для аднаўлення атмасферы эпохі. Адзін з прыкладаў такой работы – праект, прысвечаны памятным кніжкам беларускіх губерняў.
Нацыянальная бібліятэка ў супрацоўніцтве са знешнімі партнёрамі завяршыла два праекты ў рамках навукова-даследчай працы “Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.
Адным з практычных вынікаў даследаванняў стаў выпуск мультымедыйных выданняў “Региональная история Беларуси в документах и материалах Виленской археографической комиссии (1864–1915)” і “Деятельность Витебской ученой архивной комиссии (1909–1919): документы и материалы”.
Для сучасных даследчыкаў гэта паўнацэннае электроннае ўзнаўленне апублікаваных у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. аўтэнтычных тэкстаў, якое суправаджаецца блокам навуковых, бібліяграфічных, фактаграфічных, даведачных, біяграфічных і інфармацыйна-аналітычных гістарычных матэрыялаў, якія дазваляюць комплексна прадставіць дзейнасць названых устаноў і садзейнічаюць выяўленню і папулярызацыі краязнаўчай інфармацыі.
На 2018 г. запланаваны выпуск чарговага выдання па рэгіянальнай гісторыі Беларусі – “1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў” (сумесна з Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага і іншымі навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі).
Для прэзентацыі такіх праектаў, а таксама для знаёмства з інфармацыйнай спадчынай рэгіёнаў Беларусі, іх гісторыяй і культурнымі дасягненнямі, вынікамі работы навуковых і краязнаўчых суполак па вывучэнні роднага краю Нацыянальная бібліятэка Беларусі запланавала цыкл мерапрыемстваў, першае з якіх – “Інфармацыйныя скарбы зямлі беларускай. Віцебшчына” – адбылося 25 студзеня.
Своеасаблівым яго працягам стаў круглы стол "Нацыянальныя інфармацыйныя рэсурсы: Віцебшчына ўчора і сёння", арганізаваны ў рамках Года малой радзімы Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна. Пасяджэнне круглага стала прайшло 11 красавіка, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прынялі ў ім актыўны ўдзел.
Году малой радзімы Нацыянальная бібліятэка Беларусі прысвяціла выставачны праект “Малая радзіма – аповесць часоў”, які складаецца з серыі мастацкіх і інфармацыйна-дакументальных выставак. 5 сакавіка адкрылася экспазіцыя “Малая радзіма – аповесць часоў”, якая прадставіла калекцыю паштовак і кніг Уладзіміра Ліхадзедава і фатаграфій Сяргея Плыткевіча. Другі этап пачаўся 15 мая з адкрыцця фотапраекта “Я сэрцам бачу” і інфармацыйна-дакументальнай выстаўкі “Тутэйшыя”. 16 жніўня новая экспазіцыя фатаграфій беларускіх мастакоў дала старт трэцяму этапу праекта. 26 сакавіка 2019 г. у рамках праекта “Малая радзіма – аповесць часоў” у бібліятэцы прайшоў заключны этап фотапраекта “Я сэрцам бачу”.
29 мая ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Міколы Маляўкі "Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў", якая была выдадзена ў рамках Года малой радзімы.
21 чэрвеня ў бібліятэцы адкрылася выстаўка Гаўрыіла Вашчанкі "Зямля пад белымі крыламі", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння мастака.
1 верасня першы ўрок “2018 год - Год малой радзімы” для вучняў мінскай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны стаў асаблівым, бо ён прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 3 верасня для вучняў мінскай школы № 61 у музеі кнігі быў арганізаваны ўрок "Мая малая радзіма".
1-2 верасня Нацыянальная бібліятэка Беларусі прыняла ўдзел у святкаванні ХХV Дня беларускага пісьменства ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці, прымеркаванага да Года малой радзімы. Асноўнай тэмай мерапрыемстваў, падрыхтаваных бібліятэкай, стала тэма 400-годдзя беларускага буквара.
3 верасня ў бібліятэцы пачала працу фотавыстаўка “Гучныя краявіды” Анатоля Дрыбаса, які з фотаапаратам у руках аб'ездзіў усю краіну, каб захаваць прыгажосць “зямлі пад белымі крыламі”.
16 кастрычніка ў бібліятэцы адбыліся прэзентацыя кнігі “Бачу Беларусь такой” і адкрыццё фотавыстаўкі Уладзіслава Цыдзіка, прысвечаныя Году малой радзімы.
Падведзены вынікі першага Года малой радзімы: 19 снежня ў бібліятэцы прайшла “Краязнаўчая прэзентацыя першага Года малой радзімы”.
20 снежня ў бібліятэцы ў рамках Года малой радзімы прайшла ўрачыстая прэзентацыя вынікаў работы кніжнай галіны за 2018 год.
5 сакавіка 2019 года для прадстаўнікоў устаноў культуры і адукацыі Гомельскай вобласці ў рамках Года малой радзімы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі правёў адкрытую лекцыю па тэме “Тэндэнцыі і асаблівасці развіцця кніжнай культуры Беларусі ў XI–XX стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай і нацыянальнай гісторыі”.
20 сакавіка ў рамках Года малой радзімы Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі правялі семінар “Бібліятэкі і кніжная культура Беларусі: з мінулага ў будучыню”. Такія ж семінары прайшлі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна, Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага.
У рамках акцыі, прымеркаванай да Года малой радзімы, фонды публічных бібліятэк Аршанскага раёна папоўніліся краязнаўчай літаратурай з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме было перададзена амаль 200 выданняў аб розных кутках нашай краіны.
У рамках Года малой радзімы Нацыянальная бібліятэка Беларусі распрацавала інтэрактыўныя вучэбна-пазнавальныя экскурсіі “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры і дзеячам культуры.
У студзені 2020 г. у трэці Год малой радзімы і да 75-годдзя Вялікай Айчыннай вайны віртуальная чытальная зала распачала серыю навін аб краязнаўчых электронных рэсурсах, прысвечаных вайне ("Пра Вялікую Айчынную вайну – нашчадкам").
10 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы пачала працу выстаўка “Легенды ў камянях і дрэве”. 30 студзеня адкрылася фотавыстава Васіля Белякова “Таямніцы беларускай прыроды”.
12 лютага ў ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” адбыўся круглы стол “Духоўная асвета праз дзейнасць бібліятэк: да 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра”.
20 лютага ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбыўся практыкум “Ужыванне Універсальнай дзесятковай класіфікацыі на беларускай мове для арганізацыі краязнаўчага фонду публічнай бібліятэкі і яго адлюстравання ў электронным каталогу”, падрыхтаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
21 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы прайшло мерапрыемства, прысвечанае Году малой радзімы. Таксама да Міжнароднага дня роднай мовы сумесна з тэлеканалам "Беларусь 24" была падрыхтавана фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, якая 2 ліпеня была прэзентавана ў Польшчы.
Да 180-гадовага юбілею Францішка Багушэвіча Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала электронны рэсурс "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…".
Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала конкурс да 85-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Частка творчых работ канкурсантаў была прысвечана тэме “Радзіма і яе лёс”.
15 мая адбылася анлайн-канферэнцыя ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі.
19 мая рэсурсы віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі былі прадстаўлены для педагогаў Мінскай вобласці на анлайн-семінары “Год малой Радзімы. Вопыт і перспектывы развіцця краязнаўчай працы ва ўстановах адукацыі”, арганізаваным Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.
Нацыянальнай бібліятэкай абвешчаны анлайн-конкурс чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”, прымеркаваны да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.
Восенню выйшаў у свет кампакт-дыск “Навагрудак. Наваградак. Новогрудок. Nowogrodek: старажытны горад у дакументах і матэрыялах” падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Навагрудскай раённай бібліятэкай.
29 верасня ў бібліятэцы адкрылася выстаўка “Сцежкамі запаветнай прыроды”, прымеркаваная да Года малой радзімы.