ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
"Гаворкі Беларусi" да Дня роднай мовы на VOKA: фільм пра ўнікальнасць дыялектаў краіны
Асалода гаварыць па-беларуску. Відэаролік да Міжнароднага дня роднай мовы

Да Міжнароднага дня роднай мовы

Да Міжнароднага дня роднай мовы
Іншыя навіны

Менавіта з гэтай раслінай беларускі паэт Уладзімір Дубоўка выразна параўнаў нашу родную краіну.

21 лютага ва ўсіх краінах свету традыцыйна адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Прапануем узгадаць, як тэма роднай мовы адгукнулася ў творчасці розных беларускамоўных аўтараў.

У першую чаргу хочацца ўспомніць радкі славутага мастака беларускага слова, заснавальніка літаб’яднання “Маладняк” Уладзіміра Дубоўкі:

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай...

Uladzimir-Dubouka.jpg
Уладзімір Дубоўка. 1960-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Верш напісаны ў 1966 годзе, калі паэт быў ужо ў вельмі сталым узросце. Больш падрабязна азнаёміцца з яго біяграфіяй можна ў віртуальным праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця”, асобны раздзел якога прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння У. Дубоўкі.

Пятрусь Броўка – яшчэ адзін класік беларускай літаратуры, які быў сябрам “Маладняка”. У свой час ён захапіўся хараством беларускіх слоў ветлівасці:

У любiмай мове, роднай, наскай,
Ах, якiя словы: “Калi ласка!..”
Як звiняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё iдуць са мною.
Трапiць госць у будзень, а цi ў свята:
– Калi ласка, калi ласка, ў хату!..
<…>
…Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:

– Калi ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.

Chyrvonaja-Polachchyna.jpg
Злева направа: Сцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, Янка Відук (Скрыган).
Полацк, 1927 г.

Нельга абысці і Змітрака Бядулю, аднаго з найбольш сталых “маладнякоўцаў”. Пісьменнік ведаў не менш за 8 (!) розных моў (іўрыт, ідыш, беларускую, польскую, рускую, нямецкую, літоўскую, лацінскую). Прыкметна, што для сваёй творчасці ён абраў беларускую – мову той зямлі, дзе нарадзіўся і правёў большую частку жыцця. Знак павагі “схаваны” і ў яго псеўданіме: “Змітрок Бядуля” – гэта персанаж вясковага беларускага фальклору.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”. Змітрок Бядуля

Zmitrok-Biadulia.jpg
Змітрок Бядуля. З фондаў БДАМЛМ

Зараз у рамках вышэйзгаданага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” рыхтуецца новы віртуальны раздзел, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. А пакуль запрашаем паглядзець відэазапіс навукова-практычнага семінара “Шляхамі маладнякоўцаў” і даведацца больш аб жыцці і творчай спадчыне Змітрака Бядулі і выніках двухгадовай дзейнасці праекта.

У дзень роднай мовы дарэчна ўзгадаць біблейскую легенду пра Вавілонскую вежу: у ёй апісана з’яўленне ў розных народаў розных моў. Паэт і драматург Кандрат Крапіва (таксама сябар аб’яднання “Маладняк”) у 1926 годзе склаў “вольны пераклад” Святога Пісання. У главе “Вавілонскі метад” аўтар у характэрнай для сябе сатырычнай манеры перадае працэс будаўніцтва вежы:

Так заложна, так упарта
Працавалі ўсе дзядзькі.
Бог спужаўся не на жарты
І... змяшаў іх “языки”.
Гвалт падняўся, як у сойме,
Кожны гердае па-свойму,
Кожны мае свае словы,
А народу ж колькі тысяч!
Вось калі там пачаліся
І замежныя ўсе мовы.
Доўга людзі балбаталі –
Згаварыцца не маглі;
Рассяляцца тады сталі
Па абшары ўсёй зямлі.

Ушаноўвалі родную мову і іншыя беларускія літаратары. Вось некалькі цытат з іх вершаў:

І  з гора, і з радасці, і з усяго
таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Максім Танк

Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “мама”
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
Ніл Гілевіч

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Пімен Панчанка

Lidzija-Polazava.jpg
Л.В. Полазава (1956–2016)

Нароўні са знакамітымі класікамі хочацца ўзгадаць менш вядомую, але вартую ўвагі паэтку Лідзію Полазаву. Месцам яе асноўнай працы была Цэнтральная бібліятэка імя У. Маякоўскага г. Наваполацка, там яна ўзначальвала сектар мастацтваў. Лідзія Васільеўна не расставалася з мастацтвам і ў вольны час: была членам творчага калектыву “Крылы”, пісала і друкавала ўласныя вершы. Вось якія прыгожыя радкі яна прысвяціла матчынай мове:

Родная мова

Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць...
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!
Васількамі, рамонкамі шэпча
У квяцістых, раздольных лугах.
Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,
Салаўінаю трэллю ў гаях.
То шчымліва, журботна галосіць,
То вясёлкай над борам плыве.
Так у госці ласкава запросіць,
Так бяседу гасцінна вядзе!
Хай жа іскрыцца сонцам вясеннім,
Спелым коласам нівы шуміць,
У карагодзе кружыць вясельным.
Веру, мова мая – будзе жыць!
Мілагучная і ласкавая,
Не згубілася ў цемры вякоў.
Мой святы пасаг, мая спадчына –
Мова родная, мова бацькоў!

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам