З 4 чэрвеня па 31 жніўня запрашаем на выстаўку “Лета – час падарожжаў” у залу міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164).
Вось і наступіла самая доўгачаканая, шчаслівая, незабыўная пара! Час цёплага сонца, ціхамірнага адпачынку на пляжы і плавання ў моры, прагулак па лесе і паходаў у горы, новых знаёмстваў і радасных падзей, незлічонага мноства ўражанняў, захапленняў, прыемных успамінаў і яркіх фатаграфій, якія будуць саграваць нас усю зіму.
Часцей за ўсё менавіта летам мы нанава адкрываем для сябе ўжо, здавалася б, даўно вядомыя месцы або адпраўляемся знаёміцца з новымі краінамі, іх прыродай, гісторыяй, укладам жыцця. На дзіва многа цікавага і незвычайнага ўтойваюць у сабе культуры розных народаў свету.
Вось, напрыклад, ці ведалі вы, што: у Англіі размаўляюць больш чым на 300 мовах; жавальную гумку прыдумалі не ў ЗША, як усе лічаць, а ў Германіі; самы першы метрапалітэн пабудавалі ў Лондане; у Польшчы да гэтага часу пры сустрэчы прынята цалаваць даме руку; а ва Украіне знаходзяцца тры з шасці самыя буйныя ў свеце мужчынскія манастыры, названыя лаўрамі?
“Раз у год бывайце там, дзе вы ніколі не былі”, – раіў мудры Далай-лама. Таму, калі вы яшчэ не вызначыліся з кірункам паездкі, запрашаем на кніжную выстаўку “Лета – час падарожжаў”. Вы даведаецеся шмат цікавага пра славутасці нашай радзімы, а таксама пра іншыя краіны і, магчыма, вырашыце наведаць адну з іх.
Кніжная экспазіцыя дапоўнена калекцыямі сувеніраў з розных краін свету.
Час работы выстаўкі:
пн. – чт.: 10.00–18.00; пт.: 10.00–17.00.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.
Спіс літаратуры па тэме
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 10.