З 18 снежня 2013 года па 14 студзеня 2014 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2-гі паверх, кальцавы калідор) ладзіцца тэматычная кніжная выстаўка "Навагодні серпанцін”.
Каляды і Новы год – нашы любімыя святы, час радаснага чакання цудаў, калі свет становіцца крыху лепшы. Забываецца ўсё кепскае, і людзі пачынаюць верыць у чарадзейную казку.
Яркая і маляўнічая кніжная экспазіцыя распавядае пра гісторыю свят, навагоднія і калядныя традыцыі, народныя прыметы і павер’і. Каляды – адно з галоўных хрысціянскіх свят, якое прысвечана нараджэнню Ісуса Хрыста.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць сучасныя выданні, якія расказваюць пра святкаванне Каляд у Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, Канадзе і іншых краінах.
Будучы год па ўсходнім календары – год Каня. Гэтаму міфалагічнаму персанажу прысвечана нямала выданняў. З некаторымі з іх можна пазнаёміцца на кніжнай выстаўцы.
Чарадзейную навагоднюю атмасферу стварае святочны інтэр’ер, калядныя пачастункі і забаўкі. Наведаўшы выстаўку, можна даведацца, як упрыгожыць сваю кватэру, арыгінальна аформіць падарункі родным і блізкім, самастойна змайстраваць маскі, сувеніры і ёлачныя ўпрыгожанні. Парады прафесійных дэкаратараў і сцэнарыстаў дапамогуць стыльна сервіраваць стол і арганізаваць незабыўнае, поўнае весялосці, сюрпрызаў і конкурсаў свята.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 28 86.