З 5 па 25 студзеня 2009 года ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка "Пад знакам таленту і працы", прысвечаная 80-годдзю Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва, беларускага літаратуразнаўца і крытыка.
Сярод беларускіх даследчыкаў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства Дз. Бугаёў займае адметнае месца. Яго працы вызначаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, глыбінёй і пераканальнасцю літаратуразнаўчага аналізу, уменнем раскрыць індывідуальна-творчае аблічча пісьменніка, эстэтычнае багацце і стылявую самабытнасць беларускай літаратуры.
Экспазіцыя знаёміць з манаграфіямі Дз. Бугаёва, у якіх даследуецца жыццё і творчасць М. Лынькова ("Шчодрае сэрца пісьменніка", 1963), М.Танка ("Паэзія М.Танка", 1964, 2003), У. Дубоўкі ("Уладзімір Дубоўка", 1965, 2005), М. Гарэцкага ("Максім Гарэцкі", 1968, 2003), К. Крапівы ("Зброяй сатыры, зброяй праўды", 1971, 2004), І. Мележа ("Вернасць прызванню. Творчая індывідуальнасць Івана Мележа", 1977), В. Быкава ("Васіль Быкаў",1987).
Варты ўвагі прадстаўленыя на выстаўцы зборнікі артыкулаў і рэцэнзій "Шматграннасць" (1970), "Чалавечнасць" (1985), "Арганічнасць таленту" (1989), у якіх прааналізавана творчасць Я. Брыля, Г. Бураўкіна, А. Вярцінскага, П. Галавача, В. Каваля, Б. Мікуліча, І. Навуменкі, А. Адамовіча, Б. Сачанкі, М. Стральцова, А. Чарнышэвіча, І. Чыгрынава, Я. Янішчыц і інш.
Асаблівае месца ў навуковай дзейнасці Дз. Бугаёва займае кніга крытычных нарысаў "Талент і праца" (1979), за якую аўтар у 1984 г. быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. Гэта кніга выніковая і ўключае найлепшыя навукова-крытычныя працы даследчыка.
Літаратуразнаўчая тэхналогія, напрацаваная крытыкам на працягу ўсёй яго творчай дзейнасці, актуальная і ў новых умовах. Пра гэта сведчаць публікацыі, сабраныя ў кнігах "Спавядальнае слова" (2001), "Служэнне Беларусі" (2003), у аглядных артыкулах і творчых партрэтах, змешчаных у многіх выданнях па гісторыі беларускай літаратуры, падручніках для ВНУ і сярэдніх школ Беларусі.
Кнігі Дз. Бугаёва – своеасаблівыя нарысы, дзе суіснуюць роздум, інтэрв’ю, бытавыя занатоўкі, экскурсы, супастаўленні. Разнастайная дзейнасць аўтара (гісторык літаратуры, тэарэтык і метадыст, біёграф, бібліёграф, тэкстолаг, рэцэнзент, рэдактар, складальнік) дае падставу глыбей зазірнуць у "сакрэты" прафесіі крытыка.
Кантактны тэлефон: 293-27-16.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |