ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Візіт беларускіх і расійскіх пісьменнікаў
Рэсурсы віртуальнай чытальнай залы ў дзейнасці бібліятэк

Творца дасканаласці

Творца дасканаласці
Іншыя Навіны

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Творца дасканаласці”, прысвечаная 540-годдзю з дня нараджэння італьянскага жывапісца, малявальшчыка, архітэктара, выдатнага майстра эпохі Высокага Адраджэння Рафаэля Санці (1483–1520), праходзіць з 24 сакавіка па 2 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

“Рафаэль был счастливым художником. Он работал много и напряженно, но никогда творчество не было для него горькой мукой, никогда не стремился он в своем искусстве к недосягаемой цели <…> Это прирожденное чувство меры, это естественное тяготение к гармонии получило в его творчестве свое полное и потому счастливое осуществление”, – пісаў пра мастака мастацтвазнаўца Віктар Грашчанкаў.

Пражыўшы ўсяго 37 гадоў, Рафаэль Санці пакінуў грандыёзную спадчыну: галерэю Мадоннаў, партрэты, малюнкі, архітэктурныя працы, шэдэўры манументальнага мастацтва – станцы і лоджыі ў Ватыканскім палацы... Багацце, прызнанне і слава прыйшлі да мастака яшчэ пры жыцці, а яго мяккі і спагадлівы нораў, сціпласць і дабрыня, вытанчанасць і бездакорныя манеры набылі павагу сучаснікаў. Ужо на працягу пяці стагоддзяў спрэчка аб Рафаэлю не змаўкае: адны ўзносяць яго, лічачы творцам вечнай прыгажосці, іншыя ж не прымаюць за далёкі ад рэальнага жыцця акадэмізм. Нягледзячы на гэта, яго творы застаюцца ўвасабленнем самага светлага і ўзнёслага ўяўлення пра чалавека, яго фізічную і духоўную дасканаласць.

Выстава раскрывае разнастайнасць таленту Рафаэля ў розныя перыяды творчасці – умбрыйскі, фларэнтыйскі і заключны рымскі перыяд, падчас якога мастак дасягнуў найвышэйшага росквіту майстэрства. Экспазіцыя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі прадстаўляе рэпрадукцыі сусветна вядомых “рафаэлеўскіх” Мадоннаў, якія ўвасабляюць ідэальны вобраз Багародзіцы: пяшчотная “Мадонна Канестабіле”, летуценна-лірычная “Мадонна Грандука”, незвычайная, у вобразе сялянкі “Мадонна дэла Седыя”, вяршыня творчасці – “Сіксцінская Мадонна”, алтарны абраз, створаны для бенедыктынскага манастыра Святога Сікста. Выбітны партрэтыст, мастак пакінуў вялікую спадчыну ў гэтым жанры, частка з якога прадстаўлена на выставе. Варта ўбачыць рэпрадукцыю вядомага аўтапартрэта ва ўзросце 23-х гадоў, а таксама “Даму з аднарогам”, “Партрэт кардынала”, “Партрэт папы Льва Х”, “Партрэт Бальдасарэ Кастыльёне”, які паўплываў на далейшае развіццё сусветнага партрэтнага жывапісу.

На працягу пяці стагоддзяў уяўленне гледачоў дзівяць велічныя станцы Рафаэля (ад італ. stanza – памяшканне, пакой) – роспісы пакояў Ватыканскага палаца, створаныя мастаком па заказе папы Юлія ІІ, унікальны твор мастацтва Высокага Адраджэння, які прадстаўляе цудоўны сінтэз жывапісу і архітэктуры. Выстава дэманструе ў альбомах рэпрадукцый асобныя выявы знакамітых роспісаў, сярод якіх “Афінская школа”, “Парнас”, “Правасуддзе” і іншыя. Экспазіцыя таксама дазваляе ацаніць талент Рафаэля-архітэктара, якога лічаць адным са значных дойлідаў Італіі.

Дапаўняюць выставу шматлікія даследаванні творчасці Рафаэля, пачынаючы з выданняў 1835 года да нашых дзён: працы аўтарытэтных мастацтвазнаўцаў Г. Вёльфліна, М. Лебядзянскага, В. Грашчанкава, С. Стама, Н. Эліясберг, П. дэ Векі. Асаблівай увагі заслугоўваюць унікальныя рарытэтныя выданні: даследаванне французскага архітэктара і гісторыка мастацтва А. Катрмер-дэ-Кенсі “Histoire de la vie et des ouvrages de Raphaël” (1835), поўная біяграфія мастака ў кнізе рускага мастацтвазнаўцы, вандроўцы і лекара А. Вышаслаўцава “Рафаэль” (1894), кніга “Празднование памяти Рафаэля в С.-Петербурге 28 марта 1883 г.” (1883), знакамітыя “Жизнеописания…” Дж. Вазары ў перавыданнях. Зацікавіць чытача і мастацкая літаратура, аповесці і біяграфічныя раманы, якія дапамогуць зразумець асобу Рафаэля і прыадчыніць дзверы ў свет яго мастацтва.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам