ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Тры класікі на адной трасе, або Ад Багдановіча да Адамовіча
Шматгранны талент

“І скажа той, хто народзіцца...”

“І скажа той, хто народзіцца...”
Іншыя Навіны

5 лістапада ў галерэі “Лабірынт” прайшоў літаратурна-асветніцкі вечар “І скажа той, хто народзіцца...”, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Вячаслава Адамчыка.


Мерапрыемства, арганізаванае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, пачалося адкрыццём выстаўкі з фондаў бібліятэкі. На вечары выступілі даследчыкі творчасці Вячаслава Адамчыка, прагучалі ўспаміны людзей, якія блізка ведалі пісьменніка, сябравалі з ім. Сярод іх – Адам Мальдзіс, Міхась Тычына, Алесь Бадак, Віктар Шніп, а таксама сыны пісьменніка – Уладзімір (Адам Глобус) і Міраслаў.

Дыктар беларускага радыё Алег Вінярскі зачытаў прысутным апавяданне Вячаслава Адамчыка, прысвечанае маці, якое, па словах Адама Глобуса, яго бацька вельмі любіў.

“Адамчык умеў азадачваць і здзіўляць... Ён ніколі не памыляўся, калі цытаваў кагосьці, і заўсёды адчуваў, што трэба больш ведаць. У пісьменніцкай працы ён раўняўся на Дастаеўскага і Буніна», – падзяліўся ўспамінамі Міхась Тычына.

“Выстаўка, прысвечаная творчасці пісьменніка, будзе працаваць да 30 лістапада ў зале беларускай літаратуры, таму ў кожнага ёсць магчымасць прыйсці з сябрамі, знаёмымі і дакрануцца да спадчыны нашага вялікага земляка”, – адзначыла пад час урачыстасці першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава.

Напрыканцы мерапрыемства сын пісьменніка перадаў Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры сшыткі, фотаздымкі і некалькі шарыкавых ручак Вячаслава Адамчыка, якія той калекцыяніраваў пры жыцці. Кожны з прысутных, у сваю чаргу, атрымаў кніжку пісьменніка пад назвай “Нязрушаны камень” – апошні, складзены ім зборнік апавяданняў.

Вячаслаў Адамчык – адзін з выдатных сучасных пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Ён належыць да пісьменніцкага пакалення так званых “шасцідзесятнікаў”.

Літаратурную дзейнасць пісьменнік пачаў у 1952 г. вершамі. Яго першы верш “Шпакі” быў надрукаваны ў дзятлаўскай раённай газеце. Ужо першыя спробы пяра Вячаслава Адамчыка паказалі, што ў літаратуру прыйшоў сапраўдны майстар мастацкага слова. З 1957 г. ён пачаў выступаць у друку і як празаік. Найбольш значнае творчае дасягненне пісьменніка – панарамная эпічная тэтралогія, якую склалі раманы “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца…”, “Голас крыві брата твайго”. Тэтралогія прысвечана гістарычнаму шляху заходнебеларускай вёскі ва ўмовах даваеннай польскай дзяржавы, у першыя гады савецкай улады і пад фашысцкай акупацыяй. Трэба адзначыць, што малому дараванню было ўсяго шэсць гадоў, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, восем – на пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

За гады літаратурнай працы з-пад пяра Вячаслава Адамчыка выйшлі шматлікія зборнікі прозы, некалькі раманаў і сцэнарыяў, п’еса. Пісьменнік пераклаў кнігу балгарскіх народных казак “Незвычайны асілак”, паасобныя творы М. Прышвіна, Ю. Казакова, С. Залыгіна і інш.

Жыццёвы шлях Вячаслава Адамчыка абарваўся ў 2001 годзе, калі яму было толькі 67 гадоў. Пісьменнік мог бы яшчэ плённа працаваць, а тая творчая спадчына, што засталася, выклікае захапленне.

 

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам