ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Дарослая размова пра дзіцячыя кнігі
Удзел бібліятэкі ў рабоце ХХI ММКВК

Класік беларускай паэзіі

Класік беларускай паэзіі
Іншыя навіны

З 4 лютага па 10 сакавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Класік беларускай паэзіі”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, перакладчыка Аркадзя Куляшова.


Яркі прадстаўнік беларускай паэзіі савецкай эпохі, выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў (1914–1978) у сваёй творчасці паказаў лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам. Яго паэзія ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ ст. У вершах паэта ўдала спалучыліся філасофская глыбіня твораў, імкненне да ўсебаковага асэнсавання складаных жыццёвых з’яў, а таксама высокі ўзровень паэтычнага майстэрства.

Выстаўка знаёміць з кнігамі паэзіі аўтара “Росквіт зямлі” (1930), “Па песню, па сонца!..” (1932), “Сасна і бяроза” (1970) і іншымі, паэмамі “Амонал” (1933), “Гарбун” (1935), “Баранаў Васіль” (1941), “Сцяг брыгады” (1943; Дзяржаўная прэмія СССР, 1946), “Прыгоды цымбал” (1945), “Новае рэчышча” (1951; Дзяржаўная прэмія СССР, 1949), “Грозная пушча” (1956), а таксама са зборнікамі “Крылы” (1985), “Маналог” (1989), “Паміж наступным і былым” (1995).

У мінулым годзе паэма “Сцяг брыгады” адзначыла 70-гадовы юбілей. Гэта першы буйны твор пра Вялікую Айчынную вайну ва ўсёй савецкай літаратуры. На выстаўцы прадстаўлены першая публікацыя паэмы (часопіс “Знамя”, № 2–3, 1943) і асобныя яе выданні, а таксама пераклады твора на рускую і ўкраінскую мовы.

Сярод экспанатаў – розныя выданні зборніка “Новая кніга” (1964), які стаў значнай вехай на творчым шляху А. Куляшова. Зборнік быў перакладзены Я. Хелемскім на рускую мову і даў выхад усёй беларускай паэзіі на новы ўзровень.

Зацікавяць чытача паэмы “Цунамі” (1968), “Далёка да акіяна” (1971), дзе паглыбілася філасофская аснова паэзіі аўтара; паэма Хамуціус” (1975) – адзін з самых значных твораў А. Куляшова пра лёс і подзвіг Кастуся Каліноўскага.

На працягу ўсёй творчай дзейнасці паэт многа перакладаў. На выстаўцы можна пазнаёміцца з перакладамі твораў А. Пушкіна, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі, М. Рыльскага. Пераклады кніг “Выбраная паэзія” М. Лермантава, “Энеіда” І. Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфела былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы (1970).

Асобным раздзелам прадстаўлены творы А. Куляшова ў перакладах на рускую, украінскую, англійскую, літоўскую і іншыя мовы.

Апошні раздзел экспазіцыі склалі публікацыі, змешчаныя ў энцыклапедычных выданнях, літаратуразнаўчых зборніках і часопісах, а таксама манаграфіі Т. Голуб, В. Куляшовай, М. Арочкі, Р. Бярозкіна, М. Грынчыка, якія раскрываюць жыццё і творчасць пісьменніка.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.

Спіс літаратуры

Навіны

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой

20 Май 2024

Зоя Антонаўна нарадзілася ў г. Нова-Барысаў Мінскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі эвакуіравалася ў сяло Аторма Зяметчынскага раёна Пензенскай вобласці.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам