13 снежня ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшло мерапрыемства, прысвечанае 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.
З прывітальным словам выступіў старшы саветнік, начальнік Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Васіль Чэрнік. Ён адзначыў важнасць літаратурнай спадчыны Адама Міцкевіча для Беларусі, які апеў сваю малую радзіму – Наваградчыну.
У рамках мерапрыемства адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Народжаны ў калысцы беларускай”, прысвечаная юбілею паэта. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч распавяла аб экспазіцыі, якая прадстаўляе каля 40 выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта зборнікі выбраных твораў і публікацыі розных гадоў бессмяротных паэм “Пан Тадэвуш”, “Гражына”, “Конрад Валенрод”, “Дзяды”.
Сярод дакументаў у экспазіцыі – юбілейныя выданні паэмы “Пан Тадэвуш”, якія выходзілі ў Беларусі, Расіі і Польшчы і аформленыя вядомымі мастакамі і графікамі. Таксама на выстаўцы прадстаўлены кнігі, прысвечаныя даследаванням жыцця і творчасці Адама Міцкевіча, у тым ліку яго сувязям з беларускім краем, і даведнікі па Дому-музею Адама Міцкевіча ў Наваградку.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі дзелавых, грамадскіх і навуковых колаў Расіі, творчай інтэлігенцыі і шырокая публіка.
У заключэнне вечара гасцям мерапрыемства Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” прадставіў першую нацыянальную монаоперу “Адзінокі птах” пра жыццё і смерць Адама Міцкевіча.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.