Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадстаўляе рэсурсы бібліятэк Магілёўскага краю аб асветніках і выдаўцах.
База даных “Кнігадрукары Магілёўшчыны” Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна ўтрымлівае біяграфічныя даныя пра тых, хто развіваў друкарскую справу на Магілёўшчыне: асветнікаў і выдаўцоў Пятра Мсціслаўца, Спірыдона Собаля, заснавальніка Куцеінскага манастыра і выдаўца Іаіля Труцэвіча, гравёра Максіма Вошчанку, архіепіскапа і выдаўца Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, асветніка Іллю Капіевіча, гісторыка і археографа Мікалая Гартынскага, выдаўцоў знакамітага Энцыклапедычнага слоўніка братоў Гранат. Рэсурс змяшчае спісы крыніц і галерэю ілюстрацый.
Пра выдавецтвы і выдаўцоў, Магілёўскую школу гравюры і яе прадстаўнікоў, гісторыю друку для маленькіх чытачоў распавядае інфармацыйны рэсурс “Славутыя на ўсе вякі: выдавецкая дзейнасць горада на Дняпры” Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Магілёва. Тут жа можна даведацца некаторыя цікавыя факты пра кнігадрукаванне і пагартаць электронныя копіі беларускіх кніг з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Гэтыя і іншыя рэсурсы прадстаўлены ў віртуальнай чытальнай зале (раздзел “Рэсурсы арганізацый-партнёраў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”) і на вэб-сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы” (падраздзел “Краязнаўчыя рэсурсы публічных бібліятэк”).
Матэрыял пададзены аддзелам карпаратыўнага ўзаемадзеяння.