10 красавіка ў рамках Года малой радзімы прайшоў сумесны семінар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага на тэму “Бібліятэкі і кніжная культура Беларусі: з мінулага ў будучыню”.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, музеяў, іншых устаноў культуры і адукацыі вобласці.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі выступіў з адкрытай лекцыяй “Тэндэнцыі і асаблівасці развіцця кніжнай культуры Беларусі ў XI–XX стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай і нацыянальнай гісторыі”. Слухачы пазнаёміліся з характэрнымі асаблівасцямі кожнага гістарычнага перыяду развіцця беларускай дзяржаўнасці і фактарамі, якія аказалі вырашальны ўплыў на развіццё кніжнай культуры Беларусі.
Удзельнікі семінара абмеркавалі шэраг праблемных пытанняў дзейнасці сучасных бібліятэк.
У рамках дабрачыннай акцыі “Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў” Раман Матульскі перадаў бібліятэкам Брэсцкай вобласці 500 асобнікаў мастацкай, энцыклапедычнай, даведачнай, навукова-папулярнай і вучэбна-метадычнай літаратуры.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.