Убачыла свет новая кніга – “Халодны дзень і цёплы вечар” – беларускай пісьменніцы, супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таісы Супрановіч.
У зборнік увайшлі 3 аповесці і 5 апавяданняў, некаторыя з якіх, прынамсі, друкаваліся раней у часопісах “Полымя” і “Маладосць”. Гэтая падзея не магла застацца незаўважанай, паколькі аўтарка бадай адзіная ў Выдавецкім доме “Звязда” пісьменніца для дарослага чытача, выданне твораў якой у 2017 годзе поўнасцю фінансуецца дзяржавай.
Напэўна, вы памятаеце правакацыйны нямецкі лозунг, які вызначаў ролю жанчыны, – “Kinder, Küche, Kirche” (дзеці, кухня, царква). Гэты выраз прыпісваецца кайзеру Вільгельму II і супрацьпастаўляецца “мужчынскім тром K” – “Kaiser, Krieg, Kanonen” (імператар, вайна, гарматы). Але паступова пол перастае быць лёсам: жанчыны пераадольваюць межы, наканаваныя ім грамадствам, і актыўна спрабуюць свае сілы ў розных сферах дзейнасці. Не стала выключэннем і літаратура.
Сёння жаночая проза вырасла да, не пабаюся сказаць, “сур’ёзнай літаратуры”, паднялася на якасна новы ўзровень і, безумоўна, заслугоўвае ўвагі чытача. Так, жанчыны распавядаюць пра саміх сябе, свае праблемы, душэўныя ўзлёты і падзенні, сумненні і страты, філасофскія і маральныя шуканні. Аднак найчасцей яны гавораць усё ж такі пра каханне, складаныя ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай, радасці і трагедыі, сустрэчы і раставанні.
Не выключэнне і Таіса Супрановіч. Яе персанажы – простыя людзі, чыё жыццё па пэўных прычынах істотна мяняецца. Мала хто з яе герояў быў на працягу ўсяго жыцця шчаслівым чалавекам, але ўсе яны знаходзяць найбольш зручны для сябе спосаб існавання ў гэтым свеце, становішча, якое дазваляе ў новым святле ўбачыць плюсы і мінусы свайго жыцця.
Як заўважае ў прадмове да кнігі “Халодный дзень і цёплы вечар” Аляксей Рагуля, кандыдат філалагічных навук, культуролаг, прафесар этналогіі і мастацтва БДУКіМ, “глебай, з якой прабіваецца "мысленнае дрэва" Таісы Супрановіч, з’яўляецца вопыт жыццядзеяння беларускага духу – таго людства ў наваградскім Панямонні, у асяроддзі якога прайшло маленства і юнацтва пісьменніцы”.
Згадаю, што нарадзілася будучая пісьменніца ў 1956 годзе ў вёсцы Чарэшля Навагрудскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры 25 гадоў працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі ў Навагрудку. У 2005 годзе пераехала ў Мінск, дзе працавала ў Міністэрстве адукацыі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, цяпер – у Нацыянальнай бібліятэцы. Таіса Супрановіч (Гурко) – вядучы бібліёграф НДА бібліяграфіі НББ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар трох кніг: “Мужчыны і жанчыны”, “Матчын зарок” і “Халодны дзень і цёплы вечар”. Акрамя таго, шмат друкуецца ў беларускамоўных газетах і часопісах рэспубліканскага ўзроўню.
Заканамернае пытанне – як жа нараджаецца кніга, на каго арыентуецца аўтар, раскрываючы ў творах сваю душу, – я і адрасавала Таісе Іосіфаўне.
– Я пішу ў першую чаргу для дарослых, і лічу, што мая аўдыторыя – гэта адукаваныя людзі, якія ведаюць гісторыю Бацькаўшчыны і перажываюць за яе, інакш кажучы, “сэрцам адданыя роднай зямлі”. Між іншым, акрамя Беларусі, да мяне прыходзяць водгукі з Украіны, Расіі (аж з Сібіры, між іншым), нават Англіі.Здаецца, сюжэты простыя, але якая за імі стаіць велізарная работа! Звычайна як пішуць жанчыны? Лірычна, сентыментальна, надаючы звыш увагі апісанню прыроды, пераплятаючы ападанне лісця са згасаннем пачуццяў. Я ж – чалавек дзеяння і ў жыцці, і ў творчасці. Сваю энергічнасць я перадаю праз нарастанне сюжэта, яскрава абрысаваную сюжэтную лінію кожнага з герояў. Так, між іншым, я пазбягаю маралізатарства, бо вельмі не люблю чытаць мараль. Ёсць толькі мае разважанні, і кожны чытач павінен ужо сам рабіць высновы.
На сённяшні дзень, як сцвярджае А. Рагуля, “Таіса Супрановіч у сучаснай літаратуры бадай што адзіная аўтарка, якой выпала на долю ўвесці ў літаратуру сучасныя мадыфікацыі асацыяльнага тыпажу, раней увасобленыя ў вобразах Машэкі і Бушмара”. І дадае: “У прозе Таісы Супрановіч паказана, як нарастае вал здзічэння і выраджэння ў атмасферы казённага афіцыёзу. У савецкім соцыуме адміністрацыйная кар’ера была адзінай магчымасцю выбрацца з сацыяльная ямы і дапаўзці хоць бы да сярэдніх паверхаў партыйна-каставай іерархіі. Прасоўванне па гэтай вертыкалі суправаджалася не толькі стратай роднай мовы, але і пачуцця роднасці з блізкімі. На вышэйшых паверхах свая душа была таксама лішнім грузам. Рэгулятывам быў халодны кар’ерысцкі разлік”.
Як жа тлумачыць сама пісьменніца сваю творчую знаходку?
– Я ўвогуле чалавек цікаўны, – прызнаецца Таіса Супрановіч. – За доўгі час працы загадчыцай бібліятэкі я сустрэла шмат людзей, пачула мноства жыццёвых гісторый, убачыла шчаслівыя і нешчаслівыя шлюбы, адносіны ў сям’і, розныя сітуацыі, у якія трапляюць героі ў паўсядзённым жыцці. І ўпэўнілася, што ніхто не прыдумае лепш за само жыццё. Таму мне заставалася толькі браць ужо гатовы, “жывы” чалавечы характар з усімі яго ўчынкамі, прадказальнымі рэакцыямі ў пераносіць яго ў твор. І ўжо не мая віна, што яны паўстаюць такімі жорсткімі, бязлітаснымі, сацыяльнай абалонкай прыкрываючы ампутацыю душы.…Калі бярэш чытаць жаночую прозу, мімаволі чакаеш: зараз нібы ўвачавідкі паўстане перада мной шчаслівае каханне, прыгожы прынц, неабдымнае мора радасных перажыванняў і абавязковае “жылі яны доўга і шчасліва…”. Аднак зусім адваротная карціна малюецца ў аповесцях і апавяданнях пісьменніцы.
Таіса Супрановіч:
– За ўсё сваё жыццё я пабачыла шмат жаночых лёсаў, і далёка не кожны з іх быў шчаслівым. Дык чаму я павінна ствараць шчасце там, дзе яго амаль і не было? Ведаеце гэты выраз – “альбо хороша, альбо нічога”? Дык вось у ім ёсць яшчэ працяг – “альбо праўду”. Вось я і гавару праўду: беларускія жанчыны цягнуць цяжкі жыццёвы воз, гнуцца, але не ламаюцца. Колькі б удараў ні наносіў ім лёс, яны працягваюць і жыць, і верыць, і спадзявацца, і зноў кахаць. Калі мае гераіні трапляюць у жорсткія ціскі “пракрустава ложа”, яны не скараюцца, не згінаюцца, а спакойна і ўпарта працуюць, гадуюць дзяцей, увогуле жывуць годна.Але я на правах аўтаркі, так кажучы, "Deus ex machine", ўсё ж імкнуся да хэпі-энду, гэта ўвогуле маё светаўспрыманне. Ведаеце, можна са смакам апісваць жорсткасць, жудасць (напрыклад, як памірае чалавек), людзі нібы на сябе прымераць гэтыя абставіны, у якіх апынуліся героі, перажывуць асабіста ўвесь негатыў. Але паўстае пытанне – як жа аўтару самому выйсці з гэтай цемры і вывесці за сабою чытача? Як перайсці на жыццесцвярджальныя рэйкі? Я ўжо не гавару пра тое, што значна лягчэй апісваць жахі, чым, напрыклад, насмяшыць людзей. А я свайго чытача шкадую, таму і пішу хэпі-энды.
Напрыканцы хацелася б прывесці слушную выснову Аляксея Рагулі, што “карціны сучаснага быцця ў прозе Таісы Супрановіч прасякнуты глыбокім роздумам і чысцінёй эмацыянальнага перажывання, часам гораснага, але заўсёды жыццесцвярджальнага. Ідучы ў рэчышчы традыцый беларускай класічнай прозы, пісьменніца адкрывае ў душы беларускага этнасу новыя пласты жыццяздольнасці. Яе творы вызначаюць вектар людскасці ў складаных умовах сучаснасці”.
Адным словам, вера ў чалавека, у яго людскасць – вось тое цяпло, якое сагравае ў любы халодны дзень!
Аўтар публікацыі: Алена Дзяшко, вядучы бібліятэкар аддзела суправаджэння інтэрнет-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.