3 красавіка ў рамках Года малой радзімы Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага правялі сумесны рэспубліканскі семінар на тэму “Бібліятэкі і кніжная культура Беларусі: з мінулага ў будучыню”.
У ліку ўдзельнікаў семінара – прадстаўнікі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, музеяў, іншых устаноў культуры і адукацыі вобласці.
На мерапрыемстве дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі выступіў з адкрытай лекцыяй “Тэндэнцыі і асаблівасці развіцця кніжнай культуры Беларусі ў XI–XX стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай і нацыянальнай гісторыі”. Апісваючы найбольш значныя гістарычныя падзеі, абапіраючыся на велізарны масіў фактаграфічных і статыстычных даных, Раман Сцяпанавіч прадставіў слухачам гісторыю станаўлення і развіцця бібліятэчнай і выдавецкай справы на тэрыторыі Беларусі.
У ходзе семінара загадчыца навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марына Пшыбытка расказала аб сучасным стане і перспектывах развіцця публічных бібліятэк рэспублікі.
Напрыканцы семінара ў рамках дабрачыннай акцыі “Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў” Раман Матульскі перадаў бібліятэкам Гродзенскай вобласці 700 экзэмпляраў мастацкай, энцыклапедычнай, даведачнай і вучэбнай літаратуры.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.