У фонд электроннай бібліятэкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі перададзена электронная версія кнігі “Всемирная таможенная организация в международном таможенном праве”.
Аўтарам кнігі з’яўляецца Аляксандр Васільевіч Грабеннікаў – магістр юрыдычных навук, аспірант, дацэнт кафедры адвакатуры ўстановы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА»”. Раней была перададзена ў дар сама кніга. Падобнае выданне ўпершыню выпушчана на рускай мове і атрымала станоўчую ацэнку спецыялістаў, у прыватнасці Сусветнай мытнай арганізацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, Расійскай мытнай акадэміі. Кніга таксама была прэзентавана ў Будапешце (Венгрыя) на міжнароднай канферэнцыі “Сучасныя выклікі падатковага і мытнага адміністравання”.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі вядзе плённую работу па стварэнні базы даных “Электронная бібліятэка”. Прыярытэт пры яе фарміраванні аддаецца нацыянальным дакументам. Крыніцамі папаўнення электроннай бібліятэкі з’яўляюцца фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ), бібліятэк, архіваў, музеяў і іншых арганізацый Беларусі і замежных краін, а таксама выданні, якія атрыманы ў выніку ўзаемадзеяння з праваўладальнікамі. Дзякуючы супрацоўніцтву НББ з аўтарамі бібліятэчныя калекцыі папаўняюцца сучаснымі электроннымі выданнямі.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўдзячна ўсім, хто застаецца неабыякавымі да фарміравання фонду электроннай бібліятэкі і запрашае аўтараў да плённага супрацоўніцтва.
Па пытаннях перадачы электронных копій афіцыйна апублікаваных дакументаў просім звяртацца ў аддзел фарміравання электроннай бібліятэкі.