ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Культура Беларусі: традыцыі і перспектывы
Новая форма крэатыву

Аднойчы ўначы... Бібліятэчная творчая акцыя

Аднойчы ўначы... Бібліятэчная творчая акцыя
Іншыя Навіны

13 верасня па ініцыятыве абласной універсальнай бібліятэкі на Гомельшчыне ўпершыню правялі абласную акцыю “Ноч у бібліятэцы”.


Яна атрымала назву “Ноч майстроў” і была прысвечана раману Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта”.

Хоць і ішоў дождж, але тэатралізаваная прадмова сабрала каля тысячы (а паводле даных сайта “Онлайнер. Гомель” – амаль дзве тысячы) гамяльчан і гасцей абласнога цэнтра.

Ролі герояў Булгакава сыгралі супрацоўнікі бібліятэкі – акцёры народнага аматарскага тэатра “Гракі”: Воланда – Юрый Максіменка, Кароўева – Юрый Рачынскі, Бегемота – Віталь Сядзько, Азазэла – Ілья Верхаводка, Маргарыту – Ірына Студнева, Майстра – Сяргей Галомзік.

Калі гадзіннік прабіў апоўнач, таямнічы голас абвясціў: “Вялікі раман Булгакава заканчваецца ў Маскве, на тэрасе Пашкова дома, цяпер – Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, у далёкім 1929 годзе. А сёння, у ХХІ стагоддзі, Воланд са світай наведвае галоўную бібліятэку Гомеля і нашай вобласці!”

Воланд: Цікавы горад, ці не праўда?
Кароўеў: Месір, мне больш падабаецца Рым!
Воланд: Ну, гэта справа густу. А што за шум у Доме Грыбаедава?
Бегемот: Гэта гомельскія бібліятэкары рыхтуюцца да свайго прафесійнага свята. Сёння ў іх – Ноч у бібліятэцы!
Воланд: Я з задавальненнем правёў бы ноч у бібліятэцы! Памятаеце, як я прыехаў у Маскву, каб разабраць у Дзяржаўнай бібліятэцы рукапісы Герберта Аўрылакскага?
Кароўеў: Даруйце, месір, але ж вы іх не разабралі.
Бегемот: Фагот, у месіра бракавала часу: ён быў заняты масквічамі.
Кароўеў: А цяпер не пашкодзіла б заняцца гамяльчанамі.
Воланд: А што цяпер чытае сучасны люд?
Кароўеў: Усё больш айпады, ды слухае аўдыякнігі…
Воланд: А гамяльчане кнігі чытаюць?
Кароўеў: Пакуль чытаюць. І гэта радуе…

Дык што ж было той ноччу ў абласной бібліятэцы? У фае разгарнулася выстаўка котак “Кот Бегемот і родзічы”, арганізаваная Гомельскім гарадскім аддзяленнем Беларускай асацыяцыі “Фелінолаг”. Месір Воланд назваў лепшую.

У Музеі рэдкай кнігі размясціўся фотасалон “У Воланда”. Натуральна, большасць наведвальнікаў жадала сфатаграфавацца менавіта з месірам. А тым часам загадчык аддзела рэдкай кнігі Дзіна Мельнічэнка знаёміла ахвотных з кніжнымі рарытэтамі.

Кавярня ж бібліятэкі стала на час “Домам Грыбаедава”, дзе выступілі гомельскія музыкі і паэты, у прыватнасці, салісты студыі “Рэтра”, акцёр Аляксей Бычкоў, які прэзентаваў інсцэніраваны ўрывак са сваёй п’есы, прысвечанай Мікалаю Румянцаву…

У чытальнай зале працавала выстаўка гомельскага мастака Сяргея Каўрыгі “Ад Аэліты да Маргарыты”. Варта дадаць, што карціна творцы ўвайшла ў дзясятку самых незвычайных мастацкіх работ на леташнім “Славянскім базары ў Віцебску”.

Аддзел перыядычных выданняў пераўтварыўся ў “нядобрую кватэру № 50”, дзе гомельскія студэнты ды навучэнцы пагулялі ў літаратурны квэст.

На трэцім паверсе новага бібліятэчнага корпуса працаваў дамскі салон, які ўладкавалі супрацоўнікі бібліятэкі, касметычнай фірмы і салона вячэрніх і вясельных сукенак. Для дэфіле было падрыхтавана шэсць прэтэндэнтак на ролю Маргарыты, што была выбрана на балі ў Воланда. А сам баль, дзе арганічна спалучыліся паэзія і арфаграфія (цудоўная работа студыі тэатра і танца “Livень”), паставіў яркую запамінальную кропку Ночы майстроў.

Бібліяноч доўжылася дзве гадзіны, да 23-й. Воланду з яго світай было шкада развітвацца з Гомелем: “Цудоўны горад – чытаючы горад! У тым мы сёння пераканаліся не раз”. Але пачулася ржанне коней, і месір пад апладысменты гледачоў знік…

Аўтар публікацыі: Юрый Максіменка, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі.

Крыніца: газета “Культура”, 28.09.2013

Чытайце таксама:

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам