ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да Дня праваслаўнай кнігі і 440-годдзя Астрожскай Бібліі
Руплівец беларускай даўніны (+відэа)

Бульба з кіслым малаком і бланманжэ: якім было меню Якуба Коласа

Бульба з кіслым малаком і бланманжэ: якім было меню Якуба Коласа
Іншыя навіны

Сябры і калегі ведалі: Колас любіць ежу простую, вясковую. Сын Даніла неаднойчы ўспамінаў, як бацька еў бульбу з кіслым малаком, верашчаку з грыбамі і яечню са скваркамі. Любімыя стравы не змяняліся незалежна ад пары года ці месца жыхарства: яны нагадвалі пісьменніку пра дзяцінства.

Музей Якуба Коласа ў Мінску.jpg
Музей Якуба Коласа ў Мінску

"Новая зямля" як кулінарная кніга

Якуб Колас неаднойчы казаў, што расказаць пра сваё дзяцінства лепш, чым у паэме "Новая зямля", не зможа. Твор, які называлі энцыклапедыяй сялянскага жыцця, можна назваць і кулінарнай кнігай, у якой не проста ўзгадваюцца назвы пэўных страў, а прыводзяцца рыфмаваныя рэцэпты. Успомніць хаця б знаёмую ўсім школьнікам частку "Дзядзька-кухар", дзе дасканала апісваецца працэс гатавання клёцак з сокам.

Выданні паэмы Новая зямля.jpg
Выданні паэмы "Новая зямля" Якуба Коласа

У розных раздзелах узгадваецца вялікая колькасць страў — святочных і звычайных. У нядзелю ўся сям'я збіралася за святочным сталом, дзе елі блінцы, верашчаку, аладкі, тварог са смятанай і цалкі — так называлася яечня, у якой жаўткі не змешваліся з бялкамі.

На Каляды звычайна елі куццю і шмат рыбы — акунькі, мянькі і плоткі. У якасці дэсерту на стале былі ламанцы — пшанічнае цеста з макавым сокам — і кісель з мядовай сутой — растворам мёда. На Вялікдзень на стале заўсёды было шмат мяса — шынка, кілбасы-скруткі, падсвінак, сцёгны, сала, грудзінкі. Акрамя гэтага, маці пякла пірагі і аладкі.

Нямецкі торт ад жонкі Марыі Дзмітрыеўны

Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітрыеўна пабраліся шлюбам у 1913 годзе, яна нарадзіла пісьменніку трох сыноў. "Мілы друг мой", "мая зорка", "мая добрая дружачка", "мая святыня", "яснюсенькая зорка" — так называў Якуб Колас сваю жонку.  Была яна і выдатнай гаспадыняй — віртуозна гатавала мяса і кандытарскія стравы.

Марыя Дзмітрыеўна ўключала ў меню ўсё, што так любіў муж, але і абавязкова выдумляла штосьці арыгінальнае. На салодкае ў доме Коласа заўсёды былі тарты, цукаты і "Цыганская мазурка". Апошняя на самой справе была стравай польскай і ўяўляла сабой цеста з арэхамі і сухафруктамі.

Сыны Коласа ўзгадвалі, што аднойчы пасля застолля гасцям прывезлі ачышчаныя ад шалупінак вароныя яйкі. Прысутныя вырашылі не падаваць віду і з'есці пачастунак. Высветлілася, што гэта было бланманжэ — жэле з малака, цукра і жэлаціну. З таго часу халодны дэсерт стаў своеасаблівай "фішкай" Марыі Дзмітрыеўны.

Да 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы жонка Коласа прыгатавала торт Баумкухен (Baumkuchen, у перакладзе "дрэва-пірог" — Sputnik). Гэты від выпечкі характэрны для Германіі. Яго зрэз нагадвае зрэз дрэва з гадавымі кольцамі. Прыгатаванне такога торта лічыцца вяршыняй кулінарнага майстэрства. Для выпякання выкарыстоўваецца драўляны конус, на які наматваецца шпагат і прыкрываецца навошчанай паперай. Зверху гэтай канструкцыі наматваецца цеста, пасля запякання якога конус дастаюць.

Рускі паэт і перакладчык Сяргей Гарадзецкі, з якім сябраваў Колас, узгадваў, што падчас візіта ў Ташкент да пары Міцкевічаў для яго арганізавалі сапраўдны беларускі стол з грыбамі, беларускімі сырамі і паляндвіцай. Галоўнай стравай была печань ментуза, якую Гарадзецкі вельмі любіў.

Вырошчваў тытунь, рабіў настойкі

З 1944 года Якуб Колас жыў у Мінску, але без жонкі. Яна памерла ў 1945 годзе.  Тут у яго быў свой сад, дзе раслі вішні, грушы, агрэст, маліны і слівы. Канстанцін Міхаілавіч вырошчваў усё самастойна і нават праводзіў сельскагаспадарчыя эксперыменты. Аднойчы пасадзіў разам жыта і ячмень — такі спосаб прачытаў у кнізе XVI стагоддзя, а вынікі сваіх даследванняў адправіў у Нацыянальную акадэмію навук.

Яблыкі ў садзе Якуба Коласа.jpg
Яблыкі ў садзе Якуба Коласа

Ёсць у Дзяржаўным музеі і склеп, дзе захоўваліся хатнія нарыхтоўкі — бульба, яблыкі і кансервы. Гэта самая старая пабудова на тэрыторыі сядзібы класіка.

Тыповы гарадскі склеп сярэдзіны ХХ стагоддзя.jpg
Тыповы гарадскі склеп сярэдзіны ХХ стагоддзя

Якуб Колас быў апантаным грыбніком, асабліва паважаў баравікі, таму нарыхтоўкі з грыбоў меліся ў хаце заўсёды. Урачы забаранілі пісьменніку есці мяса і вострыя стравы і ён ужываў шмат мочаных яблыкаў, капусты і салёных агуркоў.

Некаторы час паэт вырошчваў на ўчастку тытунь, але потым паліць забаранілі ўрачы, і на такое хобі прыйшлося забыцца.

Сёння ў музеі Якуба Коласа ёсць сталовая, дзе захоўваецца посуд і некаторыя побытавыя рэчы. Напрыклад, набор для крушону — так называецца віно або сумесь вінаў з кавалачкамі садавіны — падарыў Янка Маўр, драўляную бутэльку і кубачкі — Пятрусь Броўка і Пятро Глебка.

Набор для крушону, які Коласу падарыў Янка Маўр.jpg
Набор для крушону, які Коласу падарыў Янка Маўр

Падарунак ад Петруся Броўкі і Пятро Глебкі.jpg
Падарунак ад Петруся Броўкі і Пятро Глебкі

Было ў жыцці пісьменніка месца і алкагольным напоям. Напрыклад, у Ташкенце яго сябар Ісаак Драбкін вырабляў незвычайны настой, галоўнымі інгрыдыентамі якога былі спірт і вінаградныя адходы — скуркі, мякаць, костачкі і крыху сока. Колас называў гэты напой "хомут".

Наліўкі.jpg
Наліўкі

Некаторыя настойкі пісьменнік рабіў самастойна. Вядома, што "Міхасёўку" па адмысловым рэцэпце сям'і Міцкевічаў зараз працягвае рабіць малодшы сын Міхась і хавае рэцэпт у сакрэце.

Аўтар публікацыі: Міхаіл Азерскі.
Крыніца: Sputnik

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам