ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Прастора музея. Рэаліі і магчымасці
Культура Беларусі: традыцыі і перспектывы

“Дзякуй землякам, што не падкія да грошай”

“Дзякуй землякам, што не падкія да грошай”
Іншыя навіны

Дзіцячая пісьменніца Наталля Ігнаценка не толькі піша кніжкі. Яна прыдумала і сама стварае адмысловыя інсталяцыі, якімі суправаджае кожную прэзентацыю новай казкі. І дзеці ад іх застаюцца ў захапленні!


Апошнія 17 гадоў Наталя жыве ў Расіі (7 – у Санкт-Пецярбургу і 10 – у Маскве), аднак паспяхова выдаецца і ў нашай краіне, якую па-ранейшаму лічыць роднай. Карэспандэнт «Звязды» папрасіла Наталлю Ігнаценку раскрыць сакрэты яе інсталяцый, расказаць, ці лёгка гадаваць уласных дзяцей, а таксама даведалася, што рабіць, калі яны занадта шмат «сядзяць» у Сеціве...

– Наталля, цяпер вы жывяце ў Расіі, аднак нарадзіліся ў Беларусі. Што яднае вас з нашай краінай?
– Гэта мая Радзіма, у мяне аж сэрца замірае, калі згадваю пра яе. А беларускія лясы, калі еду між імі па дарозе, такімі роднымі і чыстымі здаюцца. У мяне тут карані і карэньчыкі. У Быхаве жыве мой родны дзядзька, у Магілёве – усе сябры, як школьныя, так і ўніверсітэцкія.

– Якімі вам згадваюцца тыя часы, калі жылі ў Беларусі?
– Я была такой узорна-паказальнай піянеркай, праўда, з камсамолам у мяне не вельмі складвалася. Тады ўсё было лагічна: калі добра вучышся – паступаеш ва ўніверсітэт, паспяхова скончыў – атрымліваеш нядрэнную працу. Хоць, зразумела, усюды была ўраўнілаўка. Я сумую па тых часах – мне было лёгка. Хаця ў мяне такі характар, што мне заўсёды будзе добра. Бо я чалавек, які заўсёды нешта робіць. Проста так не сяджу, ніколі не сумую. То пішу, то малюнкі-ілюстрацыі ствараю, то з дзецьмі займаюся... Вядома ж, люблю чытаць. Таму я не прападу ні пры якіх абставінах (смяецца).

– Раскажыце, як узнікла ідэя інсталяцый, якія суправаджаюць вашы творы пад час іх чытання?
– Калі сталі выходзіць кніжкі, з'явілася патрэба выступаць перад дзецьмі. Уявіць сабе, што чалавек прыйдзе і будзе чытаць вершы перад малымі – гэта нудота. Таму я вырашыла выкарыстоўваць нагляднасць: ілюстрацыі – для кніг, а для выступленняў – нешта накшталт спектакля. Пад час шматлікіх паездак я назбірала шмат розных фігурак. Атрымалася, што першыя інсталяцыі з іх і зрабіла – мала што прыйшлося дакупляць, амаль усё я мела. «Дамавічок» – інсталяцыя па другой казцы – гэта ўжо больш сур'ёзная праца, бо вельмі шмат усяго даводзілася рабіць рукамі – набыць прадметы было нерэальна. Аднак вынік усё апраўдаў: пастаноўкі праходзяць «на ўра», як міні-спектаклі. Я заўважыла, што дзеці нават на мяне не звяртаюць увагі, а глядзяць у каробачкі. Ёсць інтрыга, бо кожная з іх адкрываецца па чарзе – атрымліваецца, я трымаю ўвагу да канца. Дзеці вельмі ўдзячныя, яны адчуваюць, што ўсё зроблена сваімі рукамі да канкрэтнай казкі, а не куплена дзесьці.

– Атрымліваецца, у вас пад кожную казку маецца асобная інсталяцыя?
– Так, калі я прэзентую новую кніжку, я проста вяду гледача па сваіх так званых скрыначках, паступова паднімаю іх накрыўкі – і ўся казка дзецям бачыцца праілюстраванай аб'ёмна.

– Вы неяк казалі, што дзеці шмат часу праводзяць са сваімі электроннымі цацкамі...
– Так, яны бавяцца з імі і на адпачынку, і ў школах, і ў летніках – усюды. Мы, дарослыя, гэтым моцна занепакоены. Застаецца спадзявацца, што гэта не гульні, што яны шукаюць адказы на нейкія пытанні. Я не супраць Інтэрнэту, электронных прылад – усё гэта з'яўляецца з развіццём прагрэсу, таму павінна быць. Аднак я за жывыя зносіны. Калі дзеці зацыкліваюцца на сябры-камп'ютары або сябры-айфоне, яны страчваюць нешта вельмі важнае: погляд вочы ў вочы, поціск рукі. Такія каштоўныя тактыльныя адчуванні знікаюць. Яны засяроджваюцца на электронных цацках, і суразмоўцам робіцца камп'ютар, а не жывы чалавек. Раней сябру тэлефанавалі і пыталіся: «Пеця, а як ты лічыш?..» А цяпер усё ёсць у Сеціве, непасрэдныя чалавечыя зносіны знікаюць.

– Ці можа на гэта неяк паўплываць сям'я?
– Так, я і сваіх дзяцей прывучаю, і іншым кажу, што пакуль жывыя бабулі, дзядулі, пытайцеся, як яны жылі, што елі, чым займаліся – гэта вельмі цікава. Бо пасля, калі захочацца такое пачуць, будзе ўжо позна. Трэба выкарыстоўваць момант, чуць кожнае слова. І менавіта ў сям'і культывуюцца такія паняцці як бяспека, культура. Бо родныя не параяць нічога дрэннага. Гэта такі мікрасвет сваёй сям'і, і ён унікальны.

– Колькі ў вас дзяцей і грамадзянства якой краіны яны маюць?
– Двое хлопцаў. Прычым старэйшы, фігурыст Павел Ігнаценка, выступае за Беларусь. У нас ва ўсіх беларускія пашпарты. Так атрымалася, што мы цяпер жывём у Расіі: і муж працуе там, і сын катаецца пад наглядам добрых трэнераў – на жаль, у Беларусі няма такой моцнай школы фігурнага катання. Аднак не выключана, што мы ўсе вернемся сюды.

– Дазваляеце сваім хлопцам карыстацца тэхнічнымі навінкамі або неяк спрабуеце абмяжоўваць?
– У старэйшага сына няма на гэта часу, бо ён і так вельмі загружаны трэніроўкамі. Акрамя таго, яшчэ і яго хобі перарасло ў патрэбную справу: ён робіць музыку для фігурыстаў, да яго многія звяртаюцца. Таму старэйшы не гуляе за камп'ютарам, ён выкарыстоўвае яго толькі па справе. Малодшы ж, так, часам «падвісае» на камп'ютары.

– Вы штосьці робіце з гэтым?
– Я не забараняю. Але калі ён адрываецца, адразу клічу, імкнуся нешта цікавае паказаць – дзейнічаю хітрасцю. На адпачынку, калі прыхварэў, я разгарнула перад ім «Стары і мора» Хэмінгуэя – атрымалася ў тэму (мора, адпачынак, рыбалка) – і стала чытаць. А на сярэдзіне спынілася, сказала, што ў мяне свае справы. І ён дачытаў, бо пачатак быў пакладзены.

– Вы самі карыстаецеся электроннымі кнігамі або аддаяце перавагу традыцыйным, папяровым?
– Я маю электронную кнігу, аднак у адпачынак абавязкова бяру з сабой папяровую. Мне больш прыемна і зручна: я заломліваю старонкі (шкоджу, як раней казалі), раблю пазнакі на палях. Для мяне кніга – жывая. Быць можа, я чалавек мінулага пакалення, але я яшчэ не прызвычаілася да тэхналогій.

– Што рабіць сучаснаму аўтару, каб яго кнігі прадаваліся?
– Як можна купіць кнігу Наталлі Ігнаценкі ў тым жа Мінску? Трэба або ведаць яе асабіста, або быць знаёмым з яе папярэдняй творчасцю – выключна два варыянты. Таму, каб ведалі, трэба выступаць. Увогуле я здзіўлена, што мая кніга так добра прадаецца тут. Бо я незнаёмы аўтар. У Маскве ў гэтым плане я сутыкалася з пэўнымі цяжкасцямі: «Хто вы, Сабчак? Не? Прабачце, бывайце!» Там трэба пісаць пра «гэта», трапіць у скандал або быць славутасцю – тады ў цябе ўсё гладка. А іначай давядзецца прабівацца. А ў мяне не было часу прабіваць ілбом сабе дарогу. Таму дзякуй выдавецкаму дому «Звязда», што заўважылі, і Раісе Баравіковай, якая першая пераклала мае творы на беларускую мову. Я вельмі ўдзячна беларусам, што яны цэняць першакрыніцы, што не вядуцца на бізнес, на грошы. Калі чалавечае пакуль больш важнае – мяне гэта вельмі радуе.

– Ці ведаеце вы якіх-небудзь беларускіх пісьменнікаў, якія правільна сябе піяраць, прасоўваюць? І ці можаце тое ж сказаць пра сябе?
– Пакуль што я мала бывала ў коле беларускіх літаратараў, толькі пачынаю ў яго ўваходзіць. Аднак я знаёмая з паэтам Андрэем Смятаніным, які піша для самых маленькіх, ён мне падарыў сваю кнігу «Бурбалкі». Мне вельмі спадабаўся гэты хлопец, я бачу, што ён сапраўды граматна развіваецца, працягвае пісаць і ў бібліятэках выступае, па-іншаму сябе імкнецца прасоўваць. Але, ведаеце, мужчына-пісьменнік – гэта прафесія. У яго генетычна закладзена, што ён кармілец. Мне ў гэтым сэнсе крыху больш складана, бо ў першую чаргу – маці, жонка. А тое, што ў мяне «вылазіць» маё пісьменніцтва і творчасць, мне здаецца, гэта ад таго, што я вельмі жывы, камунікабельны чалавек, аднак цяпер – хатняя гаспадыня. Таму энергія і жаданне пагутарыць вылілася ў вершы і інсталяцыі.

Аўтар публікацыі: Ніна Шчарбачэвіч.

Крыніца: газета «Звязда», 03.10.2013.

Чытайце таксама:
И сказки услышать и героев увидеть

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам