ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларусь сучасная: захаванне спадчыны
Экскурсія напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Краязнавец – пра аўтографы Чорнага і Караткевіча, пра вяртанне забытых імёнаў

Іншыя навіны

Аднойчы, пішучы пра маладзечанскага бібліяфіла і краязнаўца Міхася Казлоўскага, я згадала «прынцып Несцеркі»: як вядома, беларускі казачны герой на пытанне, дзе цэнтр зямлі, тыцнуў кульбачкай перад сабой і сказаў: «Тут. Не верыце? Перамерайце».

Міхась Казлоўскі, нястомны руплівец, падобна Несцерку, стварае цэнтр беларускага культурнага жыцця там, дзе жыве. У Маладзечне дзякуючы яму выдаецца краязнаўчы альманах «Куфэрак Віленшчыны», выходзяць кнігі, адбываюцца канферэнцыі... Нядаўна бібліяграфія самога Міхася папоўнілася двухтомнікам «Пад сузор'ем веры і надзеі».

Што новага ўвайшло ў твой двухтомнік?

– Нават тое, што было ў ранейшых кнігах, дапоўнена новымі звесткамі. Ну, і працэнтаў шэсцьдзясят зусім новага тэксту. Напрыклад, у раздзеле «Нечаканыя знаходкі» з цыкла «Бібліяфільскія гісторыі» распавядаецца пра каталог мастацкай суполкі «13» і аўтографы Уладзіміра Караткевіча... Не друкаваліся раней артыкулы «Паштовыя пісулькі беларускай гімназіі», «Паштоўкі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа»... Дадаўся артыкул пра мініяцюрныя і некаторыя малафарматныя кнігі, пра тое, як у Вільні я знайшоў архіў Адама Станкевіча... Усё не пералічыш.

– Цікава, што новага прагучала пра аўтографы Караткевіча?

– Гэта пра экспанаты з маёй хатняй бібліятэкі. Некалькі разоў мне ўдавалася набыць кнігі з подпісамі Караткевіча, адрасаванымі розным асобам, у мінскіх букіністычных крамах. Аднойчы знайшоў у кнігарні першы паэтычны зборнік «Матчына душа», які выйшаў у 1958 годзе. Цяжка паверыць, але ён вельмі дрэнна разыходзіўся, і вялікую частку накладу пусцілі пад нож. Разгортваю... На франтыспісе – малюнак: зубр рыхтуецца да бойкі, на тытульнай старонцы – аўтограф, невядома да каго скіраваны, і без подпісу. «Кнізе сто год. Няхай і нам будзе з часам двойчы па сто. Трымаемся, браце. 23.12.64 Менск». Купіў за сціплую суму... Аўтограф жа невядома чый, невядома каму. Але я почырк Караткевіча ніколі не зблытаю.

Кожны аўтограф патрабуе расшыфроўкі. Я пачаў шукаць і знайшоў. Алег Лойка ў сваім рамане «Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсіа Лойкі» напісаў, што мае гэты аўтограф, працытаваў яго дакладна. Думаю, яны з Караткевічам сядзелі за сталом, за сяброўскай бяседай, таму і атрымалася без подпісу і адрасата. Яшчэ выпадак... Паэт Віктар Шніп атрымаў у якасці падарунка ад жонкі кампазітара Глебава некалькі рукапісаў вершаў Караткевіча. Адзін з іх падарыў мне — я доўга не мог паверыць, што мая мара стала рэальнасцю. Гэта верш «Раманс шлагбаума».

– Так што ты працуеш і як дэтэктыў?

– Безумоўна. Напрыклад, у раздзеле «Пуцявінамі страчаных скарбаў» распавядаецца пра мае пошукі рукапісаў некалькіх вершаў Максіма Багдановіча. Я пастараўся, як кажуць, метадам дэдукцыі вылічыць, дзе яны могуць знаходзіцца. Матэрыял заканчваю аптымістычна, словамі з апавядання яшчэ аднаго вядомага бібліяфіла Барыса Сачанкі «Іван Патапавіч Белахвосцік – кніжны Шэрлак Холмс»: «Шукайце, не сядзіце ў хаце, а хадзіце па людзях, пытайце, што ў каго ёсць з рукапісаў і старых кніг. Пад ляжачы камень вада не цячэ... І я веру: знойдуцца тыя скарбы. Не могуць не знайсціся». Прарочыя словы.

– Ты робіш, як раіў Барыс Сачанка...

– Справа ў тым, што старых хат, пра якія ён казаў, амаль не захавалася. Паўсюль стараюся знайсці нашчадкаў беларускіх дзеячаў. Часта гэта людзі далёкія ад беларускай справы, у іх мала што захоўваецца... Але ў некаторых, улічваючы, што яны інтэлігенты не ў першым пакаленні, маецца тое, што датычыцца памяці пра іх продкаў.

– Напэўна, даводзілася беларускія рэдкія выданні знаходзіць на сметніцах, на гарышчах...

– Безумоўна, бывала і такое. Да таго ж ты не ведаеш, дзе можна знайсці самае цікавае, яно бывае ў самым непрадказальным месцы. Аднойчы тэлефануе мне з Мінска адзін знаёмы: «Тут кніжка ў мяне ёсць, можа, вам патрэбная». Пытаюся, што за кніжка. «Ды нейкая «Молодая Белоруссия». Я сказаў, прыеду, пагляджу. А сам прыкідваю... «Маладая Беларусь» – быў часопіс, які выходзіў у 1912—1913 гадах у Санкт-Пецярбургу, тры нумары выйшла. Меўся яшчэ ў Заходняй Беларусі часопіс пад такой назвай, у 1936-м. Выйшаў толькі адзін нумар. А яшчэ пад такой назвай магла быць кніжка Льва Клейнбарта 1928 года, даволі рэдкая. Прыехаў – на стале ляжыць тоўстая кніжка, кінуў вокам на вокладку – «Клейнбарт». А на развароце – аўтограф: брат Клейнбарта падпісвае невядомай кабеце, «на памяць аб маім браце».

– У тваіх зборах, безумоўна, шмат кніг з аўтографамі... Якія самыя дарагія?

– З самых дарагіх аўтографаў, адрасаваных мне, – аўтограф Караткевіча. «Паважанаму Міхасю Казлоўскаму, каб заўсёды заставаўся такім, якім выявіў сябе з самага пачатку, і каб хутчэй вяртаўся пад белыя крылы. 24 сакавіка 1979 года». Так напісаў Уладзімір Сымонавіч на кнізе «Зямля пад белымі крыламі». Чаму тут пра вяртанне пад белыя крылы? Я ў войску тады служыў. Аўтограф гэты я атрымаў дзякуючы гісторыку, краязнаўцу і літаратуразнаўцу Генадзю Каханоўскаму, з якім мяне пазнаёміла мая настаўніца. Я з ім ліставаўся, калі служыў у арміі. Каханоўскі быў у добрых адносінах з Караткевічам і ў нейкі момант паказаў таму мае лісты. Лісты сапраўды незвычайныя, як я сёння разумею. Цікавы быў той васямнаццаці–дзевятнаццацігадовы хлопчык... Дзіва, пра што марыў, якія прозвішчы згадваў... І гэта тады, у 1978–1979 гадах.

– І пра што ж той хлопчык разважаў?

– Ну, напрыклад, пра творчасць Язэпа Лёсіка. Я ж не разумеў, што трэба неяк «канспіратыўна» ставіцца, што гэты пісьменнік адносіцца да катэгорыі забароненых... Мяне здзіўляла: яго імя згадваюць, на яго спасылаюцца, а творы нідзе не знайсці. Дык я і пытаўся ў Генадзя Каханоўскага, дзе прачытаць кніжкі Лёсіка. Альбо Вацлава Ластоўскага, альбо Алеся Гаруна... Нават сёння не ўсе ведаюць гэтыя прозвішчы.

– А той хлопчык адкуль ведаў?

– А той хлопчык, як гаварыў Караткевіч пра падобных, быў дапытлівы суб'ект. Памятаю, у падручніку па беларускай літаратуры для восьмага класа літаратура пачатку ХХ стагоддзя дзялілася на дзве плыні – рэакцыйную і прагрэсіўную. Да прагрэсіўнай Купала і Колас адносіліся, а да рэакцыйнай – Вацлаў Ластоўскі, Гарун, Каганец, якія ідэалізавалі феадальнае мінулае, прапагандавалі класавы мір... Я начытаўся такіх выказванняў, і мне надта хацелася даведацца, што ж гэтыя людзі такое дрэннае пісалі? Я пачаў шукаць... Чытаў у энцыклапедыях іх біяграфіі. Выпадкова знайшоў у сваёй настаўніцы хрэстаматыю новай беларускай літаратуры Ігната Дварчаніна 1927 года выдання, яна выходзіла ў двух варыянтах: у выглядзе тоўстага фаліянта з раздзеламі і паасобных сшыткаў. Вось адзін з такіх сшыткаў і пачынаўся вершам «Начныя думкі»: «Межы, курган векавечны і хвоя, каня з аднэю малітваю «піць»... А на вокладцы напісана: «А. Гарун». Ліст з біяграфіяй і фотаздымкам паэта быў вырваны. Але, прачытаўшы яго вершы, я зразумеў: ён жа добры паэт! Дык чаму пра яго гавораць, што ён такі дрэнны? Відаць, Генадзь Аляксандравіч, здзівіўшыся ведам гэтага неафіта, паказаў лісты Уладзіміру Сымонавічу... А той расчулена падпісаў гэтую кніжку.

– Якія самыя цікавыя экспанаты калекцыі?

– Знайшоў выпадкова ў Вільні невялікую кніжачку ў цвёрдай палатнянай вокладцы. «Хвоі гавораць» Кузьмы Чорнага 1926 года ў афармленні Ахола-Вало. З аўтографам: «Марыі Шутавічанцы ад шчырасці. Кузьма Чорны. 6 кастрычніка 1944 года. Менск». І пячатка з пазнакай «Кнігазбор кс. Адама Станкевіча». Даследаваць гісторыю аўтографа дапамог дзённік Кузьмы Чорнага, у якім ёсць запіс пра тое, што да яго зайшла Марыя Шутовіч з Вільні, пакаёўка ксяндза Адама Станкевіча. «Яна прыехала ў Менск, каб дайсці тут якое-небудзь рады: віленскі біскуп Ялбжыкоўскі садзіць усюды на Беларусі на канфесіі палякаў ксяндзоў, якія і прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталікі ёсць чыстыя палякі. Гэтая жанчына вельмі прыемная асоба, тыповая яшчэ нашаніўка».

– Нядаўна мы былі ў Маладзечне на канферэнцыі, прысвечанай беларускаму грамадскаму дзеячу, выдаўцу Аляксандру Уласаву. Яна праводзілася ў бібліятэцы імя М. Багдановіча, дзе ты працуеш, з тваёй ініцыятывы...

– Усіх такіх канферэнцый было чатырнаццаць. Першую прысвяцілі Купалу. Мінулы год прапусцілі ў сувязі з пандэміяй. Гаварылі пра многіх... Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Міколу Ермаловіча, Генадзя Каханоўскага, Пятра Бітэля, Максіма Танка, Рыгора Семашкевіча... Знакавыя постаці, стараемся выбіраць яшчэ і тых, якія маюць адносіны да нашага рэгіёна.

– Вялікая частка тэкстаў двухтомніка прысвечана гісторыі беларускай школы, беларускага настаўніцтва... Тут таксама хапае дэтэктыўных расследаванняў.

– Мне здавалася, што ў нас вельмі шмат постацяў, якія заслугоўваюць больш шырокага асвятлення, а пра іх ніхто не піша. І я пачаў шукаць пра такіх людзей звесткі ды пісаць сам. Напрыклад, пра педагога, публіцыста, грамадскага беларускага дзеяча міжваеннага часу Адольфа Клімовіча. Такія даследаванні патрабуюць вялікіх высілкаў. Спачатку трэба на магілку з'ездзіць, калі яна захавалася, – у выпадку з Клімовічам на Астравеччыне... І так звяно за звяном ланцуга раскручваеш. Я гэтых людзей завочна люблю. Перад тым як пісаць, углядаюся ў фотаздымак, асабліва ў вочы майго героя. Бо вочы не хлусяць. Паглядзіш – вось, пра гэтага чалавека хацелася б больш ведаць... Спачатку пра Клімовіча напісаў артыкул, тады ён вырас да кнігі. Тады захацелася яшчэ нешта дадаць. Тым больш жанрава ў мяне вызначана «эцюд да партрэта». А эцюд – гэта нешта незавершанае.

– Без цябе ніхто б не згадаў і Вячаслава Міхасёнка...

– Безумоўна, не. Для мяне быў шок, калі нават у энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч» не знайшлося месца для згадкі пра Міхасёнка. Караткевіч столькі з ім ліставаўся, неаднаразова згадваў. Бываў у яго ў гасцях у Дубравах Маладзечанскага раёна, дзе Міхасёнак працаваў настаўнікам, выкладаў беларускую мову і літаратуру, і музыку, бо скончыў яшчэ і музычнае вучылішча. І жонка Міхасёнка была настаўніцай. Захаваліся фотаздымкі Караткевіча ў Дубравах, нават з жонкай туды прыязджаў. Прыязджаў і з Адамам Мальдзісам. Той дом, дзе ён гасцяваў, на жаль, згарэў, захаваўся толькі здымак, які зрабіў Караткевіч, а на зваротным баку ён падпісаў, маўляў, і дом яшчэ добры, і гаспадары добрыя. Караткевіч нават хацеў у дубраўскіх ваколіцах набыць лецішча. Калі нешта падпісваў Міхасёнку, там заўсёды прысутнічала слова «сябар». Міхасёнак таленавіты быў і як паэт. Праўда, гультаяваты. Каб пісаў шмат, мог бы сцвердзіцца ў літаратуры. Калі Вячаслаў Рагойша рыхтаваў першае выданне паэтычнага слоўніка, з падачы Караткевіча праілюстраваў артыкул пра адну з паэтычных форм вершам Міхасёнка «Хутары».

Парадаксальна, што той, хто бачыў Караткевіча ў салоне аўтобуса ці прысвяціў яму верш, у энцыклапедыі ёсць, а таго, хто ўваходзіў у кола блізкіх знаёмых ці нават сяброў, няма. Гэта выпадковасць ці заканамернасць? Трэба думаць, што хутчэй апошняе.

Міхасёнак напісаў добрыя ўспаміны пра Уладзіміра Караткевіча. Частка з іх пасля смерці аўтара друкавалася ў газеце «Літаратура і мастацтва». Ёсць другая частка, якая яшчэ нідзе не друкавалася... Там шмат цікавых побытавых дэталяў. Як Караткевіч паводзіў сябе ў той ці іншай сітуацыі, пра што гаварылі... Захаваліся ў архіве Міхасёнка малюнкі Караткевіча. Аднойчы ён прыехаў да Караткевіча з дырэктарам сваёй школы. Госці, відаць, добра выпілі і паблыталі шапкі. Дырэктар узяў Караткевічаву, а сваю пакінуў, бо падобныя, пыжыкавыя. І Караткевіч піша: «Слава, я цябе прашу, як-небудзь скажы дырэктару, каб мы з ім памяняліся шапкамі, а то мы выглядаем як на гэтай карцінцы». І намалявана: у Караткевіча на галаве шапачка маленькая, а дырэктар у шапцы аж з вушамі схаваўся. З прыемнасцю падрыхтую гэтыя матэрыялы для публікацыі на старонках «Звязды».

– Упэўнена, успаміны Вячаслава Міхасёнка будуць цікавыя нашым чытачам.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Аб ролі СМІ ў папулярызацыі культурных каштоўнасцей – адкрыты дыялог з міністрам культуры

6 Май 2024

6 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася традыцыйная сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, прысвечаная Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам