ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Навагодняе ператварэнне з імідж-стылістам Кацярынай Макар
100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА (+відэа)

Навінкі ад “Мастацкай літаратуры”: год 2022

Навінкі ад “Мастацкай літаратуры”: год 2022
Іншыя навіны

Разам з дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесем Бадаком давайце паспрабуем зазірнуць у наступны, 2022-гі, год. Якія кніжныя серыі будуць прадоўжаны? З якімі новымі творамі беларускіх паэтаў і празаікаў зможа пазнаёміцца айчынны чытач? Што будзе выдадзена з дзіцячай літаратуры?

Планы, безумоўна, могуць яшчэ і карэкціравацца, дапаўняцца. І тым не менш, мы ўжо маем даволі канкрэтнае ўяўленне пра тое, што павінны выдаць, над многімі кнігамі праца, калі і не завершана, то ў поўным разгары.

Адразу хацелася б запытацца, ці будуць прадоўжаны такія праекты, як выданне “Залатой калекцыі беларускай літаратуры ў 50-ці тамах”, а таксама выданне збораў твораў Караткевіча і Брыля?

Зразумела. Па-першае, тое, што пачата, павінна і надалей дапаўняцца альбо завяршацца. Што да Уладзіміра Караткевіча, то выдадзім 21-ы том з мяркуемага 25-томніка. У гэтую кнігу ўвойдуць дзённікі і запісныя кніжкі класіка. Плануецца да выдання і сёмы том народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, у якім змешчаны яго лірычныя мініяцюры. “Залатая калекцыя...” дапоўніцца 23-м томам з паэзіяй Аркадзя Куляшова і Аляксея Пысіна, а таксама – 24-м томам, дзе пад адной вокладкай чытачу будуць прадстаўлены п’есы Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка.

У пакупніка ў кнігарнях і ў бібліятэкараў увагу займелі вашы кнігі, з якіх вы складаеце “Народную бібліятэку”...

Так, мы ўжо выдалі аднатомнік Максіма Багдановіча і два тамы выбранай паэзіі – вершы ў адным томе, у другім – паэмы і “Паўлінка” – Янкі Купалы. Заказаў гэтулькі, што першыя тыражы паўтараем... Толькі што пабачыў свет і двухтомнік Васіля Быкава, у якім друкуюцца шэсць яго знакамітых аповесцей: “Знак бяды”, “Альпійская балада” і іншыя. У 2022 годзе выдадзім два тамы выбраных твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Якраз і 140-годдзе народнага песняра гэтым самым адзначым... І яшчэ “народным” па характару будзе двухтомнік Уладзіміра Караткевіча. У першым томе – “Дзікае паляванне караля Стаха” і раман “Нельга забыць”. У другім – “Чорны замак Альшанскі” і “Сівая легенда”...

Спадзяюся, пра “Новую зямлю” ў двухтомніку не забыліся?..

Канешне ж. І сёння гэты твор па праву лічыцца галоўным мастацкім здабыткам народнага песняра. Мы і ў двухтомнік “Новую зямлю” ўключылі, і асобна паэму выдаём. Праўда, у асобным выданні паэма гучыць на дзвюх мовах – беларускай і рускай. Варта заўважыць, што рускамоўны чытач упершыню зможа пазнаёміцца з поўным перакладам славутай паэмы. Да гэтага часу “Новая зямля” па-руску выдавалася ў скарочаным варыянце, у які не ўваходзілі некалькі раздзелаў.

А калі гаварыць пра сучасную мастацкую літаратуру?..

У наступным годзе адзначае свой шасцідзесяцігадовы юбілей вядомы беларускі празаік Анатоль Казлоў. У выдавецкім партфелі ляжыць яго рукапіс “Нагаварыцца з ветрам”, які складаецца з аповесцей і апавяданняў апошніх гадоў. Запланавана да выдання і прыгодніцкая аповесць Раісы Баравіковай “Фальварак каменнай бабы”. Выдадзім кнігу прозы Канстанціна Нілава, які піша на рускай мове, – раман “Горкія жарсці паланеза Агінскага”. І хаця назва такая як быццам з далёкім па часе адрасам, твор прысвечаны падзеям ва Усходняй Еўропе ў 1939–1941 гадах. Канешне ж, пісьменнік выходзіць і на тэму далучэння заходніх зямель Беларусі і Украіны да Савецкага Саюза. Рыхтуем да друку кнігу вершаў Мікалая Намеснікава, які жыве ў Віцебску. Увогуле, па меры сваіх магчымасцей мы стараемся падтрымліваць несталічных аўтараў. Той жа Канстанцін Нілаў, напрыклад, жыве ў Оршы.

Сваю новую кнігу – “Рэктары” – прынёс у выдавецтва лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, доктар педагагічных навук Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў. Мы працуем з гэтым аўтарам ужо некалькі гадоў. Выдалі яго тры кнігі. Дарэчы, яны досыць добра разыходзяцца, не залежваюцца ў выдавецтве...

“Мастацкая літаратура” некалькі гадоў назад пачала выдаваць серыю паэтычных кніг, у якіх у межах аднаго томіка прадстаўляліся лепшыя мастацкія здзяйсненні аднаго аўтара...

Вы, пэўна, маеце на ўвазе праект “100 вершаў”... Мы выдавалі ў гэтай серыі не толькі кнігі аднаго аўтара, а яшчэ – і тэматычныя зборнікі... У 2022 годзе выдадзім наступныя зборнікі: “Мы – беларусы” – выбраныя вершы беларускіх паэтаў пра беларусаў, выданне прымеркавана да Дня народнага адзінства. І яшчэ адзін зборнік у серыі “100 вершаў” – “Як многа гавораць мне назвы такія”, дзе сабраны творы беларускіх паэтаў пра нашы гарады і вёскі.

Па традыцыі апошнія гады “Мастацкая літаратура” вельмі шмат увагі надае дзіцячаму кнігавыданню… Тэндэнцыя захоўваецца. Недзе каля двух дзясяткаў гадоў, як да нас далучана выдавецтва “Юнацтва”, якое спецыялізавалася на выданні дзіцячай, падлеткавай літаратуры. Вось і мы доўжым гэтую творчую, кніжніцкую лінію… Звяртаем увагу на папулярныя кнігі ранейшых дзесяцігоддзяў. Вось і ў 2022 годзе перавыдадзім аповесці і апавяданні Ядвігі Бяганскай – “Як мы з Паўлікам былі рабінзонамі”, кнігу краязнаўчых нарысаў Віталя Вольскага “Падарожжа па краіне беларусаў”. А яшчэ – зборнік апавяданняў і казак Міхася Даніленкі “Як дажджы памірыліся”... З перавыданняў – і творы Эдзі Агняцвет, Леаніда Прокшы, Пятра Сіняўскага... У планах – і кнігі Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, адрасаваныя дзецям. А ў зборніку “Урок без перапынку” аб’яднаем творы, прысвечаныя беларускім настаўнікам. У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні беларускіх празаікаў – “Першае каханне” Уладзіміра Аляхновіча, “Урокі арыфметыкі” Вячаслава Адамчыка, “Урок без перапынку” Леаніда Гаўрылкіна і іншыя творы.

А што датычыць пазнавальнай літаратуры?..

Спадзяёмся, што папулярнасць, шырокую ўвагу набудуць кнігі такога характару: “10 пытанняў пра нашых славутых продкаў”; “10 пытанняў пра беларускія гарады і вёскі”; “10 пытанняў пра беларускія азёры і рэкі”... А магчыма, тэмы наступных кніг для гэтага праекта нам падкажуць самі чытачы – школьнікі малодшых класаў, настаўнікі?.. Веру, што зваротная сувязь і ў плане кнігавыдавецкім шмат што значыць. Па такому прынцыпу мы збіраем і “Народную бібліятэку”…

Яшчэ хацеў бы назваць некалькі кніг народных пісьменнікаў Беларусі, якія, несумненна, зацікавяць юнага чытача... Размова – пра кніжачку апавяданняў Івана Шамякіна з творамі “Цуд на краі свету”, “Пастушок” і “Азбука”, а таксама пра зборнік апавяданняў Янкі Брыля “Сняжок і Волечка”. Выдадзім і кнігу апавяданняў Уладзіміра Ягоўдзіка, які шмат працуе ў галіне дзіцячай літаратуры, – “Атаман барабан”, зборнік Алены Васілевіч “Калінавая рукавічка”...

Дзякуй, Алесь Мікалаевіч, за такі падрабязны расповед пра планы “Мастацкай літаратуры” ў бліжэйшай будучыні!

А мы чакаем ад чытачоў падказак, што выдаваць. Хацелася б зрабіць беларускую кнігу надзвычай запатрабаванай.

Гутарыў Кастусь Лешніца.
Крыніца: Звязда

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам