ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Канферэнцыя ў Маскве “Кніжныя помнікі ў аспекце захаванасці” (+відэа)
Бібліятэка як феномен культуры: завяршыўся першы дзень працы VIII Міжнароднага кангрэса

Першы празаічны твор Язэпа Драздовіча, які чакаў публікацыі больш за стагоддзе

Першы празаічны твор Язэпа Драздовіча, які чакаў публікацыі больш за стагоддзе
Іншыя навіны

У сённяшнім успрыманні творчай спадчыны Язэпа Драздовіча (1888–1954) на першым плане стаіць выяўленчае мастацтва, узоры якога прадстаўлены ў беларускіх музеях, сабраны пад вокладкамі альбомаў. Літаратурная практыка ў значна меншай ступені рэпрэзентавана і асэнсавана, хоць менавіта яна можа паслужыць ключом да расшыфроўкі кодаў незвычайных, касмічных тэм і сюжэтаў аўтара «Нябесных бегаў» (1931).

Непрацяглы мінскі перыяд жыцця і творчасці Язэпа Драздовіча (1919–1920) звязаны з насычанай, разнастайнай дзейнасцю: настаўнік малявання, кніжны ілюстратар, тэатральны дэкаратар, арганізатар культурна-асветнага таварыства «Заранка» і інш. У сталіцы БССР створана серыя малюнкаў гістарычных раёнаў горада, праведзены археалагічныя раскопкі.

У 1919 годзе быў напісаны першы празаічны твор, рукапіс якога захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У існуючых біяграфіях мастака назва гэтага тэксту фігуруе, але пры гэтым адзначаецца яго незавершанасць і такім чынам апрыёры апраўдваецца адсутнасць публікацыі. У імкненні пабурыць некаторыя літаратуразнаўчыя стэрэатыпы мы звярнуліся да архіўнага арыгінала.

Рукапіс «Нявольніцы кволага сэрца (Гэлькі)» уяўляе сабой самаробны сшытак кніжнага фармату з шэрай нелінаванай паперы на 9 аркушаў; запісы зроблены чарніламі, простым і каляровымі (сінім і чырвоным) алоўкамі. На вокладцы зафіксавана не толькі назва, год напісання, але і аўтарскае вызначэнне жанру – эскізы (паводле ўстаялай канстатацыі – апавяданне), што кардынальным чынам мяняе ракурс асэнсавання тэксту як «незавершанага». Само афармленне твора ў адмысловы сшытак не ў апошнюю чаргу сведчыць на карысць яго прадуманасці і падвядзення пэўнай рысы ў аўтарскіх планах.

Пры ўважлівым знаёмстве з рукапісам не пакідае ўражанне непаўторнага творчага сінкрэтызму ўласна тэксту і яго графічнага афармлення. Асобныя абзацы вылучаны рознакаляровымі алоўкамі, узяты ў рамкі, стылізаваныя пад пергаментныя скруткі або надвершы антычных калон. Частыя шматкроп’і не толькі завяршаюць сказы (дакладней – указваюць на паўзу, пакідаюць прастору для роздуму), але і размяжоўваюць абзацы, пацвярджаюць свядомую мастакоўскую ўстаноўку на эскізны характар пісьма.

Мастацка-графічная аформленасць тэксту не можа не выклікаць тыпалагічныя паралелі з паэтыкай еўрапейскага экспрэсіянізму. Шэрая аснова паперы, кідкія каляровыя праўкі, нават пашкоджанасць сшытка (скразная дзірка ў большасці аркушаў) – усё працуе на візуалізацыю і адпаведнае ўспрыманне твора. Асобныя тэкставыя фрагменты хоць і закрэслены, але іх адметная вылучанасць, паліхромнасць прыцягвае ўвагу, і ў агульным корпусе тэксту яны ствараюць свайго роду другі, факультатыўны план аповеду і адметнай псіхалагічнай нівеліроўкі.

Вобраз галоўнай гераіні створаны выключна праз эмоцыі, сканцэтраваныя ў рэпліках. Лагічным было б чакаць ад Язэпа Драздовіча, удзельніка нацыянальных праектаў у Вільні пачатку ХХ стагоддзя, працягу традыцый беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду. Але перад намі прынцыпова адрозны тып гераіні – маладой асобы, якая рыхтавалася стаць «свецкай дамай». Падманутая кавалерам, яна знаходзіцца на стадыі экзістэнцыяльнага надлому псіхікі, містычнага ўнутранага разладу, раздвоенасці (дуалізму), што прысутнічае ў назве, вобразным і кампазіцыйным рашэнні твора.

Вынікам праведзенай тэксталагічнай працы стала ўзнаўленне не толькі першага літаратурнага вопыту Язэпа Драздовіча, але і адметнага, пераходнага этапу ў развіцці нацыянальнага пісьменства, калі нашаніўскі перыяд ужо станавіўся гісторыяй, а новы шлях мастацкай літаратуры на фоне карэнных грамадскіх пераўтварэнняў знаходзіўся ў самым сваім пачатку – на ростанях. Твор прыходзіць да чытача больш чым праз стагоддзе ад моманту напісання. Дарэчнымі пры яго асэнсаванні будуць папраўкі на час, а таксама разуменне гістарычных змен у культурным і моўным ландшафтах Беларусі.

Мікола Трус

Язэп Драздовіч

Нявольніца кволага сэрца
(Гэлька)

Эскізы

Трамвай шыбаў усё бліжэй і бліжэй наўскос берага да мора. Паабапал трамвайнага шляху мігацелі высокія, галістыя, голыя ад лісту дрэвы садоў, між каторых там ды сям высоўваліся з-за дрэў то чырвонай, то рудой, то шэра-зеленаватай памалёўкі, рознафасоннай дачнай архітэктуры – драўляныя забудовы.

Гэлька ціха сядзела, захутаўшыся ў сваю ратону і апусціўшы ўніз шырока вытарашчаныя, як быццам ад нейкага зляку ці злосці, свае сіняватыя, глыбока ўпалыя пад павеццю маршалявага задуменнага лоба, пасалавеўшыя вочы, і не звяртала ні на што і ні на кога ніякай заўвагі, а вушшу яе ад зыгання колаў і проваднага зачэпу трамвая ілюзініраваліся ясныя, зычныя гукі жалобнага, хаўтурнага марша: 

Ахвярай ты ляжаш 
Праз кволае сэрца... 

Як зараз вагон трамвая вынырнуў з абаполля дрэў і забудаванняў і праз ягоныя вокны заяснілася пад сівою павалокаю туману хвалістая роўнядзь шумячага мора. Гэлька, беспрытомна пачуўшы блізнату мора, нервова здрыганулася, ускочыла са свайго сядзення на ўспінеч і спакойна пайшла асцярожным, мерным поступам, трымаючыся рукамі за раменныя прытрымнікі.

Гэлька напрамлялася да выхаду, пад’ехаўшы да нейкага белага домаваладання, каб уцячы ад гора, бед і нядолі, пануючых над жыццём чалавека... 

– Калі мала табе гэтакіх, дык прымі мяне, прымі, зрабі мяне сваёю, бо мне жыццё апастылела. Прымі мяне, няхай хвалі твае апалошчуць, змыюць вялікі грэх з душы маёй пакутнай. Што, прымаеш? Шуміш... Відаць, што мне з адным табою даводзіцца з’яднацца. Я не жыву, а тлею, – дажываю, жыву мінуўшчынай ды снамі. Таго, каго я так горача, шчыра люблю і любіла, мне не спаткаць ніколі, ён для мяне памёр, як паміраюць у жыцці пражытыя дні і мінулыя леты, мне не вярнуць яго, як не вярнуць той вясны... 

Бывай жыццё, бывай радня, што не разумела душы маёй, бывай і ты, вясна любові маёй!

Бывай і ты, цябе калісь так шчыра-горача любіла! Можа, не раз уздыхнеш і слёзна заплачаш па мінулым жыцці, тым жыцці, што, як кветку вясна маладая, цябе гадавала твая матулька... 

Можа, успомніш калі і мяне, бедную Гэльку, бяздольную Гэльку, тую Гэльку, што ў раннія дні сваёй маладосці палюбіла цябе, палюбіла па-дзіцячы нявіннай і шчырай душою, палюбіла цябе шчырым, верным і чыстым, праўдзівым каханнем дзявочага сэрца, а з чаго і за што – ні за што, ты быў друг, ты быў другам маім, шчырым другам зычлівага сэрца... А цяпер? Ты не знаеш мяне, я не знаю цябе.

Бедная Гэлька, няшчасная Гэлька, ты здурнела, твае клікі і енкі ніхто не пачуе, напрасен твой голас тут, у гэтай пустэльні, нават лес не адгукнецца рэхам, што паводдаль стаіць, над узбярэжжам мора стаіць. Нават кнігаўка гэта, што ляціць у паветры над шумячымі хвалямі мора, не звяртае ўвагі на твой голас прашчальнага крыку ад збалелай душы, збалелага сэрца...

* * *

– Паклічце мне тую сястрычку, што мяне разбудзіла... 

– Мілая сястрычка, напішы мне ліст. Пішыце тое, што я буду казаць: «Мілы Адолька! Не пужайся, я жыць хачу, я чула твой голас, каторы стрымаў мяне ад смерці, але...» 

– Так і пісаць – «але» ці далей што к гэтаму будзе? 

– Пішыце далей: «Дарагі друг мой Адолька, ты дораг мне, ты мне даражэй над усё на свеце, апрыч Бога, катораму я раней гэтага часу хоць і верыла, але не хацела верыць, верыць чыстай і шчырай, адкрытай душою...» 

– Прабачце, я перапыню пытаннем. Дзеля чаго і з якой прычыны вы, веручы Богу, разам з гэтым развівалі ў сабе хэнць не верыць? 

– Бо гатовілася ў «свецкія дамы» і хацела разыграць сабою вельмі мудрую і модную арыстакратку самага навейшага тыпу. Пішыце далей: «Ты для мяне даражэй, чым само маё жыццё...» Пішыце далей: «Ох, каб я ведала, дзе ты жывеш, здаецца, птушачкай к табе прыляцела б, але не ведаю, дзе ты...» Ой не, гэта апошняе не пішыце. 

– А зараз вы не ведаеце, дзе ён, то якім жа ж спосабам вы думаеце пераслаць яму гэты ліст? 

– Праз расейскае пасольства ў Вашынгтоне, думаю... 

– Добра, не буду спрачацца, але ці вы пэўна ведаеце, што ён у Амерыцы, а не ў Сібіры дзесь ці яшчэ дзе? 

– Я чула яго голас з Амерыкі... Я веру гэтаму містычнаму голасу... Веру, што ён там, толькі не ведаю, у якім ён там горадзе. Прашу пісаць! 

– Прабачце мне за маю цікавасць. Вось наконт гэтага містычнага голасу, пра каторы вы толькі што ўспамянулі. 

– Ага... Голас гэты я чула на круглай адзіноце якраз у тую хвіліну, калі кідалася тапіцца, калі я кінулася к вадзе. У вушшу маім зазвінелі зычныя словы Адолі: «Гэлька, што ты робіш, апамятуйся!» Помню як цяпер... 

– А раней вам даводзілася калі чуць гэтыя словы з вусен Адолі? 

– Не, здаецца, не помню... А нарэшце, можа, калісь і чула... Я ведаю, вы мне хочаце сказаць, што я галюцыніравала паўторнымі гукамі калісь чутага... Але, я не спрачаюся, вы правы... Але мая шчырая вера ў прыгожую і мілую для мяне ману ў сто раз для мяне вартней за вашу шчырую, нудна-панурую праўду. Яе няма, на кожным кроку толькі здрада і здрада. 

– Не плач, даражэнькая, не плач, мілачка, усё магчыма, я вам спачуваю!.. 

– Далей. Ах, забылася ж я, на якім слове мы застанавіліся? 

– «Але не ведаю, дзе ты». 

– «Але не ведаю, дзе ты, адзавіся! Калі жыццё табе не спрыяе, дай ведаць мне. Я паплыву-паеду да цябе, мая радасць, надзея, я прыкладу ўсе сілы мае, старанні і працу, каб адабраць цябе, вырваць з рук горкага жыцця, з рук бед і нядолі. Я прыкладу ўсе сілы, сілы духу адвагі, да змогі над нэндзай жыцця твайго, дружа! І зраблю цябе вольным, а жыццё тваё пекным, шчаслівым, багатым. Адзавіся! А пакуль што я малюся, я малю ўсемагутную Божую Волю, каб паслала табе сілу моцы ў душы і здароўі».

Далей будзьце ласкавы напісаць, што я трошкі хвора... Ой! Папраўце мне галаву, палажыце яе сярод падушкі... Дайце мне трошку чагось выпіць... 

Дзякуй, мілачка, дай Божанька вам добрага здароўя... Ой, як гараць рукі, а ног зусім не чую, ой... 

Пішыце, мілачка, далей вось гэтак: «Мілы Адолька! Закажы для мяне, пакуль прыеду, абраз (карціну). А выразі ў ім, выразі так: я сяджу на цвітучай траве, між стракаценькіх кветак і зелля; я вяночкі звіваю, пяяю, а ты побач мне песню іграеш на скрыпцы. Помніш? Як гэта бывала даўней, вобак саду, на ўзгорку ля ставу, між калючай шыпшыны кустоў, дзе мы песні пяялі з табою ўдваіх». 

– Мілыя сястрычкі, будзьце ласкавы, дастаньце ў мяне з-за пазухі, на грудзёх, на шнурку аблічнік Адолі ў медальёне і пастаўце яго перад маімі вачмі так, каб я магла яго аглядаць... 

– Добра? 

– Дзякуй, мілачка, добра. Пішыце далей. Будзьце ласкавы, гэтак: «З таго часу ты мой. Хоць жыццём мы разлучны з табою, хоць судзьба нам з табою судзіла разлуку, але ты мой, ты мой, бо я люблю цябе, люблю не целам, не корцямі натуры, а чыстай, прыгожай і шчырай душою як друга, прыязнага друга. За лепшае шчасце і долю тваю, успроціў гора-нядолі я гатова аддаць для цябе і радасць, і спакой, і красу маладосці маёй...» 

– (Сама сабе) У думках, і праўда, я люблю цябе, кахаю і даражу больш над усё на свеце толькі ў трызнах мінулага. Толькі ў роянні думак успаміну мінулай быліцы. Я люблю цябе, кахаю такім, якім быў ты калісь. А цяпер?

Цяпер ты для мяне памёр, загінуў, цябе няма... 

Ты жыў, жывеш, думаеш, гаворыш, бачыш, чуеш і ходзіш таксама, як і даўней. І з выгляду свайго ты той самы, але цяпер ты мне чужы, бо ты для мяне ўжо нябожчык, каторага любяць і кахаюць толькі па ўспамінах з мінуўшчыны, такога, якім ён быў жывым, а не мерцвяка, трупа, якім ён ёсць. А ты? Ты для мяне цяпер труп, гнілы і страшны труп, з загінулым абліччам асобы мінуўшчыны, труп, расточаны чарвякамі маны і здрады. Хоць я й памру для гэтага свету, чыніўшага вечна мне мукі, пакутныя мукі, але любіць цябе, як друга, прыязнаю душою я не пакіну ніколі... 

Ой, ой мамка мая дарагая! Даруй мне!..

1919 г.
Першая публікацыя

Падрыхтоўка тэкста Міколы Труса
Крыніца: Звязда

Навіны

Святкуем 130-годдзе Максіма Багдановіча разам

3 Сне 2021

Набліжаецца юбілей Максіма Багдановіча – 130 гадоў з дня нараджэння. Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча прапануюць адзначыць гэтую вялікую дату шэрагам мерапрыемстваў, на любы густ і ўзрост.

Навіны бібліятэк

У пошуках радасці

3 Сне 2021

З 3 снежня па 10 студзеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “У пошуках радасці”, прысвечаная 160-годдзю з дня нараджэння рускага жывапісца, прадстаўніка рускага імпрэсіянізму Канстанціна Аляксеевіча Каровіна (1861–1939).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам