ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Прэзентацыя серыі кніг “Гісторыя сусветнага мастацтва”
Творчыя заняткі “Вясёлыя васьміножкі”

“Песня…” злучэння

“Песня…” злучэння
Іншыя навіны

Аднаўленне "Песні пра долю" Уладзіміра Мулявіна, сведкай чаго была паўнюткая канцэртная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі, сталася падзеяй нацыянальнага маштабу.


Вырашыўшыся на гэты, без аніякіх перабольшанняў, творчы подзвіг, выканаўцы на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Казінцом сутыкнуліся з галоўнай праблемай: поўнай адсутнасцю нотнага матэрыялу. Рок-опера, з якой "Песняры" гастралявалі па ўсім былым Саюзе, не была нават запісана ў студыі. Дзякуючы прыхільнікам знайшоўся аматарскі аўдыяварыянт, на якім праслухоўваюцца далёка не ўсе інструментальныя лініі. Так што Аляксандру Крамко, музыканту Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, давялося працаваць над новай партытурай на слых.

Аркестроўка атрымалася выдатнай. Да народных інструментаў, асноўнае месца сярод якіх займае сямейства беларускіх цымбалаў, далучыліся фартэпіяна і група струнных нашага Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Фрагменты напластаванага "калектыўнага" музіцыравання саступалі месца празрыстым сольна-ансамблевым украпванням. Гучанне набыло яшчэ больш акрэслены нацыянальны каларыт, рокавыя гітарныя "глісы" ператвараліся ў мяккія цымбальныя пераборы. Вось толькі гукарэжысура не заўсёды паспявала вылучыць усе неабходныя лініі, частка іх папросту патанала сярод больш магутных інструментальных ды вакальных галасоў.

У спеўных партыях таксама быў абраны шлях не сляпога капіравання "песняроўскіх" інтанацый, а пошуку ўласнага прачытання. Ураўнаважана-ўдумлівым, разважлівым, бы ўвасабленне не асабістага паэтычнага погляду, а мудрай жыццёвай філасофіі, паўстаў Янка Купала (Пётр Ялфімаў). Постаць Мужыка (Ян Жанчак), што нібыта сыходзіць з нябёсаў і, адпакутаваўшы на зямлі, зноў вяртаецца ў паднябессе, узрасла да ўсеахопнага абагульнення, зноўку ўпэўнена ўпісаўшы купалаўскую паэзію ў кантэкст Сярэбранага веку з яго панаваннем сімвалізму. Ярка характарныя абліччы Пор году (студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ягор Алесіюк, Андрусь Данілевіч, навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Сяргей Савіцкі, саліст філармоніі Уладзіслаў Даніловіч), што ўвабралі ў сябе вобразы чалавечых няшчасцяў, падкрэслілі касмічныя маштабы разгорнутай перад намі гісторыі. Яшчэ большую "касмічнасць", блізкую біблейскім тэмам, набыла фігура Маці. Салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Кацярына Дзегцярова надала сваёй гераіні ўсю шматаблічнасць жаночай натуры – ад пяшчоты да бесшабашнасці. І згуртавала ўсё гэта вакол трагедыйнасці Stabat Mater – маці, што смуткуе па загінулым сыне, яднаючы фальклорна-джазавыя спевы з узнёслай харальнасцю.

Менавіта да такога агульначалавечага разумення купалаўска-песняроўскай паэтыкі твора вяла рэжысура і харэаграфія Ларысы Сімаковіч, адпаведная найноўшым мінімалісцкім павевам. Дзве ўслоны, тры прасціны, чырвоныя клубкі лёсу, якія размотваюць тры прадказальніцы – белыя анёльскія істоты, – бы тыя дзяўчыны, што пасля смерці, як гэта бывае ў шматлікіх беларускіх баладах, ператварыліся ў яблынькі-вербы-бярозкі. Такая ўпісанасць нацыянальных матываў у агульначалавечую праблематыку ды, галоўнае, сусветную эстэтыку і выводзіць адноўлены твор у шэраг лепшых здабыткаў нашай спадчыны. Ды, адначасова, надае яму прыкметы сучаснага мыслення ХХІ стагоддзя. Калі У. Мулявін за "кропку злучэння" абраў музычную аснову – фольк-рок-стылістыку, дык цяперашнія творцы – само тэатральнае дзеянне, заснаванае на асацыятыўных повязях, што знітаваны і з трывалымі фальклорнымі вобразамі, і з сусветным прафесійным мастацтвам розных эпох.

Купала як паэт-сімваліст. Чалавечае жыццё як нітка Арыядны, што, пры ўсёй трагічнасці сітуацыі, вядзе да "святла ў канцы тунэля", няхай і за межамі існавання адной асобна ўзятай постаці. Нарэшце, нацыянальнае як адметная частка агульначалавечых каштоўнасцей. Іншымі словамі, Беларусь як частка еўрапейскай культурнай прасторы. Усё гэта – тое новае, знойдзенае ў "забытым старым", што павінна дайсці да як мага большай колькасці слухачоў. Тым больш, гэта ўжо не першы прыклад скіравання нашай музычнай і паэтычнай класікі да самых шырокіх колаў, уключаючы маладзёжныя. Раней быў гэтак жа адноўлены "Гусляр" І. Лучанка, пастаўлены "Апокрыф" Л. Сімаковіч паводле М. Багдановіча. Увосень адбудзецца прэм’ера яшчэ адной буйной кампазіцыі кампазітара і рэжысёра – "Люцыян Таполя" паводле М. Танка.

Аркестр імя І. Жыновіча, узяўшы на сябе місію адраджэння песняроўскіх шэдэўраў і развіваючы гэтую традыцыю замаўленнем і ўвасабленнем новых твораў, заснаваных на сінтэзе мастацтваў, павінен дбаць і пра іх распаўсюджванне. У планах значацца філарманічныя паўторы ўсіх трох пастановак. Але гэтага ўсё роўна замала! Згаданыя партытуры маглі б існаваць як паўнавартасныя аднаактовыя спектаклі. У цяперашніх умовах – хутчэй за ўсё, пад ідэальна збалансаваную фанаграму-мінусоўку, студыйна запісаную аркестрам і зведзеную лепшымі гукарэжысёрамі. Можа, і сапраўды калісьці мы прыйдзем да такога варыянта існавання гэтых твораў? І тым самым закладзём новыя музычна-тэатральныя традыцыі.

Крыніца: газета "Культура"

Чытайце таксама:

Навіны

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

8 Май 2024

З 8 мая па 18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва”, прысвечаная 70-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЕСКА.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам