ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Моладзевы летнік на радзіме Васіля Быкава
Ад Грушаўкі да Эйфелевай вежы: падарожжа па кнізе Таццяны Мушынскай

Востры тэмперамент Бярозкіна

Востры тэмперамент Бярозкіна
Іншыя навіны

Рыгор Бярозкін, якому ў гэтым месяцы споўнілася б сто гадоў, захапляўся паэзіяй Уладзіміра Маякоўскага. Яго з’едліва-змястоўнай рэзкасцю, адсутнасцю ўнутранага і вонкавага спакою, балансаваннем на мяжы кепскага густу і дзівоснай метафарыстыкі, нечакана вострым адчуваннем таго, што перад табой не верш, а... баксёрскі двубой, калі словы, вобразы, гукі, сказы б’юць па слыху і гусце чытача, як удары на рынгу.

Бярозкіна захапляла зухаватая іранічная маладцаватасць такога мастацтва.

Думаю, калі ў красавіку 1941-га года Рыгора Саламонавіча арыштавалі, ён са злосмехам прыгадваў радкі з верша Маякоўскага “Неразбериха” (1920 г.):

...Чекист по делам на Ильинку шел,
совсем не в тот
и не из того отдела, –
весь день гонял,
устал как вол.
И вообще –
какое ему до этого дело?!
Мальчишка
с перепугу
в часовню
шасть.
Конспиративно закрестились папиросники.
Набились,
аж яблоку негде упасть!
Возрадовались святители,
апостолы и постники.
Дивится Пантелеймон:
– Уверовали в бога! –
Дивится чекист:
– Что они, очумели?! –
Дивятся мальчишки:
– Унесли, мол, ноги!

Рыгору Бярозкіну не хапала ў беларускай літаратуры паэта з такім жа вострым тэмпераментам.

“Маладнякоўцы” раздражнялі плакатным эпігонствам, наборам гучна-беззмястоўных слоў-сімвалаў (тут з Рыгорам Саламонавічам быў салідарны і Міхась Стральцоў), а іх лідар, Міхась Чарот, паводле пераканання Бярозкіна, замест таго, каб “пакінуць глыбокі і трывалы след калі не на вякі, дык ва ўсякім разе на многія дзесяцігоддзі” асуджаны быў на тое, што яго “творы, якія калісьці выклікалі ў душы цэлую буру пачуццяў”, пакідаюць цяпер чытачоў “абыякавымі і халоднымі” (цытата з кнігі Р. Бярозкіна “Спадарожніца часу”, 1961 г.).

Бярозкіна раздражнялі і эстэты з “Узвышша”. Пра іх у кнізе “Аркадий Кулешов” (1960 г.) з пэўнымі ноткамі тэндэнцыйнасці казаў: “писатели-«узвышэнцы» поставили задачей создать искусство, которое /.../ «приметят века и народы». Однако в конкретном понимании путей создания такого искусства теоретики и критики «Узвышша» допускали серьезные ошибки. Их творческие поиски были направлены на создание некоего абстрактного, неисторически понятого «белорусского стиля» и «белорусской образности», в основе которых лежит фетишизированная «самобытность национального духа»”.

Увогуле, пра беларускую паэзію 20-х Бярозкін ужо ў часы хрушчоўскай адноснай волі сурова пісаў: “...чалавеку, які бярэцца разглядаць паэзію 20-х гадоў, трэба быць гатовым да пэўных «расчараванняў», якія павінны быць вытлумачаны, а не ігнараваны. Я гавару пра гэта не толькі «тэарэтычна», а ў вялікай меры абапіраючыся на вопыт работы па ўкладанню другога тома Анталогіі беларускай паэзіі (20-я гады), калі трэба было адшукаць штосьці жывое, вартае ўвагі сённяшняга чытача і ў бяздумна-аблегчанай, «сіняй» (улюбёны Мараковым эпітэт) лірыцы, і ў творчасці тых паэтаў, якія адстойвалі актыўную грамадскую пазіцыю, адстойвалі шчыра, але недастаткова плённа, апранаючы гатовыя палітычныя лозунгі ў грымучае адзенне рытмаў і алітэрацый” (Р. Бярозкін. За акрэсленасць пазіцыі. / “Літаратура і мастацтва”, 19 студзеня, пятніца, 1962 г.).

Але яшчэ болей яго засмучаў “бясконцы канвеер «гладкіх» амаль механічна складаемых радкоў, якімі нас частуюць /.../ паэты” 30-х гадоў. Пра гэта ён меў смеласць выказацца ў артыкуле “Вершы Пімена Панчанкі”, надрукаваным у 1939 годзе (“Полымя рэволюцыі”, №№ 5–6).

Так, гэты духоўны выхаванец Маякоўскага, выкарыстаўшы часовую пасляяжоўскую адлігу (тады, напрыклад, быў выпушчаны з турмы Кузьма Чорны) стараўся ў тон зухаватаму аўтару “Воблака ў штанах” пісаць такія ж дзёрзкія артыкулы, дзе вітаў з’яўленне новай зоркі беларускай паэзіі Пімена Панчанкі, чые радкі літаральна ап’янялі: “Плыў грукат па каналах вузкіх вуліц, / А сіверы паўночныя два дні / І дзве начы са злосцю дзікай дзьмулі / На яркія асеннія агні...” (з верша “Плыў грукат...” 1938 г.).

Рыгор Саламонавіч спадзяваўся, што гэтыя “паўночныя сіверы” выметуць да чорта ўвесь той “ілжыва-рамантычны пафас і абстрактнае апяванне будаўніцтва” (“Полымя рэволюцыі”, 1939, № 8), у якім патанаў тагачасны айчынны Парнас.

Крытык радаваўся творам Аркадзя Куляшова, прысвячаў яму ў канцы 30-х вялізныя артыкулы, а пасля вайны – кнігі.

Паводле Бярозкіна, у сталінскія часы “адзін Куляшоў неадступна і паслядоўна працаваў над павышэннем агульнай культуры верша, робячы СМЕЛЫЯ вопыты ў гэтым напрамку, шукаючы найбольшай паэтычнай выразнасці”.

Крытык і паэт сталі блізкімі сябрамі. Калі Рыгора Саламонавіча паўторна забралі ў 1949-м, Куляшоў рабіў захады (праўда, беспаспяховыя) каб яго вызвалілі.

Яшчэ ў сярэдзіне 30-х гадоў Бярозкін цвёрда вызначыўся, якой павінна быць беларуская паэзія.

Яна мусіць пазбягаць усялякага тэатралізавана-бутафорскага пафасу (“без глыбіні «другога плана»”), захоўваць унутраную і вонкавую свабоду, а па сваёй энергетыцы, мантажнай вастрыні, жорстка-нечаканай, амаль фантасмагарычнай вобразнасці быць эстэтычна тоеснай не толькі шмат разоў згаданаму тут Маякоўскаму, але і атракцыённа захапляць не горш за “Браненосец «Пацёмкін»” Сяргея Эйзэнштэйна. І, што самае галоўнае, у аснове падобнай творчасці павінна прысутнічаць эмацыянальная праўда, узбагачаная ноткамі публіцыстычнасці, заснаваная ў ідэале на жыццёвым факце, перажытым самім аўтарам.

У такой паэзіі для Бярозкіна галоўнае – гэта жорсткі, імпэтны, агрэсіўна-напорлівы рух.

Таму і захапляўся “Песняй пра зубра”, дзе “намаляваны з дзівоснай сілай «літоўскі» бык увесь час, на працягу ўсёй паэмы, магутным рогам сваім выбівае то адны, то другія дзверы ў свет маральных каштоўнасцей, – сапраўдных альбо падманных...” (калі гэта чытаеш, то адразу ўяўляецца, што на такім зубры сядзіць любімы Уладзімір Уладзіміравіч, які на ўсю пушчу дэкламуе свой “ІІІ Інтэрнацыянал”: “Мы идем! / Штурмуем двери рая. / Мы идем./ Пробили дверь другим...”).

У паэзіі Цёткі Рыгора Бярозкіна зачароўвала тое, што яна сярод беларускіх паэтаў першая “шырока, можна сказаць універсальна /.../ карысталася дзеясловам”, была па-дзіцячы захопленая “імкненнем /.../ дайсці да свайго чытача, разварушыць яго...”

Бярозкін любіў апантанасць. Таму праводзіў смелыя і нечаканыя паралелі паміж апантанасцю Францыска Скарыны і Максіма Багдановіча. Крытык здзіўляўся, чаму: “...ніхто дагэтуль не звярнуў увагі на тое, як многа было ў характары Багдановіча ад Скарыны, ад духу яго пачынанняў, ад яго апантанасці... Аддаленыя адзін ад аднаго... Скарына і Багдановіч збліжаюцца якасцю, якую мы даволі ўмоўна назавём псіхалогіяй першага кроку, адчуваннем далечыні ў мінулым і прышлым”.

Бярозкін захапляўся раптоўнымі выбухамі гэтай апантанасці, непадманнай жарсці, якая нагадвае вывяржэнне вулкана. Таму і прысвяціў многія свае кнігі і артыкулы экспрэсіяністу Янку Купалу, у якога “раптоўнае” – неад’емная рыса стылю. “/.../ Рэзка артыкуляцыйнага, «выбуховага», разамкнутага стылю, які не заўсёды рупіўся аб раўнавазе слова і верша, рытму і сінтаксісу, дбаючы больш пра эмацыянальна-музычную выразнасць кантэксту. Купала «кідае» словы-глыбы і згусткі, не надта і не заўсёды стараючыся іх падпарадкаваць логіцы «нармальнага» сінтаксісу” (кніга “Звенні”, 1976 г.).

Тыя ж паэты, якія акурат падпарадкоўваліся “логіцы правільнага”, выклікалі ў Бярозкіна раздражненне.

Напрыклад, у сваім першым пасля вызвалення артыкуле дазваляў сабе крытыкаваць лаўрэата Сталінскай прэміі Максіма Танка: “Часта, на жаль, паэт трапляе пад уладу ўмоўных рамантычназбіральных вобразаў, за якімі часам з цяжкасцю адчуваецца штодзённая жыццёвая рэальнасць. Ці піша ён аб дзяўчыне з беларускага калгаса, ці аб дзяўчыне з Казахстана, характар вобразаў застаецца нязменны: «вочы зорамі гараць», «у танцы кружыш агнявым»; «чорнакосыя з поглядам агнявым»; «пуцяводнай звяздой ты будзеш над роднай краінай гарэць» (гэта таксама аб каханай). Усё гэта вельмі аднастайнае ў сваёй «прыгажосці»” (Два цыклы вершаў. // “Літаратура і мастацтва”, 10 снежня, субота, 1955 г.). Цікава, што пісаў гэта Рыгор Саламонавіч, калі яшчэ не быў рэабілітаваны (светлая падзея адбылася толькі праз год, у 1956-м).

Некрыўдлівы Максім Танк спакойна паставіўся да такой крытыкі, а вось Ніл Гілевіч, Васіль Вітка і Сяргей Грахоўскі вельмі абразіліся за свайго сябра Петруся Макаля, чыёй кнізе “Акно” Рыгор Бярозкін прысвяціў элегантна-разгромную рэцэнзію “Майстэрства, што з табой рабіць?” (“Літаратура і мастацтва”, 28 мая, аўторак, 1968 г.).

Па ўспамінах пісьменніка Кастуся Цвіркі: “...адбылося паседжанне секцыі паэзіі ў Доме Літаратараў. Прысутнічалі Гілевіч, Вітка, Бярозкін, Грахоўскі (які быў старшынём) і я. Усе абрынуліся на Бярозкіна, маўляў, як ён пасмеў зняважыць Макаля. Асабліва нападаў Ніл Гілевіч. Я быў адзіны, хто абараняў Бярозкіна. Рыгор Саламонавіч сядзеў вельмі апанураны і нічога не казаў”. У сваёй жа “скандальнай” рэцэнзіі Бярозкін пісаў: “Чым больш паглыбляешся ў зборнік [Макаля] «Акно», чым далей яго чытаеш, тым настойлівей і ўпарцей расце адчуванне тваёй няздатнасці прыняць гэта майстэрства, нейкая нязгода з ім і разуменне яго аднабаковасці і непаўнаты. /.../ Ніяк не магу зразумець, нашто гэта Макалю вось так, з усяго, без выбару, запар рабіць метафару і парафраз, нашто гэтыя бясконцыя намаганні да некага прыпадобіцца і дацягнуцца, адкуль гэтыя ўстойлівыя нецікавасць і недавер да самога сябе...”

І тут бы прыгадаць, што ў падобным жа духу Максім Багдановіч пісаў пра вершы Тэафіля Гацье і яго перакладчыка Мікалая Гумілёва: “...кніга мае адзін страшэнны недахоп... У ёй вельмі многа майстэрства і вельмі мала паэзіі. У яе старанна адшліфаваных вершах не адчуваецца «павеву духа жывога», усе яны прыгожыя, але халодныя” (“Звенні”, 1976 г.).

З іншага боку можна зразумець таго ж Ніла Сымонавіча, бо ў яго абурэнні хаваліся кропелькі крыўды і на тое, што Бярозкін меў неасцярожнасць пакпіць з класічнага верша “Бальшак”: “«А я лягу-прылягу / Край гасцінца старога / На духмяным пакосе / Недаспелай травы». Не ў тым бяда, што чалавеку захацелася легчы-прылегчы, – хай сабе ляжа-прыляжа. Бяда ў тым, што перад намі зусім не той чалавек, з якім мы пазнаёміліся ў іншых вершах Гілевіча. Не той па тэмпераменце, па стылі пачуццяў, рэальна раскрытых у адных творах і толькі дэклараваных – у другіх...” (“Паэзія – маё жыццё”, 1989 г.). Памятаючы пра тое, што Бярозкін любіць няспынны рух, не дзіва, што абломаўскія ноткі гэтага выдатнага верша падаліся яму чужымі.

Пасіўнай заспакоенасці Гілевіча Рыгор Саламонавіч супрацьпастаўляў анархічна-бунтоўную лірыку Алеся Наўроцкага. Пра дэбютны зборнік “Неба ўсміхаецца маланкаю” (1962 г.) Бярозкін пісаў: “Паэт выразна акрэсленага грамадзянскага тэмпераменту, Наўроцкі рэагуе вельмі актыўна на тыя змены ў нашым жыцці, што адбыліся ў выніку пераадолення культу асобы /.../. Радуе і абяцае новыя паэтычныя ўдачы смеласць, нязвыкласць і навізна творчага мыслення Наўроцкага, «перабольшанасць» яго маштабаў, умельства гіпербалізаваць з’яву прыкладна так, як гэта робіцца ў народнай казцы. Камбайнер у Акоімскім стэпе трыццаць дзён даганяў на камбайне сарваны саламяны капялюш – дэталь, якая дае цудоўнае ўяўленне аб бяскрайнасці цаліннага стэпу. У мэтах паэтычнай ПРАЎДЫ аўтар ахвяраваў ПРАЎДАПАДОБНАСЦЮ, і верш робіць уражанне адкрыцця” (Маладосць шукае. // “Беларусь”, 1962, № 12).

Увогуле, пачатак 60-х гадоў, паводле героя нашага артыкула, быў шчаслівы для айчыннай літаратуры.

З’явіўся Анатоль Вярцінскі, які “ўнёс у маладую беларускую паэзію стыль цвярозага і разам з тым усмешлівага рацыяналізму, аналітычную нотку...”.

Сяргей Дзяргай цешыў тым, што “часта надае сваім творам тэатралізаваны характар /.../, высока шануе /.../ спецыфічны момант пераўтварэння слова ў жэст, прадмета – у сімвал, інтанацыйнай альбо сюжэтнай паўзы – у спосаб раскадраваць матэрыял”.

Радаваў Міхась Стральцоў, чыя “Загадка Багдановіча” “з’ява незвычайная для нашай літаратуры. /.../ да якой пасуе вызначэнне «эсэ» – крытычнай формы, да таго рэдкай у нас, што нават слова такога вы не знойдзеце ў «Беларуска-рускім слоўніку»”.

Але, безумоўна, адным з самых любімых аўтараў быў Аляксей Пысін, якога Бярозкін па адзінадушным меркаванні Рыгора Барадуліна і Анатоля Сідарэвіча адкрыў для нашай літаратуры.

Аляксею Пысіну крытык прысвяціў такія натхнёныя радкі: “Адразу кідаецца ў вочы, /.../ настойлівасць яго поступу, які нечым і сапраўды нагадвае цяжкую хаду аратага па нерушы, па цаліне. Яшчэ ты не паспеў як след увайсці ў свет паэта, асвойтацца ў ім, а ўжо да цябе звяртаюцца, з табой гавораць сурова-лаканічныя атрыбуты гэтага свету, яго неад’емныя якасці і прыкметы: камень, святло, вада, гул, дым. Адслоеныя ад цэлага, як бы вынутыя з яго, то налітыя геалагічнай, руднай цяжкасцю, то светла-празрыстыя, нават бязважкія дэталі свету, якія і ў такім, разнятым, выглядзе захоўваюць структурныя адзінкі цэлага!”.

А прачытаўшы верш Пысіна: “На ўзлессі дуб, нібыта манумент, / Ні жалудоў на ім, ні лісця. / Хавае тайну навакольны свет, / Таго, што тут было калісьці. / Самотна часам над звычайным пнём, / Што пакідаюць дрывасекі. / Якім жа дуб цябе пяклі агнём, / Якім цябе жалезам секлі?”, Рыгор Бярозкін зазначыў: “Прырода ў Пысіна жыве сваім напружаным і сканцэнтраваным жыццём. /.../ ніякіх карнавальных убораў, ніякіх наіўна-рамантычных ілюзій, быццам самае прыемнае для прыроды – ствараць адпаведны фон нашым чалавечым настроям”.

У вобразе гэтага дуба паэт выявіў сутнасць самога Бярозкіна: вонкава іранічнага і спакойнага, але якога і “пяклі агнём” на вайне і “секлі” на допытах і ў лагерах, які не любіў псеўдакарнавальнасці ў літаратуры і жыў сваім “напружаным і сканцэнтраваным жыццём” рэзкага, праўдзівага, парадаксальнага і такога неабходнага нашаму ўва многім інфантыльнаму культурніцкаму дыскурсу крытыка.

Аўтар публікацыі: Васіль Дранько-Майсюк.

Крыніца: Звязда

Навіны

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

8 Май 2024

З 8 мая па 18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва”, прысвечаная 70-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЕСКА.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам