ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Віртуальная метадычная кансультацыя “Рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»: арганізацыя і правядзенне”
Са святам, абаронцы!

Заварожаны Купалам

Заварожаны Купалам
Іншыя навіны

Творы Янкі Купалы перакладзены на многія мовы свету. Цікавасць да спадчыны беларускага песняра не згасае не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. У выдавецтве “Мастацкая літаратура” рыхтуецца да друку зборнік Янкі Купалы “Санеты на мовах свету”, куды ўвойдзе цыкл яго вершаў, пераствораных на чувашскай, чачэнскай, татарскай і іншых мовах. Па-руску санеты перастварыў паэт Максім Замшаў. Падчас XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ён прэзентаваў свае пераклады і распавёў, што натхніла на працу.

Пра наканаванне:

– Я жыву ў Маскве на Кутузаўскім праспекце, які пераходзіць у мінскае шасэ, а ў скверыку насупраць майго дома ўсталявалі помнік Янку Купалу. І калі паступіла прапанова пераасэнсаваць санеты Купалы, не змог адмовіцца. У інтэлектуалаў Расіі вялікі інтарэс да твораў культавых паэтаў сяброўскіх краін. Хаця на першы погляд і не ўсім зрузумела, нашто спатрэбілася перакладаць вершы Купалы на рускую мову, бо расійскі чытач і па-беларуску прачытае і зразумее, але ўва мне прачнуўся азарт даследчыка, а таксама сімпатыя да беларускіх аўтараў.

Пра асаблівасці перастварэння:

– Праца была складаная: і падрадкоўнік, і тэкст арыгінала… Мне найбольш блізкая сілаба-танічная паэзія, якая амаль ва ўсім свеце скончылася (засталося ўсяго некалькі краін, дзе яна ёсць…). Англійская, французская, частка славянскай паэзіі – там адэкватны пераклад немагчымы, трэба ўжываць дысанансныя рыфмы... Санеты – адзін з найбольш кампазіцыйна складаных жанраў пры складанай вобразнай пабудове (чым найперш для мяне і цікавыя). Гэта класічная літаратура з налётам сярэбранага стагоддзя. Паэтычны пераклад – вельмі няпростая справа. Бывае, ад арыгінальнага тэксту нічога не застаецца. Калі ж перакладчык вельмі дакладна ідзе за тэкстам, то пераствораны тэкст страчвае прывабнасць. А ў выпадку, калі перакладчык паэт, перад ім задача – прыбраць з перакладу ўласныя паэтычныя асаблівасці. Складанасць у перакладзе Купалы яшчэ і ў тым, што ў яго тэкстах небагата рыфмаў: бывае, на санет іх усяго дзве, і гэта пазбаўляе магчымасці зрабіць манеўр.

Пра адчуванне песняра:

– Працуючы над тэкстамі санетаў, я зразумеў, што Купала – вельмі беларускі паэт. За кожным радком адчуваецца зямля, гэтыя палі, беларуская прырода, гарачыя пачуцці Купалы да роднай зямлі. Відаць, што паэт вельмі сумаваў па Беларусі. Я імкнуўся ператварыцца ў самога Купалу, думаць яго галавой і пісаць яго рукой – перакладчык мусіць як мага менш пакінуць у тэксце сябе.

Пра храналогію:

– Перакладаў санеты ў тым парадку, у якім яны былі напісаныя. І ў гэтым ёсць нейкая цэльнасць, – так пераствараць лягчэй, бо можна адчуць рухі душы самога Купалы. Я не прыхільнік падзелу творчасці на цыклы, мне здаецца, што храналогія нашмат цікавейшая для даследчыка.

Пра вызначальныя элементы ў паэзіі:

– Рытм для Купалы вельмі важны. А тут, акрамя слоў, трэба перакладаць таямніцу руху рытму і рыфмаў. З беларускай мовы таму і цікава перакладаць, калі ты бачыш усе літаркі – як усё пабудавана…

Пра таямніцу паэзіі:

– Музыкі даносяць сэнс музыкі пры дапамозе нот. Ноты – гэта нешта выключнае, рамантычнае… Мастакі карыстаюцца фарбамі, – тое самае. А паэты карыстаюцца тымі ж словамі, што і ўсе. Калі паэзія будзе зроблена з прыгожых слоў, гэта будзе як гарох у пустым рондалі… Тайна ў тым, што абсалютна тыя ж словы ставяцца ў нейкім асаблівым парадку, з асаблівым рытмам і рыфмай, і ўзнікае вельмі моцная рэакцыя на гэта… Купала – геніяльны паэт, гэта заварожвае...

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Звязда

Чытайце таксама:


Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам