ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Пінгвіняня
Новая экскурсія з цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”

Летапісец эпохі

Летапісец эпохі
Іншыя навіны

30 студзеня спаўняецца 100 гадоў народнаму пісьменніку Беларусі, драматургу, публіцысту, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, Герою Сацыялістычнай Працы Івану Пятровічу Шамякіну.

I хай сабе –
з нагоды,
без нагоды,
я паўтару,
хоць колькі пройдзе год:
калі пясняр такі ёсць у народа,
то за яго
паклон табе,
народ!..
Генадзь Пашкоў

Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер аграгарадок Добрушскага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і лесніка. Ужо падчас вучобы ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў захапіўся літаратурай, пачаў пісаць вершы і стаў актыўным сябрам літаратурнага аб’яднання газеты “Гомельская праўда”. У ёй былі апублікаваны яго першыя паэтычныя творы.

Пасля заканчэння тэхнікума (1940) юнак атрымаў накіраванне на працу ў Беласток, аднак прапрацаваў нядоўга, бо неўзабаве быў прызваны ў войска. Служба праходзіла пад Мурманскам, дзе яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Іван Шамякін прайшоў яе ад першага дня да салюту Перамогі. Ён удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы. Скончыў вайну на Одэры ў афіцэрскім званні.

Пасля дэмабілізацыі (1945) малады пісьменнік вярнуўся ў родны край. Быў настаўнікам у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна (цяпер Гомельскі раён), вечарамі ў калгасе праводзіў семінары агітатараў, начамі пры святле газавай лямпы працаваў над сваімі творамі. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П. Чкалава. У 1950-м скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ(б)Б і неўзабаве пераехаў у Мінск.

У літаратуру І.П. Шамякін прыйшоў як аўтар твораў аб Вялікай Айчыннай вайне. Яшчэ падчас яго знаходжання ў дзеючай арміі было апублікавана апавяданне “У снежнай пустыні” (1944) пра баі з фашыстамі на Поўначы. Асэнсаванне вайны як нацыянальнай трагедыі знайшло ўвасабленне ў яго першым рамане “Глыбокая плынь” (1947–1948). Самым маштабным творам гэтай тэматыкі ў беларускай літаратуры стала пенталогія “Трывожнае шчасце” (1957–1965), дзе лёсы герояў звязаны з лёсам цэлага пакалення, якое прайшло праз нягоды вайны. У апавяданнях “Шлюбная ноч” (1975), “Гандлярка і паэт” (1976), рамане “Зеніт” (1987) І.П. Шамякін паказвае, чым стала вайна для жанчын, якія выпрабаванні выпалі на іх долю.

Shamyakin_3.jpg

На працягу многіх дзесяцігоддзяў, пачынаючы з раманаў “У добры час” (1953) і “Крыніцы” (1956), пісьменнік уздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, якія хвалююць сучаснае грамадства. У іх гарманічна спалучаюцца дынамічнае развіццё сюжэта, філасофскі аналіз жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека. Раманы “Сэрца на далоні” (1963), “Снежныя зімы” (1968), “Атланты і карыятыды” (1974), “Вазьму твой боль” (1978) і іншыя творы І.П. Шамякіна ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Падзеі 1990-х гадоў выклікалі ў яго трывожныя пачуцці, што знайшло адлюстраванне ў апавяданнях “Ахвяры” (1990), “Падзенне” і “Сатанінскі тур” (1995), “Палеская мадонна” (1998), рамане “Злая зорка” (1991) і інш. У 1999 годзе была апублікавана аповесць “Слаўся, Марыя!”, прысвечаная жонцы пісьменніка.

Іван Пятровіч Шамякін – аўтар п’ес, якія адрозніваюцца шырокім падзейна-тэматычным дыяпазонам. Сярод іх “Не верце цішыні” (пастаўлена ў 1958 г.), “Экзамен на восень” (пастаўлена ў 1974 г.), “Залаты медаль” (пастаўлена ў 1980 г.) і інш. Літаратурна-крытычныя артыкулы, выступленні, успаміны, партрэты знаёмых і сваякоў апублікаваны ў кнігах “Размова з чытачом” (1973), “Карэнні і галіны” (1986), дзённікавых запісах “Начныя ўспаміны” (2002) і інш.

Літаратурная дзейнасць пісьменніка атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Па яго творах зняты кінафільмы, пастаўлены спектаклі; раманы і аповесці перакладзены на розныя мовы свету.

За вялікі ўклад у развіццё літаратуры Івану Пятровічу Шамякіну прысвоена высокае званне народнага пісьменніка Беларусі (1972). Ён двойчы ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1968, 1982), узнагароджаны зоркай Героя Сацыялістычнай Працы (1981), ордэнамі і медалямі. У 1994 годзе стаў акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Адначасова з творчай дзейнасцю Іван Пятровіч кіраваў выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, выконваў вялікую грамадскую працу: на працягу многіх гадоў займаў ключавыя пасады ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, у 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на ХVIII сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з 1971 па 1985 год узначальваў Вярхоўны Савет БССР.

Shamyakin_2.jpg

Творчая спадчына І.П. Шамякіна высока ацэнена чытачамі і крытыкай. У 2010–2014 гадах быў выдадзены навукова каментаваны Збор твораў у 23 тамах. Пра таленавітага пісьменніка зняты дакументальныя фільмы “Пакуль ёсць сіла” і “Імгненні жыцця”. У 2006 годзе Мазырскаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту прысвоена імя І.П. Шамякіна. Для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ прызначана стыпендыя імя Івана Шамякіна. У Мінску ў гонар пісьменніка названа вуліца, на фасадзе дома, у якім ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка. На радзіме, у аграгарадку Карма, яму пастаўлены помнік (скульптар Д. Папоў).

Звесткі пра І.П. Шамякіна і яго творы можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам