ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Чацвёртыя Мяндзінскія чытанні
“Мы – жанчыны, нам ёсць аб чым сказаць”: у бібліятэцы створана пярвічная арганізацыя Беларускага саюза жанчын

Да 100-годдзя з дня нараджэння Людмілы Міхайлаўны Бабковай

Да 100-годдзя з дня нараджэння Людмілы Міхайлаўны Бабковай
Іншыя навіны

Людміла Міхайлаўна нарадзілася ў 1923 годзе ў Мінску ў сям’і служачага.

Страшным ураганам уварвалася ў жыццё выпускніцы сталічнай школы № 4 Вялікая Айчынная вайна. Людміла з бацькамі эвакуіравалася з родных месцаў у г. Казань, дзе паступіла ў авіяцыйны тэхнікум вучыцца на тэхнолага. Суровы ваенны час вымусіў дзяўчыну сумяшчаць вучобу з цяжкай, нежаночай працай токарам на заводзе. Пасля заканчэння СУЗа ў 1943 годзе яна змагла перайсці на пасаду канструктара.

Праз тры гады сям’я вярнулася ў Мінск і Людміла была прынята ў якасці сакратара ў Дзяржаўны планавы камітэт Савета Міністраў БССР, дзе працавала на працягу двух гадоў.

З 1949 па 1955 год Л.М. Бабкова прайшла навучанне ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў (цяпер – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт) па спецыяльнасці “англійская мова” і атрымала кваліфікацыю настаўніка англійскай мовы сярэдняй школы.

У Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) лёс прывёў Людмілу Міхайлаўну ў канцы 1955 года. Пачаўшы прафесійны шлях з пасады бібліятэкара, яна карпатліва працавала з каталогамі і картатэкамі, выконвала бібліяграфічныя даведкі рознай складанасці.


Людміла Міхайлаўна крайняя справа ў верхнім шэрагу, чэрвень 1959 г.

У красавіку 1958 года Л.М. Бабкова скончыла пры бібліятэцы аднагадовыя бібліятэчныя курсы, а з чэрвеня перайшла працаваць у аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі, які стаў у далейшым яе другім домам. “Беларускі аддзел” (як яго ўсе скарочана называлі) быў найстарэйшым аддзелам, які функцыянаваў з самага адкрыцця кніжнай скарбніцы ў 1922 годзе і першапачаткова задумваўся як цэнтр ведаў пра мінулае і сучаснасць Беларусі.

Развіццё сістэмы каталогаў і картатэк у аддзеле заўсёды было адной з прыярытэтных задач, паколькі сістэма фармавалася на працягу не аднаго дзесяцігоддзя і яе мэтазгоднасць была праверана часам.

Людміла Міхайлаўна ўнесла вялікі ўклад у складанне і арганізацыю даведачна-бібліяграфічнага апарата аддзела. На пасадзе старшага бібліятэкара, пазней – старшага бібліёграфа вяла сістэматычны каталог і каталог аўтарэфератаў, аказвала метадычную дапамогу калегам краіны ў краязнаўчай рабоце, арганізоўвала выставы па профілі дзейнасці аддзела, выконвала вусныя і пісьмовыя даведкі па самых розных пытаннях, што тычыліся Беларусі.


Людміла Міхайлаўна крайняя справа на пярэднім плане

Л.М. Бабкова заўсёды магла знайсці індывідуальны падыход да кожнага чытача, а сярод іх, дарэчы, было шмат вядомых асоб з ліку пісьменнікаў, навукоўцаў, краязнаўцаў, лінгвістаў і інш.

Апроч іншага, Людміла Міхайлаўна была пачынальнікам падраздзела “Летапісу друку БССР” – “БССР у друку замежных сацыялістычных краін”, стала складальнікам бібліяграфічных паказальнікаў “Замежная літаратура ў перакладзе на беларускую мову, 1917–1963” (1965) і “Замежная літаратура на беларускай мове, 1964–1974” (1980), якія ўяўляюць сабой зводную бібліяграфію перакладаў замежных пісьменнікаў у Беларусі.

image001.jpg        image002.jpg

Аб значнасці яе работы сведчаць матэрыялы асабістай справы: “З прычыны таго, што бібліёграф Л.М. Бабкова ў кабінеце беларускай літаратуры і бібліяграфіі вядзе найбольш адказную частку каталогаў і картатэк, на асваенне якіх патрабуецца нямала часу, рашуча супярэчу супраць пераводу яе ў другі аддзел бібліятэкі, бо гэты перавод шкодна адаб’ецца на рабоце кабінета”, – пісаў у 1960 годзе на імя дырэктара загадчык структурнага падраздзялення Антон Адамавіч Сакольчык.

У сваёй прафесійнай дзейнасці Людміла Міхайлаўна паспяхова выкарыстоўвала лінгвістычныя веды, атрыманыя падчас вучобы ў інстытуце, а таксама на пройдзеных у 1975 годзе курсах польскай мовы.

Кампетэнцыі спецыяліста высокага ўзроўню далі ёй магчымасць у кастрычніку 1979 года стаць на чале сектара арганізацыі даведачна-бібліяграфічнага апарата.


1980 год, Людміла Міхайлаўна сядзіць крайняя злева

У 1984 годзе яна выступіла ў ролі аднаго са складальнікаў біябібліяграфічнага паказальніка “Янка Купала”, выдадзенага да 100-годдзя пісьменніка.

image003.jpg

Прымала актыўны ўдзел Людміла Міхайлаўна і ў грамадскай рабоце, з’яўляючыся членам рэдкалегіі насценнай газеты і сакратаром страхавой камісіі мясцовага камітэта прафсаюзнай арганізацыі.

Яе заслугі былі адзначаны шэрагам узнагарод: ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры (1967, 1973), Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры (1968), Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры (1972).


Людміла Міхайлаўна (справа) з Аленай Іванаўнай Касінскай, красавік 1980 г.

У чэрвені 1983 года Л.М. Бабкова пайшла на заслужаны адпачынак.

Асабістая справа захоўвае цікавы дакумент, які тычыцца выхаду Людмілы Міхайлаўны на пенсію. На яе заяве аб звальненні загадчыца аддзела Рыма Міхайлаўна Чыгірова напісала сваё рашучае пярэчанне з гэтай нагоды, падкрэсліўшы значнасць гэтага супрацоўніка для працы “нацыянальнага аддзела”, для развіцця беларусазнаўства і бібліяграфіі краіны.

Час няўмольна рухаецца наперад… Але памяць пра людзей, якія фарміравалі і развівалі бібліятэчную галіну краіны, адраджалі галоўную бібліятэку ў цяжкія пасляваенныя дзесяцігоддзі, назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Яўгенія Вячаславаўна Галіеўская так успамінае Людмілу Міхайлаўну: “Прыемны і ўважлівы чалавек, яна ніколі не павышала голасу, з усімі ў калектыве ладзіла, многія бралі з яе прыклад. Яна мела вялікі аўтарытэт у аддзеле, сярод супрацоўнікаў і чытачоў бібліятэкі”.

Скончыўся жыццёвы шлях Людмілы Міхайлаўна ў 2000 годзе.

Матэрыял падрыхтаваны Ірынай Кукетай, галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: Гісторыя бібліятэкі ў асобах”.
Навіны

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой

20 Май 2024

Зоя Антонаўна нарадзілася ў г. Нова-Барысаў Мінскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі эвакуіравалася ў сяло Аторма Зяметчынскага раёна Пензенскай вобласці.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам