ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Віншуем з юбілеем Наталлю Аляксандраўну Гусеву!
Беларусь памятае

Да 85-годдзя з дня нараджэння Зоі Міхайлаўны Даўгяла

Да 85-годдзя з дня нараджэння Зоі Міхайлаўны Даўгяла
Іншыя навіны

Зоя Міхайлаўна нарадзілася ў Мінску ў сям’і служачых. На дашкольнае дзяцінства дзяўчынкі выпаў страшны, суровы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі яна з бацькамі знаходзілася на акупаванай тэрыторыі.

З першым пасляваенным дзесяцігоддзем у біяграфіі Зоі звязаны цікавы факт. Яе бацька, Міхаіл Даўгяла, быў вядомым беларускім мастаком, членам Саюза мастакоў БССР. Дзякуючы яго цеснай дружбе з другім майстрам жывапісу, Валянцінам Волкавым, Зоя стала правобразам маленькай дзяўчынкі на яго знакамітым палатне “Мінск. 3-га ліпеня 1944 года”. Над ім майстар працаваў некалькі гадоў і ўсіх персанажаў пісаў выключна з натуры, таму ўсе героі карціны – рэальныя людзі: суседзі, сваякі, салдаты з Уручанскай дывізіі і інш. Зоя Міхайлаўна праз гады не раз успамінала, як пасля школы з задавальненнем бегала пазіраваць у майстэрню мастака.

2-Volkau.jpg
В. Волкаў “Мінск. 3-га ліпеня 1944 года”

З прафесійным прызваннем Зоя вызначылася адразу пасля школы: скончыўшы ў 1955 годзе 10 класаў, паступіла ў Мінскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна (цяпер – Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў), а па яго заканчэнні – на бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Яшчэ будучы студэнткай чацвёртага курса, Зоя паспяхова сумяшчала вучобу з работай у бібліятэцы інстытута.

У жніўні 1961 года, атрымаўшы дыплом бібліятэкара і бібліёграфа вышэйшай кваліфікацыі, Зоя Міхайлаўна была прынята на пасаду бібліятэкара ў аддзел мастацтва Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Dauhiala-3.jpg
На працоўным месцы, 1962 г.

Ад бацькі Міхаіла Даўгяла дачцэ перадалася любоў да прыгожага: прысвяціўшы амаль увесь свой працоўны шлях аддзелу мастацтва, услед за бацькам яна ўнесла ўклад у развіццё беларускага мастацтва, шмат увагі і сіл надаючы яго папулярызацыі ў бібліятэчным асяроддзі.

Dauhiala-4.jpg
Зоя Міхайлаўна крайняя справа ў ніжнім шэрагу

Праз год Зоя Міхайлаўна была пераведзена на пасаду старшага бібліятэкара. Працуючы ў сектары выяўленчага мастацтва, тэатра і кіно, заўсёды аператыўна, добразычліва, з індывідуальным падыходам да кожнага чытача займалася бібліятэчным абслугоўваннем і даведачна-бібліяграфічнай працай.

Dauhiala-5.jpg
Зоя Міхайлаўна ў цэнтры

З матэрыялаў асабістай справы: “Асабліва вялікая заслуга тав. Даўгяла З.М. у стварэнні даведачнага апарата па беларускім выяўленчым мастацтве: распрацавана схема картатэкі «Беларускае мастацтва», старанна вядуцца роспісы альбомаў, перыёдыкі і г.д. Створаная картатэка ўнікальная”.

Dauhiala-6.jpg
Канферэнцыя, сакавік 1972 г. Зоя Міхайлаўна на пярэднім плане

У жніўні 1980 года Зоя Міхайлаўна ўзначаліла працу свайго сектара. Дасведчаны, уважлівы і мудры кіраўнік, яна ўмела наладжвала кантакты са спецыялістамі і творчымі арганізацыямі, шмат увагі надавала пытанню забеспячэння аператыўнасці абслугоўвання карыстальнікаў, якаснай арганізацыі фондаў і каталогаў.

Dauhiala-7.jpg

“Выхадзец з сям’і мастака, далучана да прыгожага з ранніх гадоў. Добра ведае гісторыю беларускага мастацтва і яго сучасны стан, таму спецыялізуецца на прапагандзе беларускага выяўленчага мастацтва. Збірае нацыянальны фонд у аддзеле, вядзе картатэку «Беларускае мастацтва», штогод складае анатаваны рэкамендацыйны паказальнік «Літаратура і мастацтва БССР», прапагандуючы лепшыя кнігі года па ўсіх відах мастацтва”,  – сведчыць атэстацыйная характарыстыка З.М. Даўгяла.

Dauhiala-8.jpg
1970-я гг.

Зоя Міхайлаўна – адна са складальнікаў зборніка метадычных рэкамендацый і бібліяграфічных матэрыялаў “Гордасць і слава беларускай літаратуры” (1981), выпушчанага да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, укладальнік бібліяграфічнага паказальніка “Вялікая Айчынная вайна ў творчасці беларускіх мастакоў: жывапіс, графіка” (1989).

Dauhiala-9.jpg
“Восеньскія сустрэчы” ветэранаў бібліятэкі, пачатак 2000-х гг.

У 1994 годзе яна сышла з кіруючай пасады і яшчэ на працягу трох гадоў працавала ў аддзеле.

Прафесіяналізм Зоі Міхайлаўны і яе асабісты ўклад у развіццё Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэчнай галіны ў цэлым быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР, шэрагам заахвочванняў, а таксама медалём “Ветэран працы”.

Dauhiala-10.jpg
Сустрэча ветэранаў бібліятэкі. Зоя Міхайлаўна крайняя злева ў першым шэрагу, 2017 г.

У 2022 годзе З.М. Даўгяла скончыла свой жыццёвы шлях.

Матэрыял падрыхтаваны Ірынай Кукета, галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой

20 Май 2024

Зоя Антонаўна нарадзілася ў г. Нова-Барысаў Мінскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі эвакуіравалася ў сяло Аторма Зяметчынскага раёна Пензенскай вобласці.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам