ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Гэты феномен – “Песняры”
Адкрыты доступ да электронных рэсурсаў выдавецтва Elsevier па змяненні клімату

Партрэты: бібліёграф і даследчык літаратуры Дзмітрый Давідоўскі

Партрэты: бібліёграф і даследчык літаратуры  Дзмітрый Давідоўскі
Іншыя навіны

Нацыянальная бібліятэка – гэта месца, дзе цікавасць прадстаўляюць не толькі часопісы і газеты, кнігі і гравюры, вінілавыя кружэлкі і відэа/аўдыядыскі, не толькі выстаўкі, экскурсіі, прэзентацыі кніг і іншыя мерапрыемствы, але і ўнікальныя асобы, якія тут працуюць.

Пра нашых бібліятэкараў і бібліёграфаў ведаюць зусім не шмат, але настаў час выправіць гэта. У новым цыкле партрэтных замалёвак мы будзем знаёміць вас з нашымі супрацоўнікамі, з якімі вы сустракаецеся ў сценах бібліятэкі.

Вось ужо амаль 40 год наведвальнікаў залы беларускай літаратуры вітае Дзмітрый Мікалаевіч Давідоўскі. Акрамя бібліятэчнай працы, ён займаецца даследаваннямі беларускай літаратуры і культуры. На яго рахунку – не толькі літаратуразнаўчыя публікацыі, але і сумесная з Рыгорам Барадуліным праца над выданнем збораў твораў Уладзіміра Дубоўкі.

Бібліятэка ўчора і сёння

Я прыйшоў працаваць у Нацыянальную бібліятэку, тады яшчэ “Ленінку”, у 1980 годзе па размеркаванні. Адразу трапіў у сховішча беларускага аддзела. У параўнанні з цяперашнімі ўмовамі ў будынку на Чырвонаармейскай было не так камфортна. Фонд у нас быў на два мільёны адзінак: часопісы, газеты, кнігі з дарэвалюцыйных да сучасных дзён.

З таго часу змянілася, канешне, шмат. У сховішчы святло… Што яно было, што не было – усё аднолькава. Зрок псавалі. Тым не менш чытачоў пастаянна было багата. Зараз праблем са святлом нават у сховішчы няма. Аб такіх умовах, якія ёсць цяпер, мы і не марылі. Людзі прыходзяць у бібліятэку і могуць адкрыць любую базу даных, паглядзець дысертацыі з усяго свету. У даведачным аддзеле раней была толькі расійская база. А сёння чалавек прыходзіць і адкрывае Кембрыдж, Оксфард – усё, што заўгодна. Цяпер для даследчыкаў магчымасцей вельмі многа. Раней гэтага не было.

Да нас прыходзілі такія мэтры!

Многія пісьменнікі – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Арсень Ліс, Міхась Мушынскі – не пакідалі нашай беларускай залы. Было вельмі цікава працаваць. Гісторыкі Віталь Скалабан і Уладзімір Міхнюк, літаратуразнавец Пятро Васючэнка і многія іншыя даследчыкі таксама былі нашымі чытачамі. І цяпер большая частка супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва – таксама наша кліентура.

Сюды дагэтуль прыходзяць пісьменнікі Кастусь Цвірка, Уладзімір Ліпскі, гісторыкі Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч і іншыя. Яны засталіся вернымі нашай зале. Некаторыя з іх у гэтым будынку былі прыпісаны да навуковай залы, але ўсё роўна працуюць у нашай, беларускай.

Пра Барадуліна і маладых пісьменнікаў

У 1994 годзе я зусім выпадкова пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным, калі прыйшоў на дзень нараджэння сябра нашай сям’і. Пасля нашай першай сустрэчы Рыгор Іванавіч даручыў мне працу над складаннем збору твораў Уладзіміра Дубоўкі ў чатырох тамах. Выданне так і не выйшла, і ён карыў сябе за гэта, хоць то была не яго віна.

Барадулін для мяне – хросны бацька ў літаратуразнаўстве. Рыгор Іванавіч быў сапраўдным інтэлігентам. Калі пачалася мая праца над выданнем Дубоўкі, ён адразу сказаў: без архіва вы не абыдзецеся. Паэт размаўляў са мной так, быццам гэта мне належалі ўсе яго званні і ўзнагароды. Нават заўвагу ён рабіў вельмі далікатна, мякка, каб толькі не пакрыўдзіць суразмоўцу. Такі быў стыль яго зносін.

Шмат людзей, якія дзякуючы яму ўвайшлі ў літаратуру ці засталіся ў ёй, пакінулі след у гісторыі. Рыгор Іванавіч для многіх стаў хросным бацькам, не толькі для мяне. Я вельмі ўдзячны яму за гэта, бо такіх людзей, як ён, вельмі мала. Пасля яго зыходу з выдавецтва “Мастацкая літаратура” той калектыў амаль распаўся.

Калі б мяне спыталі, ці ёсць у нас цяпер аўтары і літаратуразнаўцы такога ўзроўню, яшчэ пару гадоў таму я б сказаў, што няма. Але сёння пачалі з’яўляцца маладыя таленавітыя пісьменнікі, празаікі, іх папулярызуе часопіс “Маладосць”. Там праводзяць конкурсы, тое, што рабілі ў Беларусі ў 1920-я гады. Такім чынам даюць раскрыцца людзям як творчым асобам, няхай сабе прэміяй ёсць толькі падпіска на часопіс. І вось сёння “Маладосць” дэманструе маладых таленавітых перакладчыкаў, паэтаў, пісьменнікаў. Заменяць яны таго ж Быкава ці Барадуліна – пакажа час. Але яны, безумоўна, таленавітыя.

Бібліятэкары павінны знаходзіць інфармацыю нават у той крыніцы, у якой, на першы погляд, нічога няма

Моладзь цяпер вяртаецца ў бібліятэкі і да кнігі, паціху павялічваецца колькасць наведвальнікаў. Маладыя людзі больш надаюць увагі інтэрнэту, сацыяльным сеткам, але і яны пачынаюць разумець, што ўсяго ў сеціве не знойдзеш. Гэты інтэрнэтаўскі бум паціху сыходзіць. Каб знайсці алічбаваную дарэвалюцыйную кніжку, трэба згубіць вельмі шмат часу. А сюды прыйдзеш, хвілін дваццаць пачакаеш – і ты яе атрымаў.

Калі мяне пусціць у сховішча, я знайду тое, што і не шукаў, бо звычка цікавіцца, саваць усюды нос са мной усё жыццё. Я дваццаць шэсць гадоў працаваў у сховішчы, дагэтуль добра памятаю ўвесь фонд.

Для мяне праца ў бібліятэцы і навуковая дзейнасць вельмі ўзаемазвязаны. Трапіўшы ўпершыню ў кнігасховішча, я пабачыў часопісы “Маладняк” і “Узвышша”. Яны стаяць тут, у нас, у падсобным фондзе ў поўным аб’ёме. Таксама, як і даваенныя, дарэвалюцыйныя газеты з вельмі цікавай інфармацыяй, якую нідзе не знойдзеш, ні ў якім інтэрнэце. Ці тыя ж памятныя кніжкі па губернях. Фонд нашай беларускай залы быў вельмі багаты, насычаны, што падштурхоўвала да доследу, да творчасці. А сёння і зусім добра: прыйшоў у бібліятэку, побач праз пераход – Нацыянальны архіў. Усё пад рукамі.

І даследчыцкія інтарэсы дапамагаюць у прафесіі. Без паглыбленага падыходу мы не зможам абслугоўваць чытача якасна. Калі казаць пра свой навуковы інтарэс, то часта нейкія рэчы знаходзяцца падчас бібліятэчнай працы выпадкова.

Даследую творчы лёс нашага вядомага мастака Юдэля Пэна

Мая маці вучылася ў адным класе з унучатай пляменніцай Юдэля Пэна Ганнай Герштэйн. Тая аднойчы патэлефанавала нам і сказала пра дакументальны фільм з серыі “Обратный отсчет”, прысвечаны Пэну. Фільм у мяне выклікаў больш пытанняў, чым адказаў. І мне захацелася ўсё гэта даследаваць. У Нацыянальным архіве знайшоў унікальныя дакументы, якія амаль ніхто да мяне не браў у рукі.

Дзякуючы даследаванням цяпер у мяне пра Пэна набрана каля трохсот старонак. Рыхтуецца кніга. З гэтых старонак трохі менш за палову – дакументы з Нацыянальнага архіва. Пачынаючы, лічыў, што пра яго нічога няма… Часам вяртаешся да дакументаў, якія глядзеў ужо разы тры, і бачыш, што нешта прапусціў. Калі веды назапашаны, зусім па-іншаму працуе галава.

Планаў у мяне шмат. Зараз я ўдзельнічаю ў праекце, прысвечаным 100-годдзю “Маладняка”. Трэба працягваць доследы, бо паўтараць ужо напісаную інфармацыю – гэта не сумленна. У пошуках новага ўдакладнілі сапраўдны год нараджэння Уладзіміра Дубоўкі: з 1900-га на 1901-шы. Напэўна, год нараджэння бацькі змянілі для таго, каб ён мог пайсці ў школу ў 5 гадоў, а тады прымалі ў 6. Ён быў рослым, развітым, умеў чытаць, і гэта было зроблена, каб яго прынялі ў першы клас.

Дзед таксама працаваў бібліятэкарам, сабраў багатую калекцыю кніг, ратаваў людзей і рукі меў залатыя

5.jpg Мае бацькі не былі гуманітарыямі. Маці, Ірына Антонаўна Галубовіч, прысвяціла сябе медыцыне, прайшла ўсю вайну і сустрэла Перамогу старшай аперацыйнай медсястрой. У мірны час стала хірургам-анколагам. Бацька, Мікалай Афанасьевіч Давідоўскі, выкладаў вышэйшую матэматыку ў Інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер – БДАТУ). А вось мой дзед, Антон Людвігавіч Галубовіч, стаў бібліятэкарам у цяжкія пасляваенныя гады. Даведаўся я пра гэта, ужо як прыйшоў на працу ў бібліятэку. Мне хацелася працаваць з кнігай, вывучаць новае дзякуючы ёй. Дзе гэта лягчэй рабіць? Тут, у бібліятэцы.

Бібліятэчнай калекцыі, якую збіраў мой дзед, я ўжо і не бачыў, яна была згублена. Я даведаўся пра яе ад маці. Гэта была калекцыя кніг выдавецтва Бракгаўза і Эфрона, знакаміты энцыклапедычны слоўнік, поўныя зборы твораў Пушкіна, Тургенева, Лермантава і інш. Недзе каля пяцісот выданняў. Акрамя рускамоўных кніг, былі і польскамоўныя. Мая маці яшчэ дзяўчынкай дома размаўляла па-польску, на вуліцы са сваімі сябрамі – па-беларуску.

Дзед працаваў галоўным інжынерам спіртзавода ў Мінску, вайна застала яго ў Беластоку, у службовай камандзіроўцы. Падчас вайны ён дапамагаў зброяй партызанам і падпольшчыкам, а таксама медыкаментамі, бінтамі. Выратоўваў людзей ад аблаў ці то ў цыстэрнах з-пад спірту, ці то ў бульбасховішчы. Цікавы лёс.

Нават па сённяшні дзень у музеі Якуба Коласа ёсць мэбля, якую рабіў мой дзед. Бо ў цяжкія часы ён перабіваўся часовымі заробкамі. Рукі ў яго былі залатыя, ён мог усё зрабіць.

Бацькі Давідоўскага.jpg
Бацькі Дзмітрыя Давідоўскага

У мяне была вельмі добрая настаўніца

Ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Васілеўскай Сафіі Аляксандраўны мы ведалі ў 1970-я гады, што адбывалася ў літаратуры міжваеннага перыяду. Яна нам раіла прачытаць Уладзіміра Дубоўку, Тодара Кляшторнага, усіх нашых таленавітых маладых літаратараў. Настаўніцу мы слухалі так, што на яе ўроках было чутно, як ляціць камар.

Што яшчэ мяне ўразіла: на выпускным балі яна падышла да маёй маці і сказала: “Вось папомніце маё слова, ён будзе пісаць”. І гэта ў 1976 годзе! Так усё і спраўдзілася.

Запісала Яна Паляшчук.

Дзмітрый Мікалаевіч Давідоўскі нарадзіўся 2 лютага 1958 г. у Мінску. У 1980 г. скончыў Мінскі інстытут культуры (цяпер – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) і пачаў працаваць у аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Сёння працуе вядучым бібліятэкарам аддзела абслугоўвання спецыялізаванымі дакументамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аўтар шматлікіх артыкулаў на літаратуразнаўчыя тэмы, а таксама кароткага жыццяпісу Уладзіміра Дубоўкі і каментарыяў да яго Збору твораў ў 2 т. (Мінск: Лімарыус, 2017). Жанаты, мае дачку і сына.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам