ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Літаратуратэрапія ў час паляндры
Прыказкі і прымаўкі навуковай мовай

30 сакавіка 1945 года. 40 дзён да Перамогі

30 сакавіка 1945 года. 40 дзён да Перамогі
Іншыя Навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Узяцце Данцыга (Гданьска) і лісты-падзякі з Польскай рэспублікі. Падрыхтоўка тарфянікаў да сезону. Папаўненне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дыспут у чытальнай зале бібліятэкі Дома партыйнай асветы. Газеты: “Звязда” (№№ 58, 59), “Советская Белоруссия” (№№ 57, 58, 60), “Совецкая радзіма” (№ 49).

У гэты дзень 75 гадоў таму “войскі 2-га Беларускага фронту вызвалілі горад і ваенна-марскую базу Данцыг (Гданьск)” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 388). Аб узяцці гэтага архіважнага пункта абароны немцаў паведамляецца ў газетах, якія выйшлі 31 сакавіка (“Звязда”, № 59; “Советская Белоруссия”, № 58): над горадам “узняўся нацыянальны сцяг Польскай дзяржавы”, “узялі ў палон 10 000 нямецкіх салдат і афіцэраў”, захапілі трафеі, сярод якіх 84 самалёты, 140 танкаў і самаходных гармат, 306 паравозаў і 6 675 чыгуначных вагонаў, 45 падводных лодак і 151 судна рознага танажу, 214 складоў з узбраеннем і боепрыпасамі, харчаваннем. Мяркуючы па трафеях – “праціўнік падрыхтаваў горад да доўгай абароны”, прычым палонныя паведамілі пра загад Гітлера “абараняць Данцыг да апошняга салдата”, іх тут сапраўды загінула нямала – 39 000.

Узяцце Гдыні і Гданьска савецкімі войскамі было з удзячнасцю ўспрынята ў Польшчы – у газеце “Советская Белоруссия” (№ 60, с. 1) апублікавана тэлеграма прэзідэнта Краёвай рады нарадовай і кіраўніка Часовага ўрада Польскай рэспублікі маршалу СССР І. Сталіну, дзе ёсць такія радкі: “Увесь польскі народ горача вітае Чырвоную армію, якая вызваліла вусце Віслы і польскія парты Гданьск і Гдыню. Польскі народ ніколі не забудзе, што Чырвоная армія пад Вашым кіраўніцтвам вызваліла для Польшчы шырокі доступ да мора і дала магчымасць аб'яднаць старажытны польскі горад Гданьск з адроджанай Польшчай”. Тут жа размешчаны і ліст: “Салдаты 1-й арміі Польскага войска, пакланяючыся гераізму і ахвярнасці савецкіх салдат, шлюць Вам найглыбейшую падзяку”. У тэлеграме ў адказ кіраўнік СССР адзначыў: “Сардэчна дзякую Вам за прывітанне ў сувязі з вызваленнем Гдыні і Гданьска, найважнейшых польскіх партоў на Балтыцы. Савецкі Саюз выканаў свой доўг саюзніка Польшчы. Ён і надалей будзе яго выконваць наколькі мажліва”.

У БССР вырашаюцца чарговыя задачы аднаўлення народнай гаспадаркі. Перадавы артыкул газеты “Совецкая радзіма” (№ 49) прысвечаны торфаздабычы. Гэты важны від паліва і ўсе працы, звязаныя з ім, павінны быць штодня ў цэнтры ўвагі партыйных і савецкіх арганізацый – трэба памятаць, што даць паліва для прамысловасці – значыць узяць удзел у дапамозе фронту! Цалкам гатовы да сезону Асіповіцкі торфазавод “Новы мост”. Але далёка не на ўсіх прадпрыемствах праведзены падрыхтоўчыя працы, якія ўключаюць рамонт завадскога абсталявання, падрыхтоўку балот (выкарчоўванне лесу) і іншыя.

На 2-й старонцы газеты выкладзены задачы сельскай гаспадаркі Бабруйскай вобласці, а на 3-й і часткова 4-й – зварот перадавікоў сельскай гаспадаркі вобласці, у якім яны па пунктах выклалі свой план развіцця галіны і атрымання высокага ўраджаю, а таксама выклікалі на сацыялістычнае спаборніцтва калгасы Мінскай вобласці. На 4-й старонцы – заклік Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта да гараджан уключыцца ў дэкаду па ачыстцы горада (з 27 сакавіка па 5 красавіка 1945 г.).

20200323_163520.jpg

І – некаторыя навіны з гуманітарнай сферы. Работнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працягваюць папаўняць фонды экспанатамі, звязанымі з ваеннымі падзеямі. Нядаўна з вызваленых польскіх гарадоў дастаўлены прылады катаванняў, якія выкарыстоўваюцца ў гестапа, трафейная нямецкая форма салдат і афіцэраў, іх ордэны і медалі. Цікава тое, што ў 13 км ад Мінска музей узяў пад ахову поле з пакінутай пасля ліпеньскіх баёў 1944 г. нямецкай тэхнікай, куды да лета 1945 г. плануецца вазіць экскурсіі (“Советская Белоруссия”, № 57, с. 4).

Газета “Звязда” (№ 58, с. 4) у рубрыцы “Дзень Бабруйска” паведаміла, што ў чытальнай зале бібліятэкі Дома партыйнай асветы прайшоў літаратурна-мастацкі дыспут па аповесці К. Сіманава “Гордый человек”. (Пазнаёміцца з гэтай кнігай можна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – яна захоўваецца ў яе фондзе).

Яшчэ адна падзея – аб'ява дырэкцыі Мінскага педагагічнага інстытута: студэнты, якія ў 1941 г. здалі ўсе дзяржаўныя экзамены, могуць атрымаць дыпломы аб заканчэнні інстытута, а тыя выпускнікі 1941 г., якія здалі не ўсе дзяржэкзамены, – могуць іх здаць у перыяд работы дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі з 15 чэрвеня да 15 ліпеня 1945 г. Перапыненае на вайну жыццё – працягваецца...

А да Перамогі застаецца яшчэ 41 дзень...

Аўтар публікацыі: Л. Тупчыенка-Кадырава, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Віншуем з юбілеем Наталлю Паўлаўну Алейнікаву!

18 Вер 2024

Наталля Паўлаўна, прыміце ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з цудоўнай юбілейнай датай! Моцнага здароўя на доўгія гады, невычэрпнага жаночага шчасця, багацця, цяпла ў доме і гармоніі ў душы. Няхай усё складаецца ўдала і гарманічна, жыццё будзе напоўнена яркімі фарбамі і толькі добрым настроем! Хай блізкія акружаюць клопатам і любоўю, спраўджваюцца самыя смелыя і грандыёзныя мары.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Уладар дзіцячых мар

17 Вер 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Уладар дзіцячых мар”, прысвечаная 75-годдзю беларускага пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Якімовіча, праходзіць з 17 верасня па 20 кастрычніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Назаўжды разам!

17 Вер 2024

17 верасня 1939 года – найважнейшы дзень у гісторыі беларускага народа. Менавіта тады пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі, які дапамог працоўным Заходняй Беларусі зліцца з БССР. Ажыццявілася запаветная мара беларускага народа зноў стаць адзіным цэлым.

Выставачныя мультыпраекты

1–14 верасня 1944 года. На шляху да Вялікай Перамогі

16 Вер 2024

Працяг новага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. З канца ліпеня 2024-га па май 2025 г. на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”

Бібліятэкарам