ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2013 г.Першы дырэктар: вядомыя і невядомыя старонкі біяграфіі

Першы дырэктар: вядомыя і невядомыя старонкі біяграфіі

Імя Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага назаўсёды ўвайшло ў гісторыю бібліятэчнай справы ў Беларусі. Ён адзін з арганізатараў і першы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, бібліёграф, перакладчык, педагог. Нарадзіўся 24 красавіка 1892 г. ў Бабруйску ў сям’і рамесніка-смалавара. Скончыў Віленскую другую гімназію, вучыўся ў Францыі (Парыж, Сарбона, літаратурны факультэт, 1910–1911), закончыў Бёрнскі ўніверсітэт у Швейцарыі (літаратурнае аддзяленне філасофскага факультэта, 1911–1914). Першыя крокі ў бібліятэчнай галіне І.Б. Сіманоўскі зрабіў у 1917 г., калі працаваў у Маскве, у рэдакцыі энцыклапедыі Граната ў гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. У 1918 г. ён стаў загадчыкам бібліятэкі ў Бабруйску, а з 1921 г. узначаліў бібліятэку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая ў хуткім часе набыла статус дзяржаўнай. Амаль сорак гадоў Іосіф Бенцыянавіч быў дырэктарам галоўнай бібліятэкі краіны. На час яго працы выпала шмат няпростых перыядаў развіцця ўстановы: этап арганізацыі і станаўлення, узвядзенне першага спецыялізаванага будынка, ваеннае ліхалецце і аднаўленне страчаных фондаў. Усё жыццё, творчыя сілы былі аддадзены служэнню бібліятэчнай справе ў Беларусі.

Выстаўка створана на арыгінальных матэрыялах з асабістага архіва І.Б. Сіманоўскага, якія захоўваюцца ў фондзе бібліятэкі і дэманструюцца ўпершыню. Сярод іх – унікальныя службовыя дакументы 1921–1944 гг., рукапісы работ па бібліяграфіі і гісторыі бібліятэчнай справы ў Беларусі, пераклады вершаў, пісьмы і паштоўкі ад вядомых бібліятэчных дзеячаў, кнігі з дароўнымі надпісамі Іосіфу Бенцыянавічу, фатаграфіі розных гадоў і асабістыя рэчы. Асаблівую цікавасць выклікаюць экзэмпляры твораў Э. Верхарна з укладальніцкімі запісамі І.Б. Сіманоўскага і шматлікімі паметамі на палях алоўкам, якія ярка ілюструюць творчую лабараторыю перакладчыка.

Выказваем шчырыя словы падзякі за дапамогу ў стварэнні выстаўкі сыну Іосіфа Бенцыянавіча – Генрыху Іосіфавічу Сіманоўскаму.

   
     

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты